Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецка-беларускае таварыства: «Свабода меркаваньняў — гэта не крымінал»


Райнэр Лінднэр

Райнэр Лінднэр

Нямецка-беларускае таварыства, арганізатар міжнароднай канфэрэнцыі «Менскі форум», зьвярнулася да беларускіх органаў улады з патрабаваньнем неадкладна спыніць праявы гвалту і перасьледу апазыцыі. Нямецка-беларускае таварыства патрабуе неадкладнага вызваленьня усіх палітычных зьняволеных. Старшыня нямецка-беларускага таварыства і канфэрэнцыі «Менскі форум» Райнэр Лінднэр у гэтай сувязі заявіў:

«Арыштаваныя мусяць мець магчымасьць скарыстацца сваімі правамі. Тым, што атрымаў пашкоджаньні, неабходна прапанаваць неадкладную дапамогу і мэдычны дагляд».

Нямецка-беларускае таварыства ацэньвае падзеі увечары 19 сьнежня як правал у разьвіцьці краіны і ў збліжэньні з Эўрапейскім Зьвязам.

Як адзначаецца ў заяве арганізацыі, «улічваючы гвалтоўныя дзеяньні, учыненыя службамі бясьпекі у вечар выбараў і падзеі пасьля, можна сьцьвярджаць, што спадзяваньні на перамены ў палітычнай культуры краіны ня спраўдзіліся».

Нямецка-беларускае таварыства выступае з патрабаваньнем незалежнага расьсьледаваньня крывавых падзей у дзень выбараў.

«Ні з аднаго боку гвалт ня можа разглядацца як сродак рашэньня канфлікту. Грамадзян, якія карыстаюцца правам на свабоду меркаваньня, ня трэба выстаўляць крымінальнымі элемэнтамі», — адзначыў Лінднэр.

Паводле ягоных слоў, «прэзыдэнт, за якога па афіцыйных дадзеных прагаласавала 80 % насельніцтва Беларусі, не павінен баяцца дэманстрацый».

Адсутнасьць празрыстасьці пры падліку выбарчых галасоў, забарона дэманстрацый, масіўны ціск на апазыцыю, ужываньне гвалту, блякіроўка інтэрнэт-сайтаў у дзень выбараў і пасьля — усё гэта, з гледзішча Нямецка-беларускага таварыства, ня можа суадносіцца з каштоўнасьцямі ЭЗ.

Паводле Райнэра Лінднэра, «усе, хто клапоціцца пра беларусаў і эўрапейскую будучыню краіны, перажываюць цяпер цяжкія дні».

Нямецка-беларускае таварыства адначасова выступае з спробай працягнуць дыялёг.

«Было б вялізнай памылкай адвярнуцца цяпер ад краіны», падкрэсьліў старшыня канфэрэнцыі «Мінскі форум» Райнэр Лінднэр.

Нямецка-беларускае таварыства заклікае ЭЗ у першую чаргу да таго, каб спрасьціць візавыя прадпісаньні для звычайных беларускіх грамадзян і адмовіцца ад завышанай цаны візы. Неабходна нарэшце пайсьці на такі крок, незалежна ад падзей падчас выбараў, адзначаецца ў заяве.
XS
SM
MD
LG