Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Замежныя СМІ: "Эўрапейцы ня ведаюць, як рэагаваць на халодны вецер у Менску"


"У Менску ізноў дзьме халодны вецер, а таму эўрапейцы павінны рэагаваць. Нават калі гэта азначае, што Лукашэнка ізноў апынуўся ў абдымках Расеі", гаворыцца ў камэнтары аўстрыйскага тэлебачаньня ORF.

"Самым далікатным у гэтай сувязі рашэньнем ЭЗ можа быць вяртаньне да санкцыяў у дачыненьні да беларускага кіраўніцтва. Тым часам менскія ўлады папярэджваюць, што падобны крок быў бы контрапрадуктыўным і беспэрспэктыўным. Сапраўды, ЭЗ вымушаны прызнаць, што шматгадовыя намаганьні па набліжэньні да ўсходняга суседа зазналі фундамэнтальны крах. Нямеччына і Швэцыя лічаць вяртаньне да санкцыяў непазьбежным. У сваю чаргу, Літва, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ, папярэджвае пра наступствы ў сувязі з увядзеньнем гэтых санкцый. У Вільні па-ранейшаму спадзяюцца на посьпех у перамовах з Лукашэнкам. Ад імя ЭЗ іх вядзе цяперашняя краіна-старшыня Вугоршчына, чыя палітыка апошнім часам выклікала вялікую крытыку сярод эўрапейцаў у сувязі з новым аўтарытарным законам аб СМІ. Каб пазьбегнуць пэўных непаразуменьняў, Бэрлін прапануе Будапэшту на перамовах па мэдыйных пытаньнях перадаць ініцыятыву Эўрапейскай камісіі".

Іншымі словамі, "выйсьце з сытуацыі выявілася для ЭЗ нашмат цяжэйшым, чым чакалася", адзначаюць камэнтатары аўстрыйскага тэлебачаньня ORF.

Амэрыканскае выданьне Global Post піша:

"На першы погляд, Лукашэнка выразна паказаў Захаду сярэдні палец. Беларускія ўлады, мяркуючы па ўсім, спалохаліся той свабоды, якая суправаджала прэзыдэнцкую гонку, і вырашылі вярнуцца да знаёмага вобразу адной з самых рэпрэсіўных паліцэйскіх дзяржаў сьвету. Пасьля невялікага пэрыяду паляпшэньня стасункаў з ЭЗ і абяцаньняў маштабнай эканамічнай дапамогі ад эўрапейскіх урадаў, калі на прэзыдэнцкіх выбарах ня будзе сур'ёзных парушэньняў, разгон дэмакратычнай апазыцыі 19 сьнежня выглядае як непрыстойная аплявуха".

Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, сфармуляваў новую зьнешнюю палітыку, і — працягвае выданьне — заходні палітычны вэктар яго, магчыма, ня надта хвалюе. З аднаго боку, ён быццам бы навёў масты з Расеяй, тым самым гарантаваўшы выгадныя пастаўкі ў Беларусь расейскіх нафты і газу. Зь іншага боку, ён будуе адносіны зь дзяржавамі па-за межамі Эўропы. Раней ён выкарыстаў ЭЗ як процівагу Крамлю, фліртуючы з Брусэлем, калі палітыка Масквы стала занадта жорсткай. Цяпер, верагодна, замест Масквы ён будзе выкарыстоўваць у гэтай якасьці Вэнэсуэлу, Кітай і Іран".

Паводле Global Post, цяжка сказаць, што можа зрабіць у падобнай сытуацыі ЭЗ, "калі не лічыць аднаўленьня візавых забаронаў для найбуйнейшых чыноўнікаў Беларусі, уключна з Лукашэнкам, і, магчыма, некаторых іншых санкцый".

Як піша амэрыканскае выданьне, "заходнія дыпляматы прызнаюць у прыватных гутарках, што ў іхнім арсэнале занадта мала інструмэнтаў узьдзеяньня на беларускага лідэра. Прадстаўнікі ЭЗ зьбяруцца ў Брусэлі 12 студзеня на экстраную нараду па Беларусі".
XS
SM
MD
LG