Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці друкуюць улёткі пра Плошчу


На Берасьцейшчыне сябры апазыцыі адзначаюць, што салідарнасьць з пацярпелымі ад перасьледу ўладаў пасьля акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня моцная.

Юрка Бакур
Юрка Бакур, удзельнік Плошчы ў Менску, адбыў пяць сутак адміністрацыйнага арышту ў Берасьці нібыта за «брыдкаслоўе». Юрка перакананы, што надзвычай шмат людзей цяпер выказваюць сваю падтрымку і салідарнасьць. Але ён лічыць, што патрэбна арганізаванасьць для такога руху, бо, напрыклад, у Берасьці не было матэрыяльнай падтрымкі тым, хто адбываў суткі за кратамі:

«Магчыма, гэта зьвязана з тым, што не было структуры, арганізацыі, якія заняліся б гэтым. Але разам з тым вельмі шмат людзей маліліся за нас, калі мы сядзелі ў турэмным ізалятары. Таму, калі я апынуўся за кратамі, мне было зусім ня страшна. Адчувалася еднасьць, моцная духоўная падтрымка».

Намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімер Вуек кажа, што партыя імкнулася падтрымаць кожнага, хто апынуўся за кратамі. Сябраў партыі паплечнікі сустракалі каля сьценаў турмы і за свой кошт адвозілі дадому:

«Перад самым Новым годам мы адправілі паштоўкі ўсім, хто на той момант знаходзіўся за кратамі. Акрамя іншага, за сабраныя сродкі мы дастаўлялі сябраў нашай арганізацыі ў Берасьце. Трэцяе — мы пастаянна вядзем інфармацыйную кампанію, гэта значыць, друкуюцца і распаўсюджваюцца ўлёткі, пішам артыкулы ў прэсе».

Станіслаў Халадовіч, сябра АГП зь Івацэвічаў, прымаў удзел у мітынгу на Плошчы, быў затрыманы і асуджаны, адбыў 15 сутак арышту ў Жодзіна. Станіслаў надзвычай перажываў за працу пасьля адбыцьця пакараньня. Але кіраўнітцва яго арганізацыі пайшло насустрач:

«Мой кіраўнік акаазаўся на вышыні. Ня ведаю, ці можна казаць пра салідарнасьць, але ён сказаў, што каб я быў лайдаком, то быў бы звольнены. А так усё пакуль нармальна».

Андрэй Дзямчук, жыхар Берасьця, кажа, што менавіта зараз стала бачна як людзі пачынаюць яднацца. Падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі такога не было:

«Гэта бачна па тым, колькі людзей прыходзяць на суды і сустракаюць пасьля асуджэньня. Ведаем адзін аднаго ў твар, абменьваемся тэлефонамі. Гэта бачна па колькасьці людзей, якія прыходзяць падтрымаць тых, хто трапіў ў бяду».
XS
SM
MD
LG