Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя хрысьціяне Беларусі сьвяткуюць Раство

абноўлена

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі зьвярнуўся да вернікаў з традыцыйным пасланьнем на Раство. Ён заклікаў «да асаблівай адказнасьці за дзеяньні сёньняшніх дзён».


У пасланьні, у прыватнасьці, адзначаецца: увасабленьне мары чалавека аб дасканалым доме свайго жыцьця павінна пачынацца «з рашучасьці ўдасканальваць сваю асобу, уладкоўваць свае адносіны з бліжнімі і далёкімі, разьвіваць ўзаемаадносіны з Богам паводле законаў Таго, Хто стварыў увесь гэты бачны і нябачны сьвет, — паводле законаў Самога Творцы».

У якасьці прыкладу жыцьця людзей, якія пабудавалі «храм сваёй душы і свайго лёсу», мітрапаліт прывёў дзеяньні прападобнай Эўфрасіньні, ігуменьні Полацкай, якая 850 гадоў таму ўнесла створаны зь яе дабраславеньня ўзьдзьвізальны крыж у Спаса-Праабражэнскі храм свайго манастыра; полацкага майстра Лазара Богшы, які стварыў Крыж Эўфрасіньні Полацкай, што стаў «сымбалем гістарычнай, рэлігійнай і дзяржаўнай годнасьці беларускага народа»; дойліда Іаана, які збудаваў у Полацку Спаса-Праабражэнскі храм — «духоўную калыску заходнерускага манаства».

Філарэт заклікаў «да асаблівай адказнасьці за дзеяньні сёньняшніх дзён». «Мы будуем наш агульнанацыянальны дом і клапоцімся пра яго лёс у межах дома агульнаславянскага, агульнаэўрапейскага і агульначалавечага. Якім яму быць, залежыць ад духоўнай і грамадзянскай якасьці тысяч і мільёнаў дамоў і сем’яў нашых суайчыньнікаў, ад прыгажосьці храмаў нашых душ і набожнасьці абіцеляў нашых сэрцаў», — адзначаецца ў пасланьні.

З нагоды праваслаўных Калядаў да мітрапаліта Філарэта зьвярнуўся экс-кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў.

«У гэтым годзе сьветлы дзень Раства ў Беларусі азмрочаны ўжо 20 днямі гвалту дзяржавы супраць грамадзянаў, маштаб якога нечуваны з савецкіх часоў, і які перайшоў усялякія межы здаровага сэнсу, справядлівасьці і маралі», — піша ў звароце Рыгор Кастусёў.

«Немагчыма апраўдаць пабітымі шклянымі дзьвярмі мэтанакіраванае зьбіцьцё сотняў мірных грамадзянаў (у тым ліку жанчынаў і пажылых людзей), „канвэерныя“ прысуды на падставе пісаных пад капірку пратаколаў, адмовы ў аказаньні мэдычнай дапамогі пацярпелым, бясконцы шэраг ператрусаў, затрыманьняў, арыштаў, пагрозаў. Немагчыма апраўдаць утрыманьне за кратамі людзей, якія ня толькі ня маюць дачыненьня да хоць якога гвалту ў падзеях 19 сьнежня 2010 г., але і спрабавалі спыніць яго — і сьведкамі гэтага ёсьць літаральна тысячы людзей, якія бачылі ўсё на свае вочы», — адзначае намесьнік старшыні Партыім БНФ Рыгор Кастусёў.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў праваслаўных хрысьціян Беларусі з Раством Хрыстовым.

"У калядныя дні мы нанава адкрываем простую ісьціну: там, дзе няма згоды, даверу і ўзаемнай падтрымкі — там не будзе ні шчасьця, ні паўнаты быцьця. І калі мы хочам зьмяніць жыцьцё да лепшага, то найперш павінны захоўваць духоўную моц і згуртаванасьць нашага народа, выхоўваць моладзь на аснове традыцыйных каштоўнасьцяў і ідэалаў беларусаў. Толькі адзінства зробіць нас моцнымі, вольнымі, здольнымі пераўтварыць сьвет, стане асновай для новых зьдзяйсьненьняў", — цытуе пасланьне прэзыдэнта яго прэс-служба.


Служба на Раство ў Менскім катэдральным саборы












Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG