Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік прэс-сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Марк Тоўнэр сказаў 6 студзеня на брыфінгу ў Вашынгтоне, што ЗША не выключаюць магчымасьці новых санкцый супраць Менску ў сувязі з пасьлявыбарчай сытуацыяй у Беларусі.

"Я думаю, усё опцыі застаюцца адкрытымі", – сказаў Тоўнэр адносна санкцый.

Тоўнэр даваў брыфінг у сувязі з плянаванай сустрэчай дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан зь беларускімі праваабаронцамі ды амэрыканскімі беларусамі, на якой будуць абмяркоўвацца рэпрэсіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

"Дзяржасакратар падзяляе іх занепакоенасьць з нагоды нядаўніх беларускіх выбараў, а таксама непрапарцыйнага ўжываньня ўрадам сілы пасьля гэтых выбараў, і яна заклікае да неадкладнага вызваленьня тых, хто застаецца за кратамі, ды спыненьня рэпрэсіяў супраць апазыцыі, СМІ і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі" – сказаў Тоўнэр.

Адказваючы на пытаньне, ці спатканьне з Хілары Клінтан не закончыцца перасьледам беларускіх праваабаронцаў пасьля іх вяртаньня ў Беларусь, Тоўнэр адзначыў:

"Мы тут спрабуем выслаць сыгнал, мы спрабуем паказаць нашу заклапочанасьць, мы занепакоеныя сытуацыяй у Беларусі, і мы будзем працягваць супрацоўніцтва па гэтым пытаньні. І мы хацелі б паслаць выразны сыгнал, што гэтыя асобы маюць права сустракацца з кім хочуць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG