Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хапун»: бязьлітасны і бессэнсоўны



Нягледзячы на мае просьбы, на плошчу жонка ўсё-ткі прыйшла. Спроба мірнай дамовы з бацькамі - вы не галасуеце за Лукашэнку, я застаюся дома - правалілася. Не згадзіліся. Тады яна зьезьдзіла на старую кватэру, сабрала дзьве торбы дзіцячых рэчаў, навагодніх цацак і, не завозячы іх дахаты, далучылася да калёны Рымашэўскага каля Галоўпаштамта. Пакінуць торбы ў знаёмага, які жыве ў цэнтры Менску, адмовілася. Напэўна, разьлічваючы, што яны будуць гарантыяй яе самых міралюбных намераў. Паколькі яна прыйшла несьці ня меч, але мір. І разам з тым засьцерагаць сваіх мужчынаў ад неабдуманых, рызыкоўных учынкаў. Хто ж ведаў, што рызыкоўным будзе само знаходжаньне ў цэнтры гораду ўвечары 19-га, незалежна ад намераў. Што да жанчынаў, дык «паднявольная птушка» сп. Ярмошына адвяла ім адзінае магчымае месца ў беларускай сацыяльнай мадэлі: сядзець дома і варыць боршч. Калі ты ня варыш дома боршч, а «шастаеш па плошчах», ты ўжо як быццам і не жанчына.

У гэтым цьверджаньні ёсьць пэўная рацыя: так, сапраўды, не жанчына ў патрыярхальным сэнсе слова, істота пасіўная і залежная, а паўнапраўны грамадзянін.

Учынак маёй жонкі быў цалкам самастойным, грамадзянскім, але калі на плошчы запахла смажаным, я вырашыў яе эвакуаваць у тэрміновым парадку разам зь яе недарэчнымі торбамі. Бо карцінка, што я сабе маляваў у галаве, была невыносная: раскіданыя па сьнезе ў розныя бакі навагоднія цацкі і дзіцячыя рэчы сярод лужынак крыві... Праз гэты адыход я пазбавіўся магчымасьці зьдзейсьніць які-небудзь эфэктны гераічны ўчынак, але адначасова і пагрозы атрымаць у выніку куды больш сур'ёзны тэрмін зьняволеньня, чым я атрымаў. Усё адно супраціў сілавой перавазе суперніка (іначай і не назавеш цяпер прадстаўнікоў сілавых структураў) быў асуджаны на паразу...

Такія самыя ці падобныя апраўданьні знайшліся ў сотняў, тысячаў удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Трэба сказаць, што я, заўсёднік вулічных акцыяў зь 1991 году, ніколі ня бачыў настолькі масавых і хутканогіх уцёкаў ад амонаўцаў. Тым болей дзіўнымі яны выглядалі праз адсутнасьць якой-небудзь відавочна страшэннай небясьпекі: ані сьветла-шумавых гранатаў, ані газу, ані вадамётаў не ўжывалася, нават у шчыты амонаўцы спачатку неяк ня надта пераканаўча стукалі, а непасрэдна каля Дома ўраду сілавыя структуры былі прадстаўленыя зборнай салянкай зь бязвусых, перапуджаных юнакоў і нязграбных, атлусьцелых дзядзькаў.

Чаму ж тады пабеглі?

Найперш эфэкт нечаканасьці. Здаецца, усе яшчэ знаходзіліся пад узьдзеяньнем ілюзорнай лібэралізацыі папярэдніх месяцаў і былі зусім не падрыхтаваныя да сілавога варыянту разьвіцьця падзеяў. Да таго ж, сярод мітынгоўцаў, падобна, працавала рэкордная колькасьць правакатараў рознага кшталту: мы заўважылі групкі «спрынтэраў» у цывільным, якія арганізавана зрываліся зь месца і несьліся ва ўвесь апор подскакам, нібы сайгакі, уцягваючы ў свой бег натоўп. Яго можна было спыніць або прытармазіць вокрыкамі, што многія і рабілі - прынамсі каб прадухіліць паніку, але ці быў нейкі сэнс затрымліваць людзей на плошчы, калі ўжо пачынаўся разгон? Улічваючы кантынгент удзельнікаў мітынгу, які складаўся пераважна з інтэлігенцыі, мяккацелых прадстаўнікоў умоўнай сярэдняй клясы, параўнальна вялікай колькасьці пэнсіянэраў і людзей, якія ўпершыню ўзялі ўдзел у акцыі пратэсту, сэнсу не было. Гэта толькі памножыла б колькасьць пралітай у той вечар крыві.

Наогул, усё гэта, калі падумаць, выглядае даволі сьмешна. Любы «нармальны» абураны народ даводзіцца ўціхамірваць, нас жа спатрэбілася падштурхоўваць да «паўстаньня», а мы не паддаліся. Да ўцёкаў таксама давялося падштурхнуць, але тут мы ўжо радыя былі паддацца.



(Ілюстрацыя запазычаная ў блогера navicki)

Аднак, як вы ўжо ведаеце, своечасовы сыход з плошчы ня выратаваў нас ад затрыманьня.

Недзе з паўгадзіны мы стаялі каля Пішчалаўскага замку, пераводзячы дых і з сумам назіраючы за бясконцым натоўпам, які адыходзіў назад у палітычны нябыт па ходніках вуліцы Валадарскага. Ад гэтага відовішча разгромленага народу сьлёзы набягалі на вочы...

Нашы сябры, Канстанцін Чарнец з жонкай, тым часам выехалі ў горад падыхаць наэлектрызаваным паветрам і прабіраліся да нас партызанскімі сьцежкамі, абыходзячы міліцэйскія кардоны. Нарэшце мы сустрэліся ў сквэры Адама Міцкевіча, прагуляліся па Нямізе, адкуль падняліся на плошчу Свабоды і ўжо там, насупраць архікатэдральнага касьцёла імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, на ціхай асьветленай вуліцы былі гвалтам затрыманыя невядомымі ў чорным. Нас было шасьцёра. Калі не лічыць мяне, каго падчас гульні ў «мафію» у камэры Жодзінскай турмы заўжды падазравалі ў нядобрым за зьнешні выгляд, кампанія нічым не нагадвала злосных хуліганаў, удзельнікаў «масавых беспарадкаў». З большай верагоднасьцю мы маглі вяртацца зь якой-небудзь, скажам, тэатральнай імпрэзы. Сярод нас быў інвалід першай групы - Канстанцін Чарнец, які апошні год быў вельмі далёкі ад «пены дзён», займаючыся грунтоўным дасьледаваньнем вобразу сьмерці ў мастацтве і літаратуры. Праз што сам набыў выгляд гэткага філёзафа-пустэльніка. Пазьней, у Ленінскім РАУС, адзін крымінальнік, які трапіў у палітычны «хапун», паўжартам параўнаў Чарнеца «з Хрыстом, што ідзе на Галгофу». І хаця яго «велікадушна» адпусьцілі праз суткі (прысудзіўшы мільённы штраф, пратрымаўшы ўвесь гэты час без вады і ежы, паганяўшы па міліцэйскіх засьценках, уніз і ўверх, туды і сюды, усё на адной назе, адсутныя рукі за сьпіну, прасьветленым тварам да сьцяны, павазіўшы ў перапоўненых аўтазаках), што ня цягне на Галгофу, у маіх вачах ён зрабіўся сымбалічнай постацьцю - самым наглядным сьведчаньнем таго барбарства і цемрашальства, якія адбыліся 19 сьнежня.

Канстанцін Чарнец з жонкай удзелу ў мітынгу ня бралі. А гэта было зусім неабавязкова, каб пацярпець ад дзеяньняў сілавых органаў у той вечар. Незадоўга да нас былі затрыманыя пяцёра сьвяточна ўбраных маладзёнаў каля піцэрыі O Sole Mio, якія прыйшлі туды адсьвяткаваць дзень народзінаў свайго сябра. У гэтым самым аўтобусе, куды нас груба заштурхнулі, ужо знаходзілася шлюбная пара навукоўцаў-біёлягаў, якія ехалі сустракаць сваю 13-гадовую дачку, але былі схопленыя апоўначы на прыпынку «Плошча 8 сакавіка» тымі самымі невядомымі ў чорным.

Заўважце, апоўначы. Нас жа затрымалі яшчэ пазьней. Пры гэтым у пратаколах затрыманьня быў пазначаны час 22:30 (і месца - вул. Савецкая, 11). А цяпер, увага, самае цікавае: згодна з афіцыйнай інфармацыяй ГУУС Менгарвыканкаму, супрацоўнікі органаў унутраных справаў «прыступілі да затрыманьня актыўных удзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў» у 22:56. Што аўтаматычна пазбаўляе сотні напісаных пад капірку пратаколаў у Ленінскім РАУС доказнай сілы.

У сувязі з чым я зьвярнуўся да прэс-сакратара ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага, выказаўшы спадзеў (толькі ня сьмейцеся) на ягоны афіцэрскі гонар, з просьбай выступіць у судзе ў нашу абарону дзеля аднаўленьня справядлівасьці. Вось што мне адказаў сп. Ластоўскі: «Па роду службы мае сьведчаньні ня могуць чым-небудзь дапамагчы вам». Той самы род службы, што не дазваляе Аляксандру Ластоўскаму чым-небудзь дапамагчы сотням асуджаных па падробленых пратаколах, не зашкодзіў іншым «праваахоўнікам» падпісваць гэтыя пратаколы, якія не адпавядаюць нават уласна міліцэйскай вэрсіі падзеяў.

Дарэчы, мой камэнтар у блогу Ластоўскага аказаўся адзіным, зьвязаным з падзеямі 19 сьнежня, на які ён даў адказ. Астатнія камэнтары прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму, насуперак сваёй звычцы і пастаўленай перад ім задачы - дагрукацца да сэрцаў і розумаў інтэрнэт-аўдыторыі, праігнараваў. І гэта цешыць - значыць, ім папросту няма чаго сказаць.

А цікава было б даведацца, для чаго спатрэбілася ладзіць «хапун» у радыюсе некалькіх кілямэтраў (пазьней я сустракаўся зь людзьмі, затрыманымі ажно каля гіпэрмаркету «Карона» на Кальварыйскай, чуў пра затрыманых ва... Уруччы), заграбаючы столькі абсалюта выпадковых мінакоў? Што перашкодзіла міліцыянтам - хаця ў мяне няма пэўнасьці, што гэта былі міліцыянты, бо яны адмовіліся назваць ня толькі ўласныя імёны, але і сваю прыналежнасьць да якога-небудзь міліцэйскага падразьдзяленьня - адпусьціць інваліда першай групы, чыё затрыманьне відавочна ня лезла ні ў якія вароты? Яны ўжо ў першыя хвіліны бачылі, каго затрымалі. Адзін зь невядомых у чорным спытаўся ў Чарнеца: «Навошта ты кідаў у нас камяні?». У адказ на гэта Кастусь прадэманстраваў яму свае адсутныя рукі: «Чым?». Здаецца, яму нават крыху сорамна стала ў той момант. Але ж сораму хапіла толькі на тое, каб даць яму сесьці.

Нават чуткі пра тое, быццам за кожнага затрыманага давалі прэмію памерам 200 тысячаў беларускіх рублёў, не патлумачылі б такіх вычварных, садысцкіх паводзінаў. Як бы цынічна гэта ні прагучала, на вуліцах сталіцы заставалася яшчэ вельмі шмат людзей, чыё затрыманьне не выглядала б настолькі адыёзным. Колькі ні думаю аб гэтым, не магу зразумець. У галаву прыходзіць толькі «Гімн тварэньня» з Рыгведы, гімн радыкальнага агнастыцызму, немагчымасьці спазнаньня ісьціны:

«Адкуль пайшло ўсё створанае,
Ці стварыў гэта Ён, ці Ён не ствараў,
Ён, хто бачыць усё з найвышэйшых нябёсаў,
Ён ведае пра тое. А можа, і Ён ня ведае..»


І гэта, бадай, самае страшнае ў беларускай рэчаіснасьці: нявызначанасьць, неспазнавальнасьць і непрадказальнасьць правілаў гульні. Чарнец пераказваў словы аднаго з затрыманых, сказаных у аўтазаку, нібыта ў 37-ым усё было па-свойму лягічна, а ў нас ад рэпрэсіўнай сыстэмы патыхае хаосам...

Пачатак:

Палёт над зязюліным гняздом па-беларуску
Праспэкт-2010

Працяг будзе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG