Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіянальных рэдакцыях недзяржаўных СМІ кажуць, што пасьля падзеяў 19-га сьнежня ўмовы працы журналістаў пагаршаюцца. Колькасьць афіцыйна зарэгістраваных незалежных выданьняў скарацілася да дзесяці — перастала існаваць «Газэта для вас» на Берасьцейшчыне; не выдаецца рэгіянальнае выданьне «УзГорак» на Магілёўшчыне.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Бабруйскі кур’ер» давялі да банкруцтва


На Магілёўшчыне незалежныя газэты з выразнай палітычнай пазыцыяй трапляюць пад пільны кантроль ідэолягаў улады.

Анатоль Санаценка
Першай ахвярай стаў «Бабруйскі кур’ер». Найстарэйшае выданьне ў рэгіёне ўлады давялі да банкруцтва, увёўшы жорсткія абмежаваньні на распаўсюд і разьмяшчэньне рэклямы. Цяпер рэдакцыя працуе над інтэрнэт-парталам «Бабруйскі кур’ер». Паводле рэдактара Анатоля Санаценкі, чыноўнікі пільна сочаць і за працай парталу:

«У нас ужо было сутыкненьне зь мясцовымі ідэолягамі, якія выстаўлялі прэтэнзіі, чаму наш відэаапэратар робіць апытаньне грамадзян. Апытаньне тычылася тэмы выбараў. Галоўны ідэоляг Бабруйску прымчаўся на месца працы апэратара на чале з групай міліцыянтаў. Стаў высьвятляць, паводле якога права на падкантрольнай яму тэрыторыі нехта пасьмеў здымаць на відэа».

Пазьней, як кажа спадар Санаценка, у яго адбылася гутарка з гэтым ідэолягам, які не хаваў, што пільна вычытвае публікацыі на партале. Журналіст чакае, што ўладны ціск, які прывёў да праблемаў з друкаванай вэрсіяй газэты, пашырыцца і на інтэрнэт-вэрсію.

Рэдакцыя газэты «ЎзГорак» намагаецца захаваць сваё выданьне


Эдуард Брокараў
Перад пагрозай закрыцьця апынулася і адзіная незалежная агульнапалітычная газэта ў рэгіёне «ЎзГорак». 30 сьнежня памёр яе рэдактар Эдуард Брокараў. Рэдакцыя намагаецца захаваць аднайменнае прыватнае прадпрыемства, якое стварыў Брокараў і якое валодае газэтай.

«Паўнамоцтвы асноўныя ў мяне ёсьць. Эдуард пасьпеў пакінуць мне права подпісу. Цяпер мы будзем высьвятляць усе юрыдычныя тонкасьці: ці магчыма, каб гэтае прыватнае прадпрыемства магло жыць. Калі яно ліквідуецца, то, зразумела, ліквідуецца й газэта. Канечне, мы б хацелі, каб сьвежае, жывое, свабоднае слова засталося. Чытач адчувае патрэбу ў ім»,— кажа журналістка Галіна Будная.

«УзГорак» распаўсюджваўся ў Горацкім, Дрыбінскім і Мсьціслаўскіх раёнах. Наклад перавышаў адну тысячу паасобнікаў.



На што скардзіцца бабруйскі журналіст?


Ёсьць на Магілёўшчыне і друкаваныя недзяржаўныя газэты з шматтысячнымі накладамі. Спроба аб’ектыўнага асьвятленьня перадвыбарчай кампаніі абярнулася для іх рэдактараў гутаркамі з ідэолягамі. За свае выбарчыя публікацыі вымушаны быў прыпыніць супрацоўніцтва з адной з такіх газэт бабруйскі журналіст Дзьмітры Растаеў:

«Гэтая прэса ўзятая на такі кароткі павадок, што ніякіх вольнасьцяў, агрызаньняў на адрас дзейнай улады яна сабе дазволіць проста ня можа. Гэта супярэчыць самой сутнасьці прафэсіі журналіста. Шляхоў для іх творчага самаразьвіцьця як не было, так й ня будзе, пакуль сытуацыя ў краіне кантралюецца адным чалавекам».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


На адно выданьне менш


У новым годзе на Берасьцейшчыне стала на адно выданьне менш. Перастала існаваць рэгіянальная «Газэта для вас». Галоўны рэдактар выданьня Лідзія Цалуйка спаслалася на тое, што стамілася.

Больш падрабязна аб прычынах закрыцьця выданьня былая рэдактарка Лідзія Цалуйка казаць ня хоча:

«Грамадзкасьць дачакаецца камэнтару. Калі ласка…»

На гэтым размова скончылася. Пазьней Лідзія Цалуйка ня брала слухаўку, а яшчэ пазьней яе тэлефон быў выключаны.

Удзельнік Плошчы рыхтаваў для газэты свой турэмны дзёньнік


Для рэгіёну зьнікненьне выданьня — даволі вялікая страта, кажа сябра АГП з Івацэвічаў Станіслаў Халадовіч. Удзельнік Плошчы, адбываючы пакараньне ў Жодзінскай турме, плянаваў шэраг публікацый пра падзеі ў Менску 19 сьнежня. Паведамленьне пра зьнікненьне выданьня стала для яго нечаканым, кажа Станіслаў Халадовіч:

«Я атрымаў 15 сутак арышту, якія адбываў у Жодзінскай турме. Я вёў турэмны дзёньнік і спадзяваўся яго апублікаваць у газэце».

Прычынай жа зьнішчэньня выданьня стала пазыцыя рэдактаркі, кажа Станіслаў Халадовіч:

«Хутчэй за ўсё, рэдактарка пайшла насустрач уладам. Без умяшаньня спэцслужбаў, напэўна, не абышлося. Але, з другога боку, яна раней некалі прадала будынак рэдакцыі, цяпер прадала абсталяваньне. Гэта інакш як здрадай не назавеш».

Былы намесьнік рэдактаркі Аляксей Грышын быў звольнены з выданьня два гады таму:

«Рэдактарка займалася тым, што проста зарабляла грошы».

Калектыў выданьня спадзяецца на дапамогу БАЖу


Калектыў выданьня, які налічваў каля 10 чалавек, цяпер у пошуках працы. Паводле Аляксея Грышына, уладкавацца на працу журналісту ў рэгіёне надзвычай складана:

«Знайсьці працу ў рэгіёне незалежнаму журналісту немагчыма. Салідарнасьць жа БАЖ была праяўлена тры гады таму, калі ў рэдакцыі быў агульны сход з удзелам калектыву і прадстаўнікоў БАЖ. Нават тады рэдактарка паведаміла нам, што яна ўсіх звальняе».

«Газэта для вас» праіснавала ў рэгіёне з 1997 году. Выданьне стала пераемніцай «Газэты Кудзінава».

Гэты будынак будаваўся рэдакцыяй, рэдактарка прадала яго тры гады назад.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Чыноўнікі зьбіраюць кампрамат у публікацыях журналістаў


Нешматлікія незалежныя СМІ на Гарадзеншчыне пакуль не адчулі наўпрост рэакцыі ўладаў пасьля Плошчы, але іх супрацоўнікі не выключаюць, што зьмены дойдуць і да іх.

Віктар Валадашчук
Рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук распавядае, што падзеі на Плошчы ў газэце асьвятляліся, наколькі гэта было магчыма. Пакуль наўпрост нейкай рэакцыі з боку ўладаў журналісты не адчулі.

У Новым годзе першы нумар газэты, са слоў рэдактара, аддрукавалі ў гарадзенскай друкарні, як гэта і абяцаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра.

Праўда, рэдактар дадае, што кіраўнік вобласьці абяцаў таксама, што газэце будзе дазволена распаўсюджвацца праз кіёскі «Белсаюздруку» і па падпісцы праз пошту, але гэтыя праблемы надалей застаюцца нявырашанымі.

Віктар Валадашчук зьвяртае ўвагу на адну важную акалічнасьць пасьля Плошчы. Яму стала вядома, што мясцовыя ідэолягі дасылалі на загад Міністэрства інфармацыі спэцыяльна падрыхтаваны матэрыял пра тое, колькі ў газэце было зьмешчана недакладных фактаў падчас выбарчай кампаніі.

Валадашчук: «Адзін з гэтых фактаў, наколькі мне вядома, сьведчыў нібыта пра тое, што ў нас была зьмешчана інфармацыя, што ўва ўсе выбарчыя камісіі былі ўключаны прадстаўнікі партыі „Белая Русь“. А насамрэч, маўляў, у адной з камісій прадстаўніка „Белай Русі“ не было».

Рэдактар «Газеты Слонімскай» нагадвае, што любая крытыка ў бок уладных структураў надалей успрымаецца вельмі хваравіта і адразу трэба чакаць непрыемных дзеяньняў у свой бок.

У гэтай сувязі Віктар Валадашчук узгадаў словы расейскага журналіста пра тое, як асьвятляць падзеі, датычныя ўладаў Беларусі.

Валадашчук: «Сёньня пра ўладу трэба пісаць, як пра мерцьвяка — альбо нічога не пісаць…».

«Пасьля 19-га ў людзей зьнікла весялосьць, актыўнасьць, наватарства»


Сяргей Чыгрын
Журналіст «Газеты Слонімскай» Сяргей Чыгрын зьвяртае ўвагу яшчэ на адну акалічнасьць, якую ён адчуў у сваёй працы пасьля падзеяў на Плошчы:

«Людзі сталі нейкія спалоханыя, не жадаюць ніякіх мерапрыемстваў праводзіць. Зьнікла весялосьць у людзей, актыўнасьць, наватарства — гэта я пра сваіх землякоў кажу, пра слонімцаў».

Рэдактар яшчэ адной незалежнай газэты, «Наша слова», якая выходзіць у Лідзе — Станіслаў Суднік распавядае, што падзеяў на Плошчы іх выданьне не асьвятляла і ніякіх зьмен пакуль рэдакцыя не адчула. Праўда, ён дадае, што на першай старонцы зьмяшчалі перадвыбарчую праграму Рыгора Кастусёва, якая найболей адпавядае скіраванасьці газэты.


ВІЦЕБШЧЫНА


Журналіст мусіць зьвярнуцца па абарону ў пракуратуру


Уладзіслаў Старавераў
6 студзеня віцебскі журналіст Уладзіслаў Старавераў падаў скаргу ў абласную пракуратуру — ён зьбіраецца аспрэчыць афіцыйнае папярэджаньне пра недапушчальнасьць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.

Паводле гэтага дакумэнта, Уладзіслава Стараверава папярэджваюць за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі ў якасьці карэспандэнта. Матэрыялы ў пракуратуру паступілі з Чыгуначнага райаддзелу міліцыі, але журналіст лічыць, што аб’ектыўных доказаў супраць яго ў міліцыянтаў няма. Затое ёсьць відавочнае імкненьне перашкодзіць журналісцкай дзейнасьці:

«Увогуле за 2010 год мяне затрымлівалі 4 разы — тройчы ў Віцебску і адзін раз у Лепелі. Апошняе затрыманьне ў Віцебску на плошчы Перамогі ўвогуле было камічнае — калі міліцыянт заявіў, што я яго абражаю… Папярэджаньне грунтуецца на ілжывых дадзеных з Чыгуначнага РАУС — напісана, нібыта я здымаў на відэакамэру зь вялікім лягатыпам „Белсат“, між тым як на відэазапісе добра відаць, што на камэры ўвогуле няма лягатыпу».

Выпадак, згаданы ў афіцыйным папярэджаньні, здарыўся 8-га лістапада, калі Ўладзіслаў Старавераў здымаў на відэа Ўладзімера Правальскага, які меў намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Пазьней і Ўладзімер Правальскі, і сам Уладзіслаў Старавераў выклалі ў сеціва відэаролікі, дзе відаць, як міліцыянт Сяргей Казлоў правакаваў журналіста на бойку, патрабуючы выключыць відэакамэру.

На думку Ўладзіслава Стараверава, пасьля падзей 19 сьнежня стаўленьне да незалежных журналістаў будзе яшчэ больш жорсткім:

«Невыгодныя для дзяржавы тыя СМІ, якія аб’ектыўна паказваюць сытуацыю ў краіне. Мы зараз назіраем, як у калегаў праходзяць ператрусы — гэта спрабуюць дэзарганізаваць працу незалежных СМІ, запалохаць людзей. І невядома, колькі гэта будзе працягвацца — але відаць, што стаўленьне дзяржавы да незалежных СМІ пагоршылася».

Гарвыканкам аспрэчвае рашэньне гаспадарчага суду наконт права распаўсюджваць газэту «Витебский курьер»


Шэф-рэдактар газэты «Витебский курьер» Вадзім Баршчэўскі таксама не чакае нейкіх пазытыўных зьменаў пасьля падзеяў 19 сьнежня. Напрыканцы мінулага году гаспадарчы суд адмяніў пастанову Віцебскага гарвыканкаму, які пазбавіў ліцэнзіі на распаўсюд газэты прыватнае прадпрыемства «Витебский корунд». Але ўлады спрабуюць аспрэчыць судовае рашэньне, кажа спадар Баршчэўскі:

«Зараз гарвыканкам абскарджвае рашэньне, і чым скончыцца — невядома. Бо нават калі дадуць ліцэнзію, то могуць забараніць распаўсюджваць менавіта „Витебский курьер“, вось і ўсё!»

Газэта «Витебский курьер» зарэгістравана ў Расеі і друкуецца ў Смаленску. Гэта стварае дадатковыя цяжкасьці: ня раз здаралася, што наклады выданьня затрымлівалі падчас перавозкі, а адказных асобаў каралі штрафамі за парушэньне парадку распаўсюду газэты. Зарэгістраваць яе як беларускае пэрыядычнае выданьне пасьля падзеяў 19 сьнежня Вадзіму Баршчэўскаму падаецца зусім малаверагодным:

«Ніякіх шанцаў стаць беларускім выданьнем, я думаю, няма. Бо нічога не ідзе да лепшага, усё толькі горш і горш. Так што як быў „Витебский курьер“ расейскім выданьнем, так і застанецца. Хаця ён, безумоўна, працуе на Беларусь!»

Газэту «Куцейна» не рэгіструюць ад 2000 году


Віктар Андрэеў
Думку пра тое, што зарэгістраваць незалежнае выданьне пасьля падзеяў 19 сьнежня проста няма шанцаў, падзяляе і Віктар Андрэеў. Ён быў рэдактарам аршанскай газэты «Куцейна», зачыненай уладамі яшчэ ў 2000-м годзе:

«З таго часу мы кожны год спрабавалі зарэгістраваць „Куцейна“, і ўлады штораз нам адмаўлялі. Апошні раз мы зрабілі нават дзьве спробы, і першы раз нам адмовілі, бо рэдактар не адпавядае патрабаваньням Міністэрства інфармацыі, а другі — таму, што памяшканьне не адпавядае санітарным ды іншым нормам. Думаю, пасьля 19 сьнежня палітыка ня зьменіцца: шанцаў зарэгістраваць незалежнае выданьне цяпер проста няма».
XS
SM
MD
LG