Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Амэрыканка»: сьведчаньні відавочцаў


Сьледчы ізалятар КДБ, які месьціцца ўнутры комплексу будынкаў спэцслужбы ў цэнтры Менску, сумна вядомы яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Тут трымалі многіх беспадстаўна арыштаваных пісьменьнікаў, іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Зараз у турму КДБ усё часьцей трапляюць палітвязьні. Пасьля падзеяў 19 сьнежня праз так званую «амэрыканку» прайшло восем кандыдатаў у прэзыдэнты, цяпер там больш за два дзясяткі палітыкаў, дэмакратычных актывістаў. Што сабой уяўляе турма КДБ, якія там умовы ўтрыманьня, парадкі?

Гэтая турма ў народзе называецца «амэрыканкай» — за тое, што пабудаваная паводле амэрыканскага прынцыпу: усе камэры разьмяшчаюцца па коле, іх дзьверы выходзяць у адзіны замкнёны калідор-галерэю. Пра жахі гэтай установы ў 30-я гады славуты пісьменьнік Кузьма Чорны пісаў у сваім дзёньніку:

«У яжоўскай турме [у камэры-адзіночцы] ўвосень 1938 мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі зьбітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла…»

У падвалах ГПУ-НКВД чамусьці заўсёды было нясьцерпна горача і моташна смуродна, але рэдка ціха і «сумна».

Эніру Браніцкую вядуць у суд, 2006 год.
Цяпер арыштантаў трымаюць ужо не ў сутарэньнях, а на другім паверсе. Узгадвае Эніра Браніцкая, якая правяла тут у 2006 годзе каля 6 месяцаў па справе «Партнэрства»:

«Там альбо 19, альбо 20 камэр, яны ўсе па кругу. Там будынак з купалам, і яны ўсе на другім паверсе. Мы калісьці жартавалі, што форма камэры нагадвае труну: да дзьвярэй яна звужаецца, а да вакна крыху пашыраецца. У кожнай камэры ня больш за 4 месцы. Ня ў кожнай камэры ёсьць прыбіральня. Звычайна хлопцаў утрымлівалі ў такіх камэрах без прыбіральні, там ёсьць званочак, і выводзілі на патрабаваньне. Але зараз, кажуць, у прыбіральню выводзяць толькі з раніцы і ўвечары. Мы чулі, што ёсьць такі ціск».

У 2006 годзе харчаваньне было даволі добрае, бо кухар гатаваў максымум на 50 чалавек. Былі салаты з гародніны, бульба, кашы, мяса, селядзец. Да таго ж прымалі даволі ўнушальныя перадачы з рознымі прысмакамі ад родных — на месяц дазвалялася 30 кіляграмаў, якія можна было перадаваць невялікімі часткамі штотыдзень. Але літаральна днямі зацьверджаны новы сьпіс прадуктаў для перадач, зь якога выключаныя арэхі, мёд, сухафрукты, мяса, іншыя прысмакі. Перадачы цяпер прымаюцца 2 разы на месяц.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў адседзеў у «амэрыканцы» 13 сутак — з 20 сьнежня па 3 студзеня. Кажа, што камэры сталі больш населенымі:

«У камэры там ад 4 да 6 чалавек, і там такая сыстэма, што ні з кім з астатніх „палітычных“ ня бачысься. Ложкі, бялізна нармальныя, чыстая. Што тычыцца ежы, то я амаль што ня еў, але яна трохразовая і даволі добрая — я магу параўнаць зь іншымі месцамі, дзе я сядзеў. Гэта на парадак вышэй, чым, да прыкладу, на Акрэсьціна. Водзяць на прагулкі, вы можаце выбіраць гадзіну ці дзьве ва ўнутраным дворыку. Стаўленьне аховы — яно рознае. Але, у прынцыпе, калі ты туды трапляеш, то не чакаеш, што гэта курорт, дзе высокі сэрвіс і ўсе табе павінны ўсьміхацца».

Ва ўсіх сядзельцаў «амэрыканкі» склалася ўражаньне, што супрацоўнікі турмы любымі шляхамі стараюцца абмежаваць іх у атрыманьні інфармацыі з волі. Лісты прыходзяць зь вялікім спазьненьнем, тэлевізары ў камэры родныя перадаюць, але яны чамусьці не працуюць. Распавядае Цімафей Дранчук, які правёў у турме КДБ 6 месяцаў у 2006-м:

Цімафей Дранчук
«Пакуль тэлевізар нясуць да камэры, там звычайна ламаецца нейкая нязначная дэталь, і на экране толькі „сьнег“. Тое самае адбываецца і зь лістамі. Гэтыя лісты да пэўнага часу ляжаць у чалавека, які іх вельмі доўга вычытвае. Яны, хутчэй за ўсё, дойдуць, але праз тыдзень, месяц».

Пра хітрыкі з тэлевізарам кажа і Андрэй Дзьмітрыеў, які выйшаў з «амэрыканкі» 3 дні таму:

«Тэлевізар у камэры ёсьць, але ўжо на наступны дзень пасьля таго, як я туды трапіў, так бы мовіць, зламалася антэна, і ён ужо не ўключаўся».

Што да публікі, якая ўтрымліваецца ў турме КДБ, то яна даволі стракатая, кажа Эніра Браніцкая:

«Звычайна там утрымліваюцца людзі, якія прадстаўляюць пагрозу, так бы мовіць, нацыянальнай бясьпецы. А яшчэ тыя, у каго ёсьць нейкі міжнародны сьлед у справе. Я, напрыклад, была з адной дзяўчынай, якая працавала ў банку, другая была бухгальтаркай у буйной фірме. Таксама разам са мной сядзелі дзьве дзяўчыны, якія праходзілі па справе аб наркотыках, там быў сьлед, што наркотыкі прыйшлі з-за мяжы. Зараз, я чула, там розныя людзі ўтрымліваюцца, і нават правакуюць тых, хто сядзіць па цяперашняй справе».

Днямі з «амэрыканкі» нечакана выпусьцілі пад падпіскі аб нявыезьдзе Віталя Рымашэўскага і Андрэя Дзьмітрыева, якія праходзяць па крымінальнай справе. Але супрацоўнікі КДБ настойліва раілі не распаўсюджваць інфармацыю пра ўмовы ўтрыманьня і абыходжаньне зь імі…
XS
SM
MD
LG