Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія нафтаперапрацоўшчыкі пакуль ня могуць дамовіцца з расейскімі пастаўшчыкамі пра формулу цаны на нафту, якая будзе паступаць у рэспубліку ў 2011 годзе, паведамілі агенцтву Інтэрфакс-Захад у канцэрне "Белнафтахім".

"Бязмытная нафта на беларускія НПЗ пакуль не паступае. Ідуць перамовы, у ходзе якіх абмяркоўваюцца пытаньні цэнаўтварэньня. Зь беларускага боку ў гэтых перамовах удзельнічаюць нашы НПЗ, канцэрн "Белнафтахім" і Беларуская нафтавая кампанія, з расейскага — нафтаздабыўныя кампаніі, уладальнікі рэсурсаў", — распавялі ў канцэрне.

Між тым удзельнікі беларускага нафтавага рынку паведамілі, што падчас перамоваў расейскія нафтавыя кампаніі прапанавалі закласьці ў формулу кошту бязмытнай нафты дадатковыя $45 на 1 тону. На іх думку, гэта дазволіць расійскім пастаўшчыкам забясьпечыць роўную прыбытковасьць пры пастаўках нафты па ўсіх напрамках.

Па словах суразмоўцаў агенцтва, беларускі бок ня згодны з гэтымі ўмовамі. Менск настойвае на літаральным выкананьні нормаў, закладзеных у нафтавых пагадненьнях, падпісаных у рамках стварэньня АЭП і ратыфікаваных беларускім парлямэнтам.

"Напярэдадні Новага году ў Маскве ішлі досыць напружаныя перамовы, якія пакуль не ўвянчаліся посьпехам. Цяпер у Расеі навагоднія і калядныя вакацыі, таму перамовы часова прыпыненыя", — паведамілі ўдзельнікі нафтавага рынку.

Аднак на сёньняшні дзень, па словах прадстаўніка "Белнафтахіму", "сытуацыя з часовым прыпыненьнем паставак нафты з Расеі клопату не выклікае". "У заводаў ёсьць дастаткова вялікія рэшткі зь мінулых месяцаў, якіх хопіць прыкладна на 20 дзён працы на поўнай загрузцы", — адзначыў прадстаўнік канцэрну.

Ён падкрэсьліў, што "з улікам наяўных запасаў нафты і калядных канікул перамоўны працэс можа быць адкладзены".

Як паведамлялася, Беларусь і Расея падпісалі 9 сьнежня міжурадавае пагадненьне "Аб парадку выплаты і залічэньня вывазных мытных пошлін (іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеяньне) пры вывазе з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюзу нафты сырой і асобных катэгорый тавараў , вырабленых з нафты".

Гэтае пагадненьне дае Беларусі магчымасьць атрымліваць з Расеі нафту і нафтапрадукты бязмытна і без вызначэньня квотаў. З-пад дзеяньня пагадненьня выведзена перапрацоўка нафты з Вэнэсуэлы і іншых краін, якая будзе ўвозіцца на ўмовах спэцыяльнага мытнага рэжыму, які прадугледжвае абавязковы рээкспарт тавараў, атрыманых з дадзенай сыравіны.

Пагадненьне ўступіла ў сілу пасьля ратыфікацыі Менскам пакета з 17 пагадненьняў па стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) Беларусі, Расеі і Казахстану. Парлямэнт Беларусі ратыфікаваў гэтыя 17 пагадненьняў 21—22 сьнежня 2010 году.

У 2011 годзе, згодна з праектам паліўнага балянсу "саюзнай дзяржавы", пастаўкі нафты з РФ у Беларусь павінны скласьці 21,7 мільёна тон.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG