Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынаў паехаў у Брусэль


Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў 10 студзеня знаходзіцца зь візытам у Брусэлі.

Пра гэта БелаПАН паведаміў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных. Праграму і тэрміны візыту ён паведаміць адмовіўся. "Міністар працуе паводле свайго графіку працоўных сустрэч і кансультацый. Мы можам пацьвердзіць, што частка гэтых сустрэч пройдзе ў Брусэлі. Больш падрабязную інфармацыю распаўсюджваць ня будзем. Калі мы палічым неабходным праінфармаваць вас, мы праінфармуем", — заявіў прэсавы сакратар.

Пра тое, што Мартынаў мае наведаць на гэтым тыдні Брусэль, 7 студзеня Польскаму агенцтву друку (PAP) паведамілі ў офісе Вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан. Паводле яе слоў, плянуецца сустрэча беларускага міністра з Эштан.

Яшчэ раней дыпляматычныя крыніцы ў Брусэлі паведамлялі PAP, што візыт адбудзецца з ініцыятывы беларускага боку. Акрамя Эштан, Мартынаў нібыта хоча сустрэцца з эўракамісарам па пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва Штэфанам Фюле. Паводле інфармацыі крыніцы, Мартынаў і Фюле зьвязваліся на мінулым тыдні праз тэлефон. Прэс-сакратар Фюле Наташа Батлер пацьвердзіла, што эўракамісар "знаходзіцца ў рэгулярным кантакце зь беларускім бокам", аднак інфармацыю пра магчымую сустрэчу з Мартынавым камэнтаваць ня стала.

Нагадаем, 7 студзеня прадстаўнікі краін-сябраў ЭЗ пастанавілі пачаць падрыхтоўку рашэньня аб аднаўленьні візавых санкцый у дачыненьні да прадстаўнікоў беларускай дзяржавы. Зараз вызначаецца сьпіс асобаў, якіх могуць закрануць санкцыі. Магчыма, канчатковае рашэньне кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў краін-сябраў ЭЗ прымуць на пасяджэньні ў Брусэлі 31 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG