Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка рэпрэсій. Вобыскі, ператрусы, затрыманьні, суды працягваюцца ў розных гарадах Беларусі.








16:40 Яшчэ адзін вязень «амэрыканкі» — Алесь Малчанаў

7 студзеня стала вядома, што барысаўскі актывіст Аляксандр Малчанаў утрымліваецца ў СІЗА КДБ і дапытваецца ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна». 6 студзеня ў кватэры актывіста ў Барысаве супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, пасьля чаго забралі Аляксандра ў кайданках для далейшых сьледчых дзеяньняў у Менск.

14:50
Малады фронт шукае свайго сябра Юльяна Місюкевіча, якога ўчора забралі ў КДБ. Місюкевіч пасьпеў паведаміць сябрам праз «смс» а 12:30, што як толькі ён здаў іспыт ва ўнівэрсытэце, як яго адтуль забралі супрацоўнікі КДБ. Верагодна, што Місюкевіча дапытвалі у якасьці сьведкі па справе аб масавых беспарадках у Менску. Пасьля 12:30 хлопец не выходзіў на сувязь, ягоны тэлефон увесь час адключаны. Паплечнікі Місюкевіча лічаць, што яго маглі як пакінуць у якасьці «падазраванага» ў КДБ, так і асудзіць за ўдзел у акцыі 19 сьнежня й адвезьці на Акрэсьціна, піша прэсавая служба МФ.

14:00
Сына Кастусёва дапыталі ў КДБ

Андрэй Кастусёў прабыў у шклоўскай міжраённай управе КДБ каля дзьвюх гадзінаў. Паводле хлопца, сьледчы цікавіўся, ці ведае ён каго з тых, хто ламаў дзьверы й біў шкло ў Доме ўраду на фота й відэасюжэтах, што разьмешчаныя ў інтэрнэце. Было зададзенае Кастусёву й пытаньне наконт яго навучаньня за мяжой. На разьвітаньне сьледчы даў зразумець хлопцу, што, магчыма, гэта не апошняе наведваньне ім КДБ.

Яшчэ два падазраваныя па справе аб беспарадках — Павел Вінаградаў і Леанід Навіцкі

Павал Вінаградаў
13.40
Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што падазраванымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках зьяўляюцца актывіст кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў і даверная асоба Саньнікава — Леанід Навіцкі. У Паўла Вінаградава ўначы з 4 на 5 студзеня прайшоў ператрус на кватэры, якую ён здымаў са сваёй дзяўчынай. Ператрус, які доўжыўся да 5-й гадзіны раніцы і праходзіў у прысутнасьці гаспадыні кватэры і суседзяў, праводзіў сьледчы Першамайскага РУУС Менску Аляксандар Фіцэр. Самога Паўла адразу павезьлі на допыт. Сёньня стала вядома, што Павел Вінаградаў прызнаны падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і ўтрымліваецца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Статус падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках мае і давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Леанід Навіцкі. Згодна з пастановай, ён падазраецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу РБ). Пакуль Леанід на волі і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

12:30
Ператрус у Насты Лазаравай з Маладэчна. Наста адбыла пакараньне за ўдзел у акцыі апазыцыі 19 сьнежня.

Сына Кастусёва выклікалі ў КДБ



21 сьнежня. Рыгор Кастусёў шукае імя сына ў сьпісе вязьняў турмы на Акрэсьціна
10:50
Сын кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва Андрэй выкліканы ў шклоўскі КДБ. У позьве, якую яму прынёс прадстаўнік КДБ прыкладна ў 10-45, пазначана, што аб адзінаццатай гадзіне ён мусіць зьявіцца на допыт як сьведка.
Рыгору Кастусёву ўдалося высьветліць у супрацоўнікаў КДБ, што сына выклікаюць на гутарку, якая зойме каля паўгадзіны часу. Чым выкліканая неабходнасьць гутаркі Кастусёву не адказалі.

Андрэй Кастусёў учора разам з бацькам прыехаў на два дні ў Шклоў пабачыцца зь сябрамі. Увечары Кастусёў-старэйшы паехаў у Магілёў. Сын застаўся ў Шклове. Рыгор Кастусёў не выключае, што за хлопцам сачылі і як толькі даведаліся, што ён застаўся адзін, прынесьлі яму позву ў КДБ. Андрэй Кастусёў адсядзеў 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў Жодзіна. Яго зьняволілі за ўдзел у менскіх акцыях пратэсту. Ён вучыцца за мяжой.

Учора паўторна былі дапытаныя ў КДБ дзьве бабруйскія актывісткі ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева – Вольга Піманава і яе каляжанка, імя якой не называецца. У Піманавай высьвятлялі, як яна дабіралася ў Менск і хто ёй у гэтым дапамагаў. Актывістку за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь. У Магілёве ўчора паўторна дапыталі і сябра ініцыятыўнай групы Някляева Ўладзімера Статкевіча. Пасьля допыту хлопец адмовіўся гаварыць пра яго, але прызнаў, што падпіску аб неразгалошваньні ён не даваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG