Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: рэпрэсаваным бракуе юрыдычнай дапамогі


На Магілёўшчыне ў КДБ працягваюць выклікаць удзельнікаў падзеяў на Плошчы 19 сьнежня. Актывісты гавораць аб неабходнасьці стварэньня рэгіянальнага цэнтру юрыдычнай дапамогі.

Жыхарцы Магілёва Марыі Аляксееўне ня выпала быць удзельніцай акцыяў пратэсту ў Менску. Даведаўшыся пра разгон і зьняволеньне сотняў людзей, яна наказала дачцэ паехаць у сталіцу ды ўнесьці ахвяру для іх падтрымкі.

«Я вельмі салідарная з гэтымі людзьмі. Мне хацелася хоць нечым дапамагчы, каб аблегчыць іх нялёгкае выпрабаваньне. Яны ж там і галодныя былі й мэдычную дапамогу ім не аказвалі. Там жа ў іх не было элемэнтарных зубных шчотак, зьмены бялізны. Цяжка было ўсё гэта перадаць. Канечне для іх было важней, што іх падтрымліваюць і што яны не адны»,— кажа спадарыня Марыя.

Ахвяравалі сродкі й жыхары магілёўскай глыбінкі. Гаворыць адзін зь іх:

Аказаў дапамогу, ну й слава Богу. Гэта мой абавязак проста маральны. Навошта гэта выстаўляць.
«Аказаў дапамогу, ну й слава Богу. Гэта мой абавязак проста маральны. Навошта гэта выстаўляць. Суседзі, староньнія людзі, якія ведаюць пра падзеі на Плошчы, і вопратку перадавалі, таксама й грошы. На вось табе, ты хутчэй будзеш у Менску, перадай хоць дваццаць тысяч ад мяне»,— зазначае жыхар вёскі Вялікая Машчаніца зь Бялыніцкага раёну Барыс Вырвіч.

Бабруйскую актывістку грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Вольгу Піманаву затрымалі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў.

«З боку кампаніі па меры магчымасьцяў мне аказваюць дапамогу. Але ж вы ведаеце, у якім стане цяпер знаходзіцца й сама кампанія».

Вольгу Піманаву ўжо двойчы выклікалі на допыт у КДБ. Двойчы дапытвалі там і магілёўскага актывіста ініцыятыўнай групы Някляева Ўладзімера Статкевіча. Хлопца не затрымалі на плошчы Незалежнасьці, аднак пасьля допыту ў КДБ ён быў разгубленым.

«Патрэбны адвакат, каб яны не задавалі зманлівых пытаньняў, на якія можа быць дваякі адказ, які яны могуць падаць на сваю карысьць. Альбо павінен працаваць цэнтар юрыдычнай дапамогі, каб там тлумачылі, што гаварыць, як гаварыць, каб у наступны раз ты не гаварыў тых рэчаў, якія ня варта згадваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG