Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым нябясьпечныя СІЗА для хворых на дыябэт?


Дзеячы культуры і навукі Расеі, Літвы, Эстоніі, Італіі, ЗША выказалі сваю заклапочанасьць у сувязі са станам здароўя беларускага філёляга, гісторыка літаратуры і публіцыста, актывіста выбарчага штабу Ўладзімера Някляева Аляксандра Фядуты. Ён быў затрыманы ў Менску ў ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і з таго часу ўтрымліваецца ў ізалятары КДБ. Як адзначаюць у сваім звароце літоўскія літаратары, "мы асьцерагаемся, што Фядута зь яго цяжкім захворваньнем можа не вытрымаць цяжару арышту".

Занепакоенасьць філёлягаў выкліканая ў сувязі з такой хваробай іх беларускага калегі як цукровы дыябэт. Пры разьвіцьці гэтай эндакрыннай паталёгіі ў чалавека парушаюцца ўсе віды абменных працэсаў. У многіх пачынаюцца праблемы з крывяноснымі сасудамі, ныркамі, вачыма, сэрцам, пячонкай, нагамі. Можа настаць поўная страта зроку, гангрэна, сардэчная або ныркавая недастатковасьць, сьмерць...

З кожным годам, сьведчаць адмыслоўцы, хвароба становіцца ўсё болей распаўсюджанай ў сьвеце. Аднак дзякуючы апошнім дасягненьням мэдыцыны пры ўмове здаровага ладу жыцьця, своечасовага прыёму адпаведных прэпаратаў і выкананьня рэжыму харчаваньня чалавек можа дастаткова камфортна адчуваць сябе з гэтай хваробай, заставацца жыцьцяздольным, прафэсійна і сацыяльна актыўным.

“І ў няволі дыябэтніку трэба рэгулярна рабіць глюкатэсты”

Як кажа менскі лекар Аляксандар, каб падтрымліваць сябе, хворым на дыябэт трэба абавязкова штодня рабіць тэсты на цукар, а таксама вымяраць ціск, паколькі цукроўка нярэдка ў якасьці наступства мае гіпэртанію. Без належнага кантролю, а таксама рэгулярнага прыёму прэпаратаў у хворага можа настаць дыябэтычная кома, гіпэртанічны крыз. Калі пры дыябэце другога тыпу неабходныя таблетаваныя прэпараты і дыета, пры дыябэце першага –абавязковыя ін’екцыі інсуліну і дыета.

Аляксандар: "Пры гэтым хворым трэба заўсёды разьлічваць так званыя хлебныя адзінкі, то бок суадносіць колькасьць, калярыйнасьць, склад ежы з пэўнымі дазіроўкамі таго ж інсуліну. Інсуліну ня мусіць быць не замнога, не замала. Калі ставіцца з усёй адказнасьцю да хворых у турмах, то дыябэтнікам-інсуліньнікам трэба заўсёды рабіць сабе глюкатэсты, пракалываць палец, а потым прыкладаць да яго палоску, на якой будзе паказаны ўзровень цукру ў крыві. Я не кажу ўжо пра інсулінавыя ін’екцыі”.

Паколькі вязьням-дыябетнікам не дазваляецца браць з сабой у турмы ані шпрыцаў, ані глюкатэстаў, падобныя ін’екцыі, а таксама кантроль за ўзроўнем цукру ў крыві павінен рабіць турэмны доктар.

Інфармацыя пра тое, як ажыцьцяўляецца мэдычная дапамога хворым на дыябэт ва ўмовах пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі ды іншых постсавецкіх краін закрытая. Апошнім часам у сувязі з двума гучнымі скандаламі, выкліканымі сьмерцямі ў “Матроскай цішыні” хворых на падстраўнікавую залозу Сяргея Магніцкага і Веры Трыфанавай, унесеныя адпаведныя папраўкі ў закон адносна ўтрыманьня пад вартай вязьняў зь цяжкімі захворваньнямі. Паводле экспэртаў расейскага фэдэральнага ведамства выкананьня пакараньняў, утрымліваць у СІЗА хворых на тую ж цукроўку ці рак нельга, бо менавіта ўмовы сьледчага ізалятара могуць давесьці іх да сьмерці. У якасьці альтэрнатывы ўтрыманьню ў СІЗА прапануецца электронны бранзалет, які дае магчымасьць адсочваць месцазнаходжаньне падазраванага.

”Патрабаваць у гэтых умовах нельга –толькі прасіць”

27-гадовая жыхарка Менску прадпрымальніца Вольга падазраецца ў так званай эканамічнай злачыннасьці. Некалькі месяцаў запар хворая на дыябэт дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы. Пры затрыманьні ў Вольгі не было ані тэстаў, ані жыцьцёва неабходных прэпаратаў. Гэтак жа як і Аляксандар Фядута, паводле зьвестак яго блізкіх, яна атрымала лекі не адразу. Як мяркуе маці дзяўчыны Галіна, дачка ўвогуле не атрымала б іх ніколі, калі б не настойлівасьць бацькоў.

Калі вакол людзі бяспраўныя, ніхто не зьбіраецца думаць пра нейкія чалавечыя катэгорыі, у тым ліку, прафэсійныя лекарскія
Галіна: “Каб дамагчыся чагосьці ад турэмнай мэдыцыны, размаўляць зь імі трэба “прыніжана-настойліва”. Напорыстасьць патрэбная, каб яны разумелі, што вы ведаеце свае правы і пра інстанцыі, вышэйшыя за іх. У турэмных мэдчастках можа і маюцца нейкія мэдыкамэнты, але выдаюцца яны не заўсёды. Часам супрацоўнікам проста ня хочацца адрываць свой зад ад крэсла. Навошта ? Калі вакол людзі бяспраўныя, ніхто не зьбіраецца думаць пра нейкія чалавечыя катэгорыі, у тым ліку, прафэсійныя лекарскія. Калі я дайшла да начмэда краіны і выставіла яму ўсе мае прэтэнзіі, ён вымушаны быў падняць слухаўку і загадаць лекарцы пад’ехаць на склад і ўзяць лекі. Тым больш, што размова ішла пра мэдыкамэнты, атрыманыя ад Глябальнага фонду. Гэта міжнародная арганізацыя пастаўляе ў турмы розных краін лекі для вязьняў з такімі небясьпечнымі для жыцьця і здароўя захворваньнямі як тубэркулёз, ВІЧ, гепатыт, цукровы дыябэт і г.д.

Як лічыць Галіна, ніхто ва ўмовах гэтай сыстэмы ня можа разьлічваць на нейкую справядлівасьць і гуманнасьць. Яе дачцэ становіцца ўсё горш, аднак ня гледзячы на яе стан, а таксама ўсю абсурднасьць выстаўленага абвінавачваньня, разьлічваць можна выключна на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пасьля адбыцьця некалькіх гадоў пакараньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG