Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джудзі Дэмпсі ў артыкуле ў "The New York Times" апісвае шэраг крокаў Варшавы ў адказ на падзеі ў Беларусі 19-га сьнежня 2010 году.

Пасьля таго, як беларускія сілы бясьпекі абрынуліся на апазыцыю ў мінулым месяцы, польскі ўрад праводзіць стратэгію, накіраваную на павялічэньне падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці і няўрадавых арганізацый пры ізаляцыі вышэйшага кіраўніцтва ў Менску. Пра гэта заявілі чыноўнікі ў Варшаве ў сераду.

Замест таго, каб чакаць, пакуль Эўразьвяз прыме адзіную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, Польшча робіць шэраг аднабаковых захадаў. Гэтыя крокі прадугледжваюць пашырэньне тэлевяшчаньня на Беларусь на беларускай мове.
Замест таго, каб чакаць, пакуль Эўразьвяз прыме адзіную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, Польшча робіць шэраг аднабаковых захадаў. Гэтыя крокі прадугледжваюць пашырэньне тэлевяшчаньня на Беларусь на беларускай мове. Польшча адкрывае свае ўнівэрсытэты для беларускіх студэнтаў, якія ўжо ня могуць завяршыць сваё навучаньне дома з-за іх палітычнай дзейнасьці, і спрыяе стварэньню цэнтра ў Варшаве для беларускай апазыцыі.

У мінулую суботу, Польшча скасавала плату за нацыянальныя візы для грамадзянаў Беларусі, у той час як іншыя краіны ЭЗ захавалі гэтую плату. "Мы хочам дапамагчы нашым суседзям ўмацоўваць сваю эўрапейскую ідэнтычнасьць, даючы ім магчымасьць мець больш частыя кантакты з палякамі і іншымі грамадзянамі Эўрапейскага Зьвязу", – заявіў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў мінулыя выхадныя. Ён дадаў, што Польшча будзе прымаць меры па "прадухіленьні ўезду ў Польшчу службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, адказных за арганізацыю нядаўняй хвалі рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці".

Спадар Сікорскі таксама абвясьціў на гэтым тыдні, што Польшча падвоіць сваю дапамогу няўрадавым арганізацыям Беларусі сёлета да 13 мільёнаў даляраў.

Беларускія сілы бясьпекі расправіліся з апазыцыяй 19-20 сьнежня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, сумнеўнымі сродкамі. Пасьля таго як прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка быў абраны на чацьвёрты тэрмін, дэманстранты выйшлі на вуліцы, і больш за 700 чалавек, у тым ліку сем кандыдатаў у прэзыдэнты, былі арыштаваныя.

Безумоўная падтрымка Польшчай беларускай грамадзянскай супольнасьці адлюстроўвае глыбокую прыхільнасьць Варшавы пашырэньню каштоўнасьцяў свабоды і дэмакратыі ў гэтай краіне, заціснутай паміж Эўрапейскім Зьвязам і Расеяй. І таму, што Беларусь зьяўляецца непасрэдным суседам са значнай польскай меншасьцю, Польшча адчувае асаблівую адказнасьць за тое, каб Беларусь была значным зьнешнепалітычным прыярытэтам для Эўразьвязу ў цэлым.

Чакаецца, што прадстаўнікі краін ЭЗ абмяркуюць стасункі з Беларусьсю ў бліжэйшыя дні ў Брусэлі. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель была адным зь лідэраў ЭЗ, якія настойвалі на санкцыях супраць Беларусі, урадавыя чыноўнікі ў Бэрліне кажуць, што Нямеччына таксама хоча падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і свабоду прэсы ў Беларусі.

У сумеснай заяве ў аўторак, дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан і Кэтрын Эштан, вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах, выказалі шкадаваньне з нагоды рашэньня беларускіх уладаў спыніць працу офісу АБСЭ. У заяве таксама утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў вызваліць кандыдатаў і іншых асобаў, затрыманых пасьля выбараў.

Польскі МЗС заявіў, што аказваў дапамогу тым, каго зьбівалі беларускія сілы бясьпекі і тым, хто шукае прытулку ў Польшчы. Беларускія ўлады ў сераду заявілі, што Польшча была вольная рабіць тое, што яна хацела.

"Не чакайце ад мяне крытыкі нашых польскіх партнэраў. Мы лічым, што гэта сувэрэннае права Польшчы. Яны маюць права прымаць меры, якія яны лічаць неабходнымі," – сказаў Андрэй Савіных, афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС. – Але праблема ў тым, што існуе даволі шмат нашых партнэраў, якія маюць скажонае ўяўленьне аб рэаліях палітычнай і грамадзкага жыцьця ў Беларусі".

Да разгону дэманстрацыі ў мінулым месяцы Эўразьвяз, з ініцыятывы Польшчы і Швэцыі, быў гатовы прапанаваць спадару Лукашэнку стымулы, у тым ліку больш шчыльныя сувязі са Зьвязам, у абмен на паступовую дэмакратызацыю. Але рэпрэсіі супраць апазыцыі, так выглядае, пераканалі, што польская дыфэрэнцаваная палітыка ў дачыненьні да Беларусі павінна зараз быць працягнутая.

"Белсат", зь яго лёзунгам "вашае права на выбар", пачаў вяшчаньне на Беларусь ў сьнежні 2007 году. У цяперашні час яго глядзяць, рэгулярна або час ад часу, больш за 700 тыс.
"Зразумела, што гэта час, каб зрабіць яшчэ больш для грамадзянскай супольнасьці", – кажа Агнешка Рамашэўска-Гуза, дырэктар "Белсату", канала спадарожнікавага тэлебачаньня, які падтрымліваецца польскім урадам. – Мы неабходныя ў Беларусі больш, чым калі-небудзь". "Белсат", зь яго лёзунгам "вашае права на выбар", пачаў вяшчаньне на Беларусь ў сьнежні 2007 году. У цяперашні час яго глядзяць, рэгулярна або час ад часу, больш за 700 тыс. чалавек. Такія дадзеныя падае дасьледчы цэнтар "Люстэрка-Інфа".

Спадарыня Рамашэўска-Гуза кажа, што на канале працуюць 37 штатных журналістаў і больш за 100 пазаштатных супрацоўнікаў у Беларусі, некаторыя зь якіх былі заключаны ў турму пасьля 19 сьнежня; у офісах "Белсату" ў Беларусі былі праведзеныя ператрусы ў першыя дні пасьля разгону.

Польшча таксама падтрымлівае “Радыё Racja” і “Эўрапейскае радыё для Беларусі”. Польскі ўрад заявіў у сераду, што чакаў бы ад ўрадаў іншых краін ЭЗ, а таксама няўрадавых арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі падтрымкі гэтых сетак вяшчаньня на Беларусь.

Падтрымка з боку іншых краін ЭЗ мае важнае значэньне, сказаў Эндру Міхта, першы дырэктар варшаўскай філіі Фонду Германа Маршала.

"Польшча ня можа праводзіць такую палітыку адна, – сказаў ён. – Польшча мае абмежаваныя рэсурсы, і гэта робіць яе ўразьлівай ў адносінах зь Беларусьсю. Польшча спрабуе пераканаць ЭЗ увесьці санкцыі, але не за кошт ізаляцыі беларускага насельніцтва. У той жа час, Польшча павінна клапаціцца аб польскай меншасьці ў Беларусі, якая можа апынуцца пад ціскам”.

Паводле ацэнак, у Беларусі жывуць 400 тыс. этнічных палякаў. У лютым 2010 года беларускія ўлады арыштавалі больш за 30 актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі, у тым ліку яго старшыню, Анжаліку Борыс. Варшава адрэагавала, пагражаючы закрыць свае межы для некаторых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG