Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік Бандарэнка патрапіў у адзін ізалятар з кандыдатам Міхалевічам


У Менскі ізалятар на вуліцы Валадарскага з Бабруйскай калёніі перавялі былога прадпрымальніка, сябра АГП Андрэя Бандарэнку, справу якога будуць пераглядаць ужо трэці раз. Прыкладна ў той жа час вязьнем "Валадаркі" стаў кандыдат на прэзыдэнта на нядаўніх выбарах Алесь Міхалевіч.

Болей году "Свабода" сочыць за лёсам менскага прадпрымальніка, сябра АГП Андрэя Бандарэнкі, якога асудзілі пасьля парлямэнцкіх выбараў 2008 году –прадпрымальнік пратэставаў супроць вынікаў тых выбараў, у якіх браў удзел. Бандарэнка адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі і вось на Раство стала вядома, што адтуль яго перавялі ў менскі ізалятар на вуліцы Валадарскага. Днём раней, 6-га студзеня на "Валадарку" з турмы КДБ перавялі маладога палітыка Алеся Міхалевіча, які таксама пратэставаў супроць вынікаў выбараў, але ўжо прэзыдэнцкіх, у якіх ён браў удзел. Бандарэнку далі спачатку 7 гадоў турмы быццам за эканамічнае злачынства, потым прызначылі тэрмін на год меншы, зараз справу будуць пераглядаць зноў – Менскі гарадзкі суд зьбярэцца для гэтага 24 студзеня. Калі дойдзе справа да суду над Алесем Міхалевічам, невядома, але пакуль дакладна вядома, што экс-кандыдату на прэзыдэнты пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Лёсы палітыкаў Міхалевіча і Бандарэнкі нечакана перасекліся у адзін час ў адным месцы – на "Валадарцы", ў сумна вядомым Пішчалаўскім замку, дзе яшчэ ў 19-ым стагодзьдзі трымалі змагароў за незалежнасьць Беларусі. Што кажуць сваякі палітыкаў пра тое, як абыходзяцца з вязьнямі? Бацька Бандарэнкі Валер перад этапіраваньнем сына з Бабруйскага замку ў Пішчалаўскі марна прасіў перадаць яму цёплыя рэчы.

Андрэй Бандарэнка
"Проста нейкае бязьмежжа. Вельмі доўга спрабаваў перадаць цёплыя рэчы, чаравікі гэтак і не перадаў. Хлусяць, падманваюць, гэта не так, тое не гэтак. Кажу, вазьміце тады тыя, што на мне, звычайныя чаравікі. Не, таксама не падыходзяць. Дык якія падыходзяць? Афіцэрскія, паказваюць. Дык гэта ж мадэльныя!..Карацей, гэтак і не далі перадаць".

Ці дакладна Андрэй Бандарэнка ужо патрапіў на "Валадарку", ягоны бацька не перакананы. Валер Бандарэнка згадвае, што аднойчы ягонага сына два дні везьлі з аднаго менскага ізалятара ў другі і таму яго нічога ужо не зьдзівіць. Паводле Валера Бандарэнкі, ягоны сын добра ведае пра падзеі ў Менску, пра шматлікія арышты сярод дэмакратычных палітыкаў і актывістаў.

Алесь Міхалевіч
Ці ёсьць магчымасьць, што Бандарэнка і Міхалевіч патрапяць на "Валадарцы" ў адну камэру? Верагоднасьць такая існуе, але яна вельмі малая, паколькі на "Валадарцы" дзесяткі камэр, у якіх у чаканьні суду знаходзяцца сотні вязьняў. Але крымінальныя справы ў палітыкаў розныя, таму ўсё ж патрапіць у адно памяшканьне яны могуць. Як жонка Міхалевіча Мілана адрэагавала на тое, што яе мужа перавялі з "Амэрыканкі" на "Валадарку"?

"Ня ведаю, што сказаць. Раней бы думала, што гэта лепей, а зараз ня ведаю, бо ўсе кажуць, што ўмовы там значна горшыя. Сябры усе стараюцца мяне супакоіць, кажуць, што так, хаця умовы горшыя, але маральна там лепей. Сьледчы ў яго застаўся ўсё той жа, таму зноў жа ня ведаю, што фактычна зьмянілася".

Другое дзіця ў Міланы Міхалевіч зусім малое, падчас нашай размовы дзіця расплакалася і таму давялося тэрмінова разьвітацца.

Мікалай Аўтуховіч
Яшчэ адно супадзеньне лёсаў так бы мовіць "старых" палітвязьняў з кандыдатамі ў палітвязьні новага прызыву. Мая размова з адвакатам Паўлам Сапелкам адносна спраў ягонага падабароннага Мікалая Аўтуховіча, які сядзіць у Івацэвіцкай калёніі, спачатку тычылася лячэньня Аўтуховіча. Паводле зьвестак, адміністрацыя калёніі абяцала вязьню пачаць яму пратэзаваньне зубоў, але ці сапраўды нешта пачалі рабіць, зьвестак у адваката няма. І вось новы клопат: Павал Сапелка абараняе таксама экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, якога трымаюць у ізалятары КДБ "Амэрыканка" паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Былі зьвесткі, што пры арышце палітыку зламалі каленную чашачку. Ці гэта так? Паводле адваката Сапелкі, зьвесткі не пацьвердзіліся.

"Правялі рэнтгенаскапію – пераломаў і трэшчын няма. А адчувае сябе сярэдне, як ў турме".

У розных менскіх турмах сёньня 25 абвінавачаных у справе масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Яшчэ 11 чалавек лічацца ў гэтай справе падазронымі. Назіральнікі не выключаюць, што лічба арыштаваных па гэтай справе будзе павялічвацца.
XS
SM
MD
LG