Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЗША загінулі фэдэральны судзьдзя і 9-гадовая дзяўчынка


Па апошніх дадзеных, пры замаху на сябра Кангрэсу ЗША Габрыэль Гіфардс у амэрыканскім штаце Арызона загінулі 6 чалавек, 13 параненыя.

Сярод загінулых – фэдэральны судзьдзя і 9-гадовая дзяўчынка.

Трагедыя адбылася падчас сустрэчы Габрыэль Гіфардс з выбаршчыкамі ў горадзе Тусоне. У выніку стральбы, адкрытай маладым мужчынам, загінулі па меншай меры пяць чалавек і 13, уключаючы Гіфардс, параненыя. Жанчына-кангрэсмэн верталётам была дастаўлена ў мясцовы шпіталь з сур'ёзным раненьнем у галаву і праапэраваная. Яе стан застаецца вельмі цяжкім.

Нападнік – 22-гадовы Джэрэд Лі Лафнэр – затрыманы. Паведамляецца, што ён у мінулым быў судзімы і ў яго былі праблемы з душэўным здароўем, аднак ён ня меў псыхіятрычнага дыягназу. Паліцыя мяркуе, што ён дзейнічаў не адзін. Нападнік адмовіўся даваць паказаньні. Аб яго матывах пакуль нічога не вядома.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Барак Абама ў адмысловай заяве назваў замах у Арызоне «невымоўнай трагедыяй».

40-гадовая Габрыэль Гіфардс у лістападзе ў трэці раз запар была абраная ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ад Арызоны. Яна замужам за амэрыканскім астранаўтам Маркам Кэлі.
XS
SM
MD
LG