Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах працягваецца акцыя салідарнасьці з арыштаванымі 19-га сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Для палітрэпрэсаваных ахвяруюць харчовыя прадукты і адзеньне, а таксама грошы на лекі і на аплату юрыдычнай абароны.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Дапамагаем арыштаваным у Менску і ў рэгіёне

Гомельскія актывісты перадалі грашовую дапамогу для рэпрэсаваных кандыдатаў на прэзыдэнта й удзельнікаў акцыі, якія былі схоплены 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску й арыштаваны на розныя тэрміны зьняволеньня.

Пётар Кузьняцоў
Гаворыць старшыня абласной арганізацыі руху «За свабоду» Пётар Кузьняцоў:

«Зьбіраліся нашы актывісты, і кожны ахвяраваў пэўную суму. Гэта было выключна добраахвотна. І прыходзілі людзі простыя, шарагоўцы, якія бралі ўдзел у назіраньні — яны таксама пэўныя сумы пакідалі дзеля дапамогі рэпрэсаваным. Там жа і кандыдаты ў прэзыдэнты за кратамі, і тыя, хто патрапіў на 15 сутак. Дзеля іх!»

Спадар Кузьняцоў паведаміў, што «рухаўцы» адмыслова выпраўлялі ў Менск сваю актывістку:

«Адна з нашых актывістак адмыслова паехала ў Менск, каб адвезьці гэтыя грошы й перадаць празь Юрася Губарэвіча, які зьяўляецца намесьнікам Аляксандара Мілінкевіча, для рэпрэсаваных — у камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць».

Дапамога менскім арыштантам накіроўвалася й праз рэгіянальнага каардынатара грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімера Кацору:

«Я быў у Менску, перадаў сам, і мяне прасілі іншыя актывісты перадаць грашовую дапамогу. Гэта я й зрабіў — пакінуў яе ў офісе БНФ. Тут, у Гомелі, калі адбывалі пакараньне Захаранка, Клімовіч і Сьляпухін, мы таксама зьбіралі дапамогу й перадавалі ім у ізалятар».

ВІЦЕБШЧЫНА


Грошы і калядныя паштоўкі — ад віцебскіх прадпрымальнікаў

Сяргей Парсюкевіч
Віцебскія прадпрымальнікі накіравалі калядныя паштоўкі вязьням КДБ і працягваюць збор сродкаў для падтрымкі зьняволеных.

Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч распавёў «Свабодзе» пра акцыю, якая праходзіць на віцебскіх кірмашах:

«Зьбіралі сродкі спачатку на Смаленскім кірмашы, потым на Полацкім… Я тлумачыў, што ў Менску 19 сьнежня была акцыя, потым рэпрэсіі, людзей затрымлівалі… І толькі 5% недзе мне адмаўляюць — маўляў, так і трэба, што яны сядзяць. Такіх вельмі мала. І нехта 50 тысяч дае, а так у асноўным — па 5–10 тысяч. Я гэтыя грошы перадаю ў Менск, і няхай там вызначаюць — што на перадачы, што на адвакатаў».

Падтрымка — з розных раёнаў Віцебшчыны

Сродкі для затрыманых таксама зьбіралі ў райцэнтры Мёры Віцебскай вобласьці. А паштоўкі з навагоднімі ды каляднымі віншаваньнямі таксама накіравалі і аршанскія актывісты.

Полацкія лідэры Свабоднага прафсаюзу сталі ініцыятарамі звароту з патрабаваньнем вызваліць зьняволеных за ўдзел у акцыі 19 сьнежня. Кіраўнік незалежнага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў ужо на волі — ён адбыў 10 сутак арышту, але патрабаваньне свабоды для вязьняў КДБ застаецца актуальным, лічыць Віктар Стукаў, актывіст суполкі Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства «Шкловалакно»:

«Ініцыятыва была з Полацку. Тэкст узгаднялі па тэлефоне. І прафсаюз зрабіў заяву ў сувязі з падзеямі 19-га, выказаў пратэст супраць таго, што былі затрыманыя бязьвінныя людзі».

Тацяне Севярынец адмовілі ў сустрэчы з сынам

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец, маці зьняволенага ў СІЗА КДБ Паўла Севярынца, лічыць неабходнай ня толькі матэрыяльную, але й духоўную падтрымку:

«Я сама ў катэдральным саборы ў Віцебску замовіла акафіст, стаяла ўсю службу. Акафіст замовіла ня толькі за Паўла — падала цыдулку з усімі імёнамі зьняволеных, менавіта за здароўе, за цярпеньне, за іхную вытрымку. За ўсіх, хто ў КДБ сядзіць, і на „Валадарцы“ нехта яшчэ, магчыма… І я ведаю, што ў Чырвоным касьцёле, у пратэстанцкіх цэрквах людзі моляцца, згадваюць пра ўсіх нашых вязьняў».

5 студзеня Тацяна Севярынец паехала ў Менск, каб дамагчыся сустрэчы з сынам. Але ёй адмовілі:

«Галоўны сьледчы, які ўзначальвае камітэт па гэтай справе, сказаў, што бліжэйшым часам такая сустрэча немагчымая. Я спыталася, як гэта: была ж справаздача Генпракуратуры, якая правярала ўмовы ў СІЗА КДБ, і напісана было, што там усё добра і гладка і што з адвакатам сустрэчы без праблем. Дык як гэта адпавядае рэчаіснасьці, пытаюся, калі адвакат за два тыдні быў у Паўла два разы па паўгадзіны і мне вы не даяце ўбачыцца з сынам? Адказвае: «Ідзе сьледзтва. Не раней як празь месяц».

Тацяна Севярынец зьбіраецца пісаць скаргу ў Генэральную пракуратуру пра парушэньні ў дачыненьні да вязьняў СІЗА КДБ.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Акцыя салідарнасьці са зьняволенымі не перапыняецца

На Магілёўшчыне зьняволеным на акцыях пратэсту 19–21 сьнежня дапамагалі матэрыяльна й духоўна.

Аксана Закрэўская
Адразу пасьля разгону акцыі пратэсту і зьняволеньня сотняў яе ўдзельнікаў заклік аб дапамозе распаўсюдзіў праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце Магілёўскі гарадзкі штаб кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Водгук быў нечаканы, адзначае каардынатарка штабу Аксана Закрэўская.

«Было дзіўна, што гэта былі ня толькі актывісты нейкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, але й звычайныя людзі. Быў у нас выпадак, калі чалавек з Быхава прыехаў, каб дапамогу аказаць. І людзі сталага веку. Яны перажываюць за моладзь. У іх такі боль, што дужа шмат моладзі ў зьняволеньні знаходзіцца й многія атрымалі штрафы. Прадпрымальнікі адгукнуліся. І іхная падтрымка таксама адчувалася».

За лічаныя дні штаб сабраў рэчы асабістай гігіены, цёплую вопратку, капэрты й паперу для лістоў. Прадпрымальнікі дапамаглі выдрукаваць зборнікі правоў зьняволеных. Акцыя салідарнасьці са зьняволенымі не перапыняецца, гаворыць спадарыня Закрэўская. Цяпер людзі ахвяруюць грошы на падтрымку тых, каго аштрафавалі.

Вернікі ў Асіповічах моляцца за арыштаваных

У Асіповічах вернікі Беларускай Эвангельскай царквы штодня моляцца за ўсіх, хто быў 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, зазначае пастар Эрнэст Сабіла. За ягонымі плячыма 13 гадоў сталінскіх лягераў і нявыкананы сьмяротны прысуд.

Сабіла: «Мы маліліся, каб Бог умяшаўся і справіў усё ж такі сваю лагодную волю адносна пацярпелых людзей, пабітых людзей. Каб ён выканаў сваю волю і адносна тых, якія гэтак жорстка паставіліся да дэманстрантаў».

Ці адчувалі падтрымку самі зьняволеныя? Бабруйскі журналіст Яўген Васьковіч кажа, што так:

«Сам факт таго, што людзі пра нас не забыліся, быў найвялікшай падтрымкай. Нават не было важна, што ў перадачах. Мне, напрыклад, прыйшла „Наша Ніва“, прыйшлі два нумары часопісу „Абажур“. Астатнім таксама прыходзілі кніжкі, газэты. На дзіва, але прапускалі незалежныя выданьні».

Як зазначае Яўген Васьковіч, найцяжэй атрымлівалі зьняволеныя харчы, якія маглі б акрасіць камэрную нішчымніцу.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Салідарныя з затрыманымі

Многія жыхары Берасьцейшчыны таксама ахвяравалі для палітвязьняў у турмах на Акрэсьціна і Жодзіна цёплыя рэчы, пасылкі з харчамі.

Бацька Міколы Статкевіча Віктар Паўлавіч.
Два разы на тыдзень у Баранавічах мясцовыя актывісты дэмакратычных арганізацый і партый наведваюць бацьку Міколы Статкевіча. Перад Новым годам, кажа Віктар Сырыца, старшыня баранавіцкай філіі ТБМ імя Ф.Скарыны, да Віктара Паўлавіча Статкевіча прыходзілі тры разы на тыдзень:

«Прыходзім да Віктара Паўлавіча. Ня толькі партыйцы, але і проста грамадзкія актывісты. Ён ня вельмі любіць, калі яму нешта набываем і прыносім. Кажа, што атрымлівае пэнсію. Але яму падабаецца, што мае магчымасьць пагаварыць, абмеркаваць навіны, падзеі. Часам бывае, што весела нешта распавядае падчас размовы, а ўжо як гаворка ідзе пра Мікалая Статкевіча, пачынае плакаць».

Акрамя размоваў і набыцьця прадуктаў, жыхары Баранавічаў дапамагаюць пажылому чалавеку і ў хатніх справах. Віктару Паўлавічу Статкевічу ўжо 84 гады, кажа Віктар Сырыца:

«Бліжэйшым часам мы зьбіраемся дываны, што ў яго ёсьць, ходнікі, вынесьці ў сьнег, выбіць, прыбраць кватэру. Я пляную гэта зрабіць пасьля праваслаўных Калядаў».

«Мы шчыра молімся за асуджаных людзей»

Вернікі грэка-каталіцкіх парафіяў праводзілі малебны ў цэрквах і маліліся за асуджаных. У Івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай такія малітвы ішлі ўвесь час, кажа Вячаслаў Гарчакоў:

«Мы не зьбіралі нейкія рэчы, пасылкі, але маліліся. І зараз таксама молімся ўсяк за асуджаных людзей».

Тыя, хто адбыў пакараньне за ўдзел у Плошчы, адзначаюць, што пасылкі, якія прыходзілі ў камэры, — гэта, бадай, самае кранальнае. Людзі ня толькі перадавалі цёплыя рэчы, садавіну, але імкнуліся даслаць лісты са словамі падтрымкі, удзячнасьці. Даволі шмат людзей жадалі выказаць сваю падтрымку арыштаваным, кажа сябра Берасьцейскага БХК Ганна Канюс:

«Да нас часта прыходзілі людзі, штосьці перадавалі, штосьці пакідалі ў нас, каб мы потым перадалі гэтыя рэчы за краты. Прыходзілі самыя розныя людзі, нават не сваякі затрыманых, проста гараджане. Ня так шмат да нас прыходзілі, калі параўнаць зь Менскам, дзе быў сапраўдны паток. Але мы перадавалі вельмі часта пасылкі затрыманым».Літургія ў Івацэвіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG