Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Кастусёў: Тое, што я адстойваю, немагчыма выбіць з галавы і дубінкай


Мы папрасілі былога кандыдата ў прэзыдэнты ад Партыі БНФ, Рыгора Кастусёва, выкласьці ягоную пазыцыю ў сувязі з тым, што адбываецца з былымі кандыдатамі ад апазыцыі пасьля 19 сьнежня.

Максімюк: Спадар Кастусёў, у якім статусе вы зараз знаходзіцеся адносна падзеяў 19 сьнежня ў Менску: падазраванага, абвінавачанага, ці проста чалавека, да якога ўлады і КДБ ня маюць ніякіх прэтэнзіяў?

Кастусёў: Я знаходжуся зараз у якасьці падазраванага.

Максімюк: Вас дапытвала КДБ у сувязі з падзеямі на Плошчы і перад Домам ураду. У вас узялі падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва ці ўсё ж вы можаце сказаць нам, што цікавіла сьледчых?

Кастусёў: Не магу, у мяне ўсё ж узялі падпіску аб неразгалошваньні.

Максімюк: Як вы гледзіце на пасьлявыбарчыя паводзіны кандыдатаў ад апазыцыі ў прэзыдэнты? У выбарчай кампаніі і ў час тэледэбатаў было відаць, што ў іх больш-менш адна пазыцыя – змагацца супраць Аляксандра Лукашэнкі. А цяпер? Ці не здаецца вам, што ўладам удалося разьвесьці кандыдатаў па прынцыпу "кожнага ў асобны куток"? Адны далей у камэры, іншыя на волі, выдаюць розныя заявы, якія грамадзтвам успрымаюцца, мякка кажучы, неадназначна. Дарэчы, неадназначна ўспрынялося і вашае інтэрвію на БТ адразу пасьля Плошчы. Што вы думаеце на гэты конт – існуе яшчэ агульная воля змаганьня супраць рэжыму Лукашэнкі сярод апазыцыі, ці яе ўжо зламалі?

Кастусёў: Мне складана адказаць адразу на гэтае пытаньне, таму што, не сустрэўшыся з астатнімі кандыдатамі, якія зараз на волі, я ня бачу магчымасьці зрабіць канчатковыя высновы. Я спрабаваў паразмаўляць з Віталём Рымашэўскім, але, на жаль, яго тэлефон

У мяне ёсьць свая пазыцыя як сябры Партыі БНФ. Гэта – незалежнасьць, беларускасьць, дэмакратыя і эўрапейскі шлях разьвіцьця..

быў недаступны. Кожны мае права гаварыць, што хоча. У мяне ёсьць свая пазыцыя як сябры Партыі БНФ, і я гэтую пазыцыю адстойваў, адстойваю і буду адстойваць. І гэтыя каштоўнасьці, якія мы адстойваем, немагчыма выбіць з галавы нават дубінкай. Гэта – незалежнасьць, беларускасьць, дэмакратыя і эўрапейскі шлях разьвіцьця.

Пра маё інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню. Скажу адразу, што ў КДБ, падчас майго затрыманьня, мне ня ставілі ніякіх умоваў, не было ніякага шантажу. І нават не было ніякіх умоваў, калі мяне выпускалі, адносна таго, што мне гаварыць на прэс-канфэрэнцыі, а што не. Адразу пасьля вызваленьня я пайшоў на прэс-канфэрэнцыю. Мне не забаранялі і не перашкаджалі падаць скаргу ні ў ЦВК, ні ў Вярхоўны Суд. Чаму гэта так адбывалася, мне складана рабіць высновы, але гэта так было. Чаму я прыняў рашэньне ўсё ж даць інтэрвію БТ? Я разумеў, што потым могуць быць розныя інсынуацыі і што гэта можа быць пададзена па-свойму. Але я зрабіў такі крок, бо грамадзяне нашай рэспублікі, якія глядзяць БТ і ОНТ, гэта таксама нашыя выбаршчыкі. Акрамя БТ, у нас няма магчымасьцяў, каб данесьці да іх сваю пазыцыю. З таго, што я там сказаў, прагучала маё сьцьвярджэньне, што гэта кепска, што адбылося ламаньне дзьвярэй і біцьцё шкла. І яшчэ прагучала, што падзеі 19 сьнежня адмоўна паўплываюць на адносіны Беларусі з Эўропай і ЗША, а станоўча – на ўцягваньне Беларусі ў сфэру ўплыву Расейскай Фэдэрацыі.

Максімюк: Аднак ці ня думаеце вы, што цяперашняя сытуацыя – чатыры кандыдаты застаюцца ў турме, а тыя, якія на волі, даюць заявы на БТ і маўчаць наконт таго, чаго ад іх дамагалася КДБ – аб’ектыўна працуе на ўладу і на яе намер ліквідаваць апазыцыю як нейкую істотную сілу ў грамадзтве?

Кастусёў: Магчыма, гэта і так. Мне цяжка дадумацца, якія мэты паставілі ўлады, адпусьціўшы мяне, а потым – Рымашэўскага, а раней яшчэ – зрабіўшы з Раманчуком тое, што зрабілі. Можа ў іх нейкія пляны і ёсьць, але я такой інфармацыяй не валодаю. Гэта пакуль на ўзроўні здагадак.

Максімюк: Учора Віталь Рымашэўскі сказаў у інтэрвію нашаму радыё: "Я пачуў заявы Раманчука і Кастусёва ў камэры, на той момант яшчэ працаваў тэлевізар, перад тым, як мяне выклікалі на допыт. Гэта было моцным ударам для ўсіх, хто знаходзіцца ў зьняволеньні. Я лічу, што калі нехта нават сказаў, што яго прымусілі зрабіць гэтую заяву пад ціскам, то лягічна было б папрасіць прабачэньня ва ўсіх тых, чые прозьвішчы былі агучаныя, ва ўсіх тых людзей, якія сядзяць у вязьніцы і чулі гэтыя заявы." Калі ласка, скажыце нам, ці давалі вы сваё інтэрвію на БТ пад ціскам, і ці адчуваеце вы, што вам трэба было б у нечым выбачацца перад тымі з былых кандыдатаў, якія застаюцца ў вязьніцы?

Кастусёў: Я яшчэ раз паўтару, што за ўвесь час знаходжаньня ў КДБ на мяне не было ні ціску, ні шантажу. Я не назваў ні аднаго прозьвішча ў сваім выступе, таму я ня бачу сэнсу прасіць прабачэньня. Я ня выказаў абвінавачаньняў у адрас ніякага чалавека.

За ўвесь час знаходжаньня ў КДБ на мяне не было ні ціску, ні шантажу. Я не назваў ні аднаго прозьвішча ў сваім выступе, таму я ня бачу сэнсу прасіць прабачэньня.

Максімюк: Што вы думаеце пра Аляксандра Мілінкевіча, які ў выбарчай кампаніі як кандыдат удзелу ня браў, але далей застаецца актыўным у палітычным жыцьці і выдае заявы аб бягучай сытуацыі. У вас ёсьць жаданьне неяк кансультавацца зь ім ці, можа, рабіць нешта супольнае?

Кастусёў: Пасьля свайго вызваленьня я некалькі разоў сустракаўся з Аляксандрам Мілінкевічам. У нас да гэтай пары добрыя, сяброўскія адносіны, і мы падтрымліваем стасункі паміж сабой. Я скажу адназначна, што мы зь ім вядзем супольную працу па падтрымцы арыштаваных. І, зразумела, па шмат якіх пытаньнях у нас зь ім падобныя пазыцыі.

Максімюк: Дык вось, ваша пазыцыя па наступным пытаньні: Як вы асабіста ставіцеся да галасоў, якія хочуць, каб Захад цяпер увёў жорсткія санкцыі супраць беларускага рэжыму, уключна з эканамічнымі? Якая, па-вашаму, павінна быць адэкватная рэакцыя Захаду на падзеі 19 сьнежня ў Беларусі?

Кастусёў: Я ўжо сустракаўся зь некаторымі прадстаўнікамі заходніх краінаў і выказваў ім сваю пазыцыю. Паўтару яе і для вас. У маім разуменьні, з аднаго боку ёсьць Беларусь і беларускі народ. А з другога – існуючая ўлада, існуючая дыктатура ў Беларусі. І я кажу так: ня трэба аб’ядноўваць гэтыя паняцьці ў адну кучу. Так, на рэжым трэба ціснуць, трэба з рэжымам змагацца. Але гэта не павінна пераходзіць тую мяжу, калі гэта адмоўна адаб’ецца на Беларусі і на беларускім народзе.

Максімюк: Давайце канкрэтызуем гэтую вашу пазыцыю. Калі б Злучаныя Штаты Амэрыкі захацелі пашырыць свае эканамічныя санкцыі, увёўшы забарону на гандаль зь нейкімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі ў Беларусі, што б вы сказалі пра такі крок Вашынгтону?

Кастусёў: Калі гэта адмоўна адаб’ецца на ўзроўні жыцьця беларускага народу, то я супраць такіх санкцый. Я не выступаю з пазыцыі, што "чым горш, тым лепш".

На рэжым трэба ціснуць, трэба з рэжымам змагацца. Але гэта не павінна пераходзіць тую мяжу, калі гэта адмоўна адаб’ецца на Беларусі і на беларускім народзе.

Максімюк: Вы зьвярнуліся да Мітрапаліта Філарэта з просьбай, каб ён сказаў сваё слова ў абарону зьняволеных? Вы сапраўды верыце ў тое, што ён можа зрабіць гэта публічна?

Кастусёў: Можа быць, ён гэтага ня скажа перад камэрай і ў мікрафон, і ня скажа пры нейкай сустрэчы зь людзьмі. Але я лічу, што Мітрапаліт Філарэт мае ўплыў на Лукашэнку і што пры асабістай сустрэчы зь ім ён паспрабуе яму пра гэта нагадаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG