Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзеншчына. Былыя вязьні Акрэсьціна дзякуюць за салідарнасьць


Падзеі 19 сьнежня і рэпрэсіі, якія абрушыліся на галовы беларусаў пасьля іх, выклікалі ў грамадзтве нечуваную хвалю салідарнасьці.

Аляксандра Васілевіч
Гарадзенка Аляксандра Васілевіч узначальвае гарадзкую арганізацыю АГП, яна вазіла перадачы ў Жодзінскую турму, езьдзіла ў Менск сустракаць вызваленых вязьняў. Яна кажа, што сачыла за сайтам, на якім паведамляліся прозьвішчы тых, хто апынуўся пасьля міліцэйскага разгону на плошчы Незалежнасьці за кратамі.

«Прыемна было, што звычайныя грамадзяне на тым жа гарадзенскім форуме самі стварылі групу, зьбіралі дапамогу для людзей, якія сядзелі. Апалітычныя людзі, але зьбіралі грошы, рэчы і перадавалі іх».

Сустрэць вызваленых у Менску было няпроста, ня ўсе захавалі зараджанымі мабільныя тэлефоны, кажа Аляксандра Васілевіч:

«Калі мы сазваніліся з чалавекам, ён яшчэ ехаў у „аўтазаку“. Першае пытаньне: ці ёсьць там яшчэ гарадзенцы? Я чула, як ён на ўвесь „аўтазак“ запытаў усіх — ці з Горадні ёсьць хто ці не? Было прыемна пачуць, што яго не зламалі там. Іх пасьля дзесяці сутак развозілі па Менску з Жодзіна, тры разы на трох „аўтазаках“. Адзін да дзевяці шанцаў быў „вылавіць“ чалавека, які табе патрэбны».

Прыхільнік БХД Янка Лялевіч за час знаходжаньня за кратамі на Акрэсьціна атрымаў пяць перадачаў: тры ад сваіх сяброў, адну ад паплечнікаў па БХД і апошнюю перадаў незнаёмы мянчук. Лялевіч сядзеў дзесяць дзён.

«Ня столькі прыемна, што атрымліваеш нейкую рэч, колькі тое, што пра цябе памятаюць. Гэта падтрымлівала. У рэшце рэшт кожны меў па тры зубныя шчоткі, пасты, па тры пакункі туалетнай паперы. Я меў тры кофты і гэтак далей. Столькі не было патрэбна. Але пытаньне не ў канкрэтных рэчах, а ў самой дапамозе».

Янка Лялевіч праводзіць аналёгіі з польскай сытуацыяй у камуністычныя часы:

«З польскай „Салідарнасьцю“ у 1980-х гадах — такое хутчэй было параўнаньне. Мы бачылі салюты, якія пускалі ўвечары ў наш гонар за мурамі Акрэсьціна. Я сам адчуў, што народ сасьпеў да нацыі. Зразумела, нас падтрымліваюць ня ўсе дзесяць мільёнаў, ілюзыяў няма. Але тыя людзі, якія мелі ў сэрцы жаданьне падтрымаць, яны гэта рабілі сьмела. Ішлі, стаялі ў чэргах гадзіны на марозе, чакалі, пакуль прымуць перадачы».

Уладзімір Хільмановіч
Гарадзенскі журналіст Уладзімір Хільмановіч сам быў на Плошчы 19-га сьнежня, потым стаў сьведкам збору дапамогі арыштаваным:

«Сытуацыя паказала: наколькі адны абыякавыя і наколькі іншыя праяўляюць салідарнасьць. Давялося быць сьведкам, як людзі з розных гарадоў Гарадзеншчыны прывозілі дапамогу: сродкі гігіены, прадукты, цукеркі для перадачы зьняволеным, а таксама на падарункі дзецям тых, хто сядзеў у турме ў навагоднюю ноч. Салідарнасьць беларуская расьце, спакваля яна ўсё ж фармуецца. Гэта ня толькі грамадзкія актывісты, гэта і прадпрымальнікі, і простыя людзі. На шчасьце, з Горадні ня так шмат было арыштаваных. Каб іх было больш, я думаю, што і рух салідарнасьці быў бы большым, як назіралася гэта ў Жодзіне і ў Менску».
XS
SM
MD
LG