Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ пазбаўляюць цэнтральнай сядзібы


Сядзіба партыі БНФ, архіўнае фота

Сядзіба партыі БНФ, архіўнае фота

Прэсавая служба Партыі БНФ заклікае: "Абаронім выспу свабоды ў цэнтры Менску!"

Падчас навагодніх сьвятаў на Управу Партыі БНФ дастаўлены ліст са ЖРЭА Савецкага раёну Менска. У ім паведамляецца, што Партыя БНФ і ГА "БНФ Адраджэньне" павінны вызваліць памяшканьне па заканчэньні тэрміну арэнды. Новыя дамовы арэнды заключацца ня будуць. Фармальнай прычынай называецца тое, што нібыта цягам 3-х месяцаў у 2010 годзе ўзьнікалі запазычанасьці на аплаце арэнды.

У ЖРЭА Савецкага раёна Менска паведамілі, што "Партыя БНФ папярэджаная аб страце права на першачарговае перазаключэньне дамовы аб арэндзе памяшканьня пад офіс", -- паведаміла агенцтву "Інтэрфакс" начальніца аддзела нежылога фонду ЖРЭА Людміла Шкут.

Паводле яе слоў, пры вынясеньні гэтага рашэньня ЖРЭА "кіравалася артыкулам 569 Грамадзянскага кодэкса Беларусі. Дадзены артыкул тычыцца наступстваў несвоечасовай аплаты за арэнду памяшканьня". Шкут адзначыла, што "факты несвоечасовай аплаты за офіс Партыя БНФ дапускала ў 2009 і ў 2010 гадах".

Як піша прэсавая служба партыі, "Названыя прычыны зьяўляюцца цалкам надуманымі. Максымальныя пратэрміноўкі аплаты, што ўзьнікалі цягам мінулага году, складалі 3 дні. На дадзены момант ніякіх запазычанасьцяў няма. Пры гэтым ужо амаль два гады ГА "БНФ Адраджэньне" пазбаўленае магчымасьці, у адрозьненьне ад шмат якіх праўладных грамадзкіх арганізацыяў, карыстацца паніжаючым каэфіцыентам, і вымушанае аплачваць арэнду па вельмі высокіх камэрцыйных коштах.

Управа Партыі БНФ адназначна зьвязвае чарговую спробу пазбавіць арганізацыю ды ўсё незалежнае грамадзтва офісу ў цэнтры Менску як рэакцыю уладаў на тую хвалю салідарнасьці з затрыманымі і пацярпелымі 19 сьнежня і ў далейшыя дні грамадзянамі. Як вядома, цэнтрам для дабраахвотнікаў і незалежных ініцыятываў салідарнасьці стаўся офіс Партыі БНФ. Менавіта тут працаваў і працягвае працу цэнтар незалежнай грамадзкай ініцыятывы па дапамозе пацярпелым, тут зьбіраюцца рэчы, тут фармуюцца перадачы затрыманым.

Управа Партыі БНФ рашуча пратэстуе супраць незаконных дзеяньняў уладаў. Мы лічым названы ліст формай палітычнага ціску на Партыю БНФ і ўсё незалежнае беларускае грамадзтва".

Партыя БНФ заклікае ўсіх беларусаў, каму блізкія ідэалы свабоды і салідарнасьці, узьняць сёньня свой голас і ў абарону офісу па праспэкце Машэрава, 8, накіроўваць лісты кіраўніку Менскага гарадзкога выканаўчага Мікалаю Ладуцьку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG