Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Патрабуем ад А. Лукашэнкі вызваленьня ўсіх узятых ім закладнікаў"


Грамадзянская ініцыятыва "Вызваленне" прыняла зварот да кіраўніцтва краін Эўразьвязу і ЗША, Расейскай Фэдэрацыі, да ўсясьветнай супольнасьці, у якім запатрабавала вызваленьня ўсіх затрыманых. Аўтары звароту лічаць, што "да вызваленьня ўсіх арыштаваных і затрыманых у сувязі з "справай 19 сьнежня 2010 г." апраўданымі могуць быць усёабдымныя жорсткія санкцыі з боку ЗША, Эўрасаюзу і Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму".

"Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і наступнай мірнай акцыі пратэсту былі затрыманыя і зьбітыя сотні грамадзян Беларусі, многія зь якіх былі асуджаныя на адміністрацыйны арышт або выплату штрафу. Мы лічым, што разгон мірнай акцыі справакавала група правакатараў, якія могуць быць устаноўлены па наяўных фота-і відэазапісах. Наша неразуменьне выклікае той факт, што гэтыя асобы да гэтага часу не аб'яўлены ў вышук", — сказана ў звароце.

Гаворачы пра затрыманых, аўтары звароту зьвяртаюць увагу, што "сярод зьмешчаных у СІЗА КДБ жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп, што робіць закладнікам сытуацыі іх трохгадовага сына, пакінутага без апекі бацькоў. Па нашых зьвестках, некаторым з затрыманых (Уладзімір Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Натальля Радзіна, Мікалай Статкевіч) патрабуецца неадкладная мэдыцынская дапамога, аказаньне якой немагчыма ва ўмовах СІЗА КДБ".

Заснавальнікі грамадзянскай ініцыятывы "Вызваленьне" патрабуюць "ад А.Лукашэнкі вызваленьня ўсіх узятых ім закладнікаў — кандыдатаў у прэзыдэнты, іх давераных асоб, журналістаў і незаконна затрыманых людзей".

"Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі, а таксама міжнародную супольнасьць — у першую чаргу кіраўніцтва Эўрасаюзу, ЗША і Расеі — далучыцца да гэтых патрабаваньняў. Мы прапануем стварыць міжнародную камісію па расьсьледаваньні злачынстваў, якія мелі месца падчас выбараў 19 сьнежня ў Беларусі.

Лічым, што да вызваленьня ўсіх арыштаваных і затрыманых у сувязі з "справай 19 сьнежня 2010 г." апраўданымі могуць быць усёабдымныя жорсткія санкцыі з боку ЗША, Эўрасаюзу і Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму", — сьцьвярджаецца ў звароце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG