Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хвароба Някляева — не падстава, каб яго вызваляць


Уладзімер Някляеў, пабіты 19 сьнежня.

Уладзімер Някляеў, пабіты 19 сьнежня.

Сваякі і абаронцы Ўладзімера Някляева да апошняга спадзяваліся, што 6 студзеня яму будзе зьмененая мера стрыманьня. Сёньня суд Цэнтральнага раёну Менску ў закрытым рэжыме разглядаў гэта пытаньне. У скарзе патрабавалася вызваліць Някляева і тэрмінова шпіталізаваць. Перад самым Новым годам у паэта здарыўся гіпэртанічны крыз, і неаказаньне кваліфікаванай дапамогі, лічаць заяўнікі, можа прывесьці да драматычных вынікаў. Вольга Някляева прадставіла выпіску з мэдычнай установы пра захворваньні мужа, але да яе аргумэнтаў не прыслухаліся.

Адвакаты Ўладзімера Някляева настойваюць, што далейшае знаходжаньне ў сьледчым ізалятары КДБ нясе рызыку для жыцьця палітыка. 29 сьнежня ў экс-кандыдата ў прэзыдэнты зафіксаваны гіпэртанічны крыз, але ніякай мэдычнай дапамогі хвораму аказана не было. Калі ж улічыць траўмы, атрыманыя ім падчас нападу невядомых на калёну актывістаў кампаніі «Гавары праўду» ўвечары 19 сьнежня, то, як перакананыя абаронцы, існуе неабходнасьць у грунтоўным абсьледаваньні Някляева. Аднак, як кажа Вольга Някляева, ніводнага з довадаў пад увагу не ўзялі:

Вольга Някляева
«Яны хадайніцтва адхілілі. Але для мяне гэтае рашэньне абсалютна чаканае. Цяпер будзем размаўляць з адвакатамі і, я думаю, будзем абскарджваць гэтае рашэньне».

Асноўным матывам такога рашэньня, паводле слоў адваката Ўладзімера Букштынава, стала тое, што Ўладзімер Някляеў абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні «асаблівага цяжкага злачынства». Спадар Букштынаў мае абскардзіць вынесеную пастанову ў Менскім гарадзкім судзе. Дарэчы, просьба адваката даставіць у суд самога Някляева была адхіленая.

У сваю чаргу, Вольга Някляева ад імя камітэту «Вызваленьне» перадала пэтыцыю прадстаўнікам краінаў Эўразьвязу, ЗША, Расеі з просьбай садзейнічаць вызваленьню ўсіх беларускіх палітвязьняў. Сваякі палітзьняволеных і дэмакратычныя актывісты мяркуюць каардынаваць сваю дзейнасьць з усімі зацікаўленымі ўрадамі і інстытуцыямі. Асноўная ўвага — вызваленьне зьняволеных і аказаньне падтрымкі арыштаваным і іх сем’ям.

Гэта тым больш актуальна, што зьвестак пра фізычны і маральны стан экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, амаль няма. У новым годзе адвакатам Андрэя Саньнікава, Аляксея Міхалевіча і Міколы Статкевіча так і не ўдалося пабачыцца са сваімі падабароннымі.


Між тым вядома, што Статкевіч трэці тыдзень трымае галадоўку. Палітык патрабуе прызнаць несапраўднымі вынікі галасаваньня 19 сьнежня і настойвае на правядзеньні новых прэзыдэнцкіх выбараў — справядлівых і празрыстых.

Сяргей Скрабец
Ягоныя прыхільнікі лічаць, што Статкевіч, у якога за сьпінай ужо не адна «палітычная адседка», пойдзе да канца. Партыйны паплечнік Статкевіча Сяргей Скрабец — сам у мінулым палітвязень і трымаў нямала галадовак. Ён перакананы: у адносінах да абвінавачанага ўжываюць шантаж:

«Калі я галадаваў, да мяне таксама не дапускалі адваката. Патрабавалі спыніць галадоўку і на такіх умовах абяцалі пусьціць. Я не пагаджаўся, быў ізаляваны. То бок — банальны шантаж. Лічу, што гэта можа быць і ў дадзеным выпадку. Але ўрэшце пусьцяць, куды яны дзенуцца. Нават калі Мікалай будзе далей настойваць на сваім і працягваць галадоўку, павінны пусьціць паводле закону. Праўда, у нашай сытуацыі можна шмат пра што толькі гадаць. А калі раптам будуць працягваць шантажаваць, то Мікалай цьвёрды духам і на такія ўлоўкі не паддасца. Ну, і тое, што ён адмовіўся ад дачы паказаньняў, таксама сьведчыць: ён будзе трымацца да апошняга, змагацца. Вы ж ведаеце: многія з тых, хто зараз утрымліваецца пад вартай, пад ціскам даюць паказаньні і г.д. Зь Мікалаем ня той выпадак, яны нічога не даб’юцца. Ня будзе ён пісаць ні лістоў, ні запісак, ні каяцца ня будзе. У гэтым я перакананы».


Пакуль яшчэ адзін былы прэтэндэнт на вышэйшую пасаду Аляксей Міхалевіч застаецца за кратамі, на волі пра яго не забываюць. Ня толькі сваякі, але і спэцслужбы.

Як расказала жонка палітыка Мілана, у іхным аўтамабілі «Шкода» сёньня быў праведзены ператрус. Чым была выкліканая пільная неабходнасьць у ім, не патлумачылі. Дзеля вобшуку апэратыўнікі, не дачакаўшыся Міланы, самі адкапалі машыну з-пад сьнегу — маўляў, не хацелі турбаваць яе і дзетак. Сказалі, што ключы ад аўто былі пры гаспадары падчас затрыманьня. Тым часам адваката да Міхалевіча не дапусьцілі.


Аналягічная сытуацыя і з Андрэем Саньнікавым. Ягоны абаронца Павел Сапёлка ўчора ўвесь дзень безвынікова адседзеў у КДБ, хоць і быў там адным зь першых у чарзе. А сёньня рыхтуе скаргі:

«Я ўчора там увесь дзень адседзеў, сёньня сядзець ужо ня буду. Цяпер я сяджу і пішу скаргі. Дарэчы, учора не патрапіў да падабароннага нават адвакат, які быў першы ў чарзе. А я быў трэці, прыйшоў туды а 9-й гадзіне раніцы».

Колькасьць абвінавачаных за «арганізацыю масавых беспарадкаў» ў праваабаронцаў і ў міліцыі розьніцца. Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», па крымінальнай справе абвінавачаныя 25 чалавек: 23 зь іх утрымліваюцца пад вартай, 2 — пад падпіскай аб нявыезьдзе. Сьпіс МУС не абнаўляецца ад 30 сьнежня, у ім абвінавачанымі праходзяць 22 асобы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG