Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захворваньні, набытыя ў няволі


Згодна з дэклярацыяй "Аб ахове здароўя ў турмах", якую прынялі ў 2003 годзе адказныя прадстаўнікі пэнітэнцыярных сыстэм і сыстэм аховы здароўя эўрапейскіх краін, уключна зь Беларусьсю, пазбаўленьне чалавека волі — гэта ўжо само па сабе пакараньне, і дадатковых пакараньняў, у тым ліку і ў выглядзе прычыненьня шкоды здароўю вязьня, не патрабуецца. Тым ня менш час, праведзены ў беларускіх вязьніцах, істотна адбіваецца на здароўі асуджанага.

Як адзначаецца ў дакумэнтах ААН, пакуль у Беларусі няма ніводнай турмы, якая б адпавядала стандартам Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ) што да інфэкцыйнага кантролю.

Паводле незалежных экспэртаў і праваабаронцаў, падчас знаходжаньня ў вязьніцах да многіх людзей падкрадаюцца нечаканыя і раней не знаёмыя ім хваробы. Падставай для гэта ёсьць дэфіцыт паветра і сырасьці ў камэрах, вымушаная гультайства, псыхалягічны стан плюс агульная антысанітарыя.

Паводле ацэнак экспэртаў, самымі распаўсюджанымі захворваньнямі сярод зьняволеных у краінах былога СССР ёсьць захворваньні страўнікава-кішачнага тракту. Працяглае нэрвовае перанапружаньне, псыхалягічна цяжкае чаканьне суду, адвакату, прысуду ў спалучэньні зь не асабліва прымальнай ежай маюць несуцяшальныя наступствы ў выглядзе гастрытаў і язваў. Прычым, калі на волі ў чалавека нейкія сымптомы гэтых хвароб адсутнічалі, то ва ўмовах сырых сьценаў падобная паталёгія ўзьнікае ў першую чаргу. Найчасьцей, усё пачынаецца з празаічных праблемаў са стулам і доўгі час гэта можа заставацца адзіным сымптомам больш цяжкай паталёгіі.
Зь гледзішча экспэртаў, канчатковая і бясспрэчная віна кладзецца тут на нядбалае стаўленьне мэдыкаў падчас правядзеньня сьледзтва і да суду.


Другое месца сярод найбольш распаўсюджаных “турэмных захворваньняў” займаюць хваробы суставаў і апорна-рухальнага апарату. Зьняволеныя, ня маючы ў дастатковай ступені фізычных нагрузак, становяцца ў турэмных сьценах аслабленымі. Недахоп кальцыю і жалеза ў ежы паступова вядзе да жалезістай анэміі і гіпакальцыеміі. Як сьледзтва, косьці шкілету аказваюцца аслабленымі, узьнікаюць другасныя захворваньні касьцей і суставаў – артрыт, астэахандроз, астэапароз, рэўматычныя захворваньні суставаў і косьцевых тканін.

Трэцяе месца ў сьпісе займаюць захворваньні дыхальнай сыстэмы, бронхаў, лёгкіх, трахеі і гартані. З прычыны сталых скразьнякоў, аслабленаму арганізму зьняволенага становіцца ўсё цяжэй спраўляцца з цяжкімі жыцьцёвымі ўмовамі камэры, і ён становіцца схільным для самых розных прастудаў. Захворваньні гэтыя могуць цягнуцца доўга і пераходзіць у запушчаныя формы ў сувязі зь недастатковым лячэньнем і адсутнасьцю зьменаў ва ўмовах быту хворага.

Аднак самым бясспрэчным лідэрам хваробаў у месцах пазбаўленьня ёсьць сухоты адкрытай і закрытай формы. Ва ўмовах, дзе няма ні належнага мэдычнага дагляду, ні якасных сучасных мэдыкамэнтаў, часьцей за ўсё такія хворыя, па-просту кажучы, апынаюцца кінутымі на волю лёсу.

Як адзначаюць экспэрты ААН, узровень захворваньня на сухоты ў беларускіх турмах у 6,7 разоў вышэйшы чым на волі. Паводле прадстаўніка гэтай арганізацыі ў Беларусі Антоніюса Брука, сухоты, аднак, не прызнаюць турэмных сьценаў і пагражаюць усяму грамадзтву.

Высокае месца ў сьпісе найбольшы распаўсюджаных “турэмных захворваньняў” займаюць дэрматалягічныя хваробы. Пасьля падзеяў 19-20 сьнежня многія трапілі ў сьледчыя ізалятары з гнойнымі ранамі і інфэкцыйнымі паразамі скуры і мяккіх тканін. У сувязі з адсутнасьцю неабходных мазяў, ня частымі перавязкамі множныя ачагі паразаў хворага нярэдка прыводзяць да таго, што хвароба пераходзіць у схаваную форму, каб потым нечакана падкрасьціся да зьняволенага ўжо падчас знаходжаньня ў турме, і што яшчэ горш – падчас этапу. У такіх выпадках падобныя хворыя становяцца сапраўдным жахам для турэмных мэдыкаў.

Зь гледзішча экспэртаў, канчатковая і бясспрэчная віна кладзецца тут на нядбалае стаўленьне мэдыкаў падчас правядзеньня сьледзтва і да суду.

Як сьведчаць колішнія вязьні беларускіх СІЗА і турмаў, нярэдка прычынай хваробаў становяцца гвалтоўныя дзеяньні міліцыянтаў, сьледчых ды назіральнікаў у дачыненьні да арыштаваных.

Паводле словаў амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, які на пачатку знаходзіўся ў СІЗА КДБ, а потым у лягеры, яго пачалі зьбіваць адразу пасьля арышту, “прычым твар разьбілі і размалявалі цалкам”. "Беларускі КДБ ня лепшы за гестапа", – падсумоўваў былы вязень.
Да нас ставіліся як да быдла. Некаторыя хлопцы ледзь не пры сьмерці знаходзіліся..


Пра зьбіцьцё і катаваньні падсьледных у іншых ізалятарах у Жодзіне і на Акрэсьціна распавядаў “Свабодзе” адзін зь юнакоў, выпушчаных днямі на волю. Разам з сотнямі іншых ён быў затрыманы ў Менску ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Паводле ягоных словаў, у абодвух ізалятарах, куды яму давялося трапіць, было шмат людзей з траўмамі: пабітымі галовамі, зламанымі пальцамі. Ім, як маглі, аказвалі дапамогу іншыя затрыманыя. Рэальная ж мэдычная дапамога была прапанаваная ўсяго толькі праз 7 гадзінаў.

“Да нас ставіліся як да быдла. Некаторыя хлопцы ледзь не пры сьмерці знаходзіліся, узгадвае юнак. Пачалі дапытваць, біць і пагражаць. Прыкладам, хлопчык адказваў па-беларуску, дык яго міліцыянт з размаху нагой гэтак ударыў у грудзі, што той адляцеў на два мэтры, стукнуўся аб сьцены і ложак. Яго пачалі таптаць нагамі, а потым глядзяць, што мы бачым гэта, і тады міліцыянт кажа: выведзіце іх. Нас вывелі ў калідор з камэры, а яго пачалі зноў біць. Назіраць за гэтым было вельмі і вельмі балюча”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG