Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кааліцыя “За Эўрапейскі кантынэнт бязь візавых бар'ераў”– за бясплатныя візы для беларусаў

  • БелаПАН

Кааліцыя "За Эўрапейскі кантынэнт бязь візавых бар'ераў" заклікала ўрады ўсіх краінаў — членаў Эўразьвязу і інстытуты ЭЗ пераняць прыклад Польшчы і адмовіцца ад збораў за афармленьне і выдачу нацыянальных віз для грамадзян Беларусі. Пра гэта паведамляе грамадзкая арганізацыя "Офіс за дэмакратычную Беларусь” (Брусэль).

“Рэпрэсіўныя дзеяньні беларускага ўрада супраць сваіх грамадзян больш не могуць разглядацца ў якасьці ўнутранай справы і патрабуюць сумесных дзеяньняў з боку ўсіх дзяржаў — членаў ЭЗ і інстытутаў ЭЗ”, — гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту ўпэўненыя, што візавая палітыка зьяўляецца адным з лепшых інструмэнтаў для выказваньня салідарнасьці з беларускім грамадзтвам.

Кааліцыя таксама заклікала адрасатаў звароту аднавіць папярэднія і ўвесьці дадатковыя візавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, прадстаўнікоў праваахоўных і судовых органаў, якія ўдзельнічалі ў гвалце супраць удзельнікаў дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 года і масавых парушэньнях правоў чалавека, а таксама адказных за гэтыя дзеяньні.

Разам з тым аўтары звароту адзначаюць, што выбарачныя санкцыі ў дачыненьні да дзяржаўных чыноўнікаў не павінны парушыць дабрабыт простых грамадзян краіны.

Зварот зьмяшчае заклік захаваць пэрспэктыву бязьвізавага рэжыму для Беларусі (як гэта прадугледжана ў рамках праграмы “Усходняе партнэрства”) і падтрымаць перамовы па пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Кааліцыя “За Эўрапейскі кантынэнт бязь візавых бар'ераў” была створана ў Варшаве ў лістападзе 2010 года. Мэмарандум аб стварэньні кааліцыі падпісалі шэраг арганізацый з Азэрбайджана, Армэніі, Балгарыі, Беларусі, Бэльгіі, Грузіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Славакіі, Украіны, Чэхіі і Швэцыі, у тым ліку "Офіс за дэмакратычную Беларусь" і аддзяленьні інстытута "Адкрытае грамадзтва".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG