Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У гэтым годзе сьветлы дзень Раства ў Беларусі азмрочаны ўжо 20 днямі гвалту дзяржавы супраць грамадзянаў, маштаб якога нечуваны з савецкіх часоў, і які перайшоў усялякія межы здаровага сэнсу, справядлівасьці і маралі”, – піша ў звароце экс-кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў.

“Немагчыма апраўдаць пабітымі шклянымі дзьвярмі мэтанакіраванае зьбіцьцё сотняў мірных грамадзянаў (у тым ліку жанчынаў і пажылых людзей), "канвэерныя" прысуды на падставе пісаных пад капірку пратаколаў, адмовы ў аказаньні мэдычнай дапамогі пацярпелым, бясконцы шэраг ператрусаў, затрыманьняў, арыштаў, пагрозаў. Немагчыма апраўдаць утрыманьне за кратамі людзей, якія ня толькі ня маюць дачыненьня да хоць якога гвалту ў падзеях 19 сьнежня 2010 г., але і спрабавалі спыніць яго – і сьведкамі гэтага ёсьць літаральна тысячы людзей, якія бачылі ўсё на свае вочы”, – адзначае Кастусёў.

“Бесчалавечна, калі людзям, у дадатак да несправядлівага пазбаўленьня волі, яшчэ і беспадстаўна адмаўляюць у магчымасьці спаткацца з блізкімі. Проста жахліва, калі спрабуюць вырваць з родных рук бабулі і дзядулі маленькае дзіця, чые бацькі апынуліся ў турме. Падобныя дзеяньні, пагатоў, калі іх крыніцай зьяўляюцца дзяржаўныя органы, нясуць сур'ёзную шкоду Беларусі, бо раскалываюць грамадзтва, разбураюць самыя асновы міру і спакою ў краіне. Упэўнены, што Вы, як пастыр, таксама падзяляеце гэтую занепакоенасьць, і таму я прашу Вас узьняць свой голас у абарону справядлівасьці і маральнасьці, заклікаць улады да вызваленьня ўсіх зьняволеных паводле палітычных матываў і да спыненьня ўсялякіх рэпрэсіяў, – гаворыцца ў заяве Рыгора Кастусёва, намесьніка старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG