Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль сем кандыдатаў у прэзыдэнты чакаюць абвінавачаньняў за падзеі 19 сьнежня, іхны канкурэнт на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка выступае на менскім калядным хакейным турніры. Пра розныя лёсы прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду.

У сьледчым ізалятары КДБ застаюцца чатыры былыя кандыдаты ў прэзыдэнты: Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Аляксей Міхалевіч, а таксама блізу двух дзясяткаў актывістаў іхных штабоў, палітыкі, моладзевыя актывісты, журналісты. Яшчэ тры экс-кандыдаты на волі пад разнастайнымі падпіскамі — Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Дзьмітрый Вус. Па-за падазрэньнямі ў датычнасьці да апазыцыйнай акцыі пратэсту 19 сьнежня — астатнія экс-прэтэндэнты: Аляксандар Лукашэнка, Віктар Цярэшчанка, Яраслаў Раманчук.

Мікола Статкевіч
Найбольш трывожная сытуацыя, на думку экспэртаў, вакол Міколы Статкевіча. Больш за паўмесяца цягнецца ягоная галадоўка з патрабаваньнем новых прэзыдэнцкіх выбараў без Лукашэнкі. Паплечнікі, ведаючы няўступлівы характар палітыка, баяцца за ягонае жыцьцё. Яраслаў Грышчэня, давераная асоба Статкевіча, кажа, што пасьля таго, як быў затрыманы і кіраўнік выбарчага штабу Сяржук Марцалеў, практычна ніякіх зьвестак пра стан здароўя Статкевіча няма. Адвакатку Тацьцяну Станкевіч толькі аднойчы дапусьцілі да падабароннага, калі яму выстаўлялася абвінавачаньне.

Гаворыць Яраслаў Грышчэня:
думаю, што Мікола пойдзе да канца... Ён ня будзе адмаўляцца ад сваіх дзеяньняў, ад сваіх слоў, і ў гэтым "касяк" ...

"Дакладна нічога не вядома, таму што раней уся інфармацыя паступала празь Сяржука Марцалева, кіраўніка штабу. А зараз і Сяржук сядзіць, і Мікола сядзіць, і проста незразумела, што там адбываецца наогул. Але я думаю, што Мікола пойдзе да канца, бо гэта цалкам у стылі Статкевіча. Ён ня будзе адмаўляцца ад сваіх дзеяньняў, ад сваіх слоў, і ў гэтым "касяк". Мікола Статкевіч ад самага пачатку ішоў на пасадку, тут усё было зразумела".

Адвакату Тацьцяне Станкевіч, якая абараняе былога кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, не атрымоўваецца сустрэцца са сваім падабаронным. У гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН яна не выключыла, што ні на гэтым, ні на наступным тыдні сустрэча не адбудзецца. Апошні раз адвакат бачыла падабароннага тыдзень таму, 29 сьнежня.

Уладзімер Някляеў
У новым годзе адвакатаў да абвінавачаных так і не дапусьцілі. Тамара Сідарэнка, адвакатка Ўладзімера Някляева, кажа, што ўжо колькі дзён спрабуе дамагчыся сустрэчы з былым кандыдатам у прэзыдэнты, але вынік пакуль несуцяшальны:

"Асабіста я падыду ў бюро пропускаў, але мне вядома, што там яшчэ ад раніцы ў чарзе быў Павел Сапелка і хтосьці яшчэ з адвакатаў. Ім нібыта паабяцалі, што ў другой палове дня яны могуць да сваіх падабаронных прайсьці. Тады, хутчэй за ўсё, не прайду я. Але мы вельмі спадзяемся, што заўтра можа быць допыт Уладзімера Някляева і хоць так мы яго пабачым".

6 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску будзе разгледжанае хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для Ўладзімера Някляева. Падставай будзе выпіска са шпіталя пра захворваньні палітыка — нагадаем, у апошнія дні мінулага году ў экс-кандыдата здарыўся гіпэртанічны крыз і высокі ціск трымаецца дагэтуль. Але адвакаты сумняюцца, што ў суд прывязуць самога Някляева.

Алесь Міхалевіч
У чарзе да падабаронных "забуксавалі" адвакаты Андрэя Саньнікава і Аляксея Міхалевіча. Жонка спадара Міхалевіча Мілана сказала, што ніякія скаргі на меру ўтрыманьня не прымаюцца:

"Адвакат да Аляксея патрапіць спрабуе, але безвынікова. Яго туды проста не дапускаюць. Сядзяць адвакаты ў чарзе, чакаюць. Ён таксама заняў чаргу, але, хутчэй за ўсё, вынік будзе такі самы, як і ўчора. Ну, і мне прыйшоў адказ на маё хадайніцтва. Вельмі такі ляканічны ліст пра тое, што зьмену меры стрыманьня лічыць немэтазгоднай (без далейшых тлумачэньняў), а таксама пра тое, што ў спатканьні мне адмоўлена".

Сёньня шэраг адвакатаў атрымалі папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі за распаўсюд "перадузятай інфармацыі" у камэнтарах да спраў сваіх падабаронных. Так, абаронца Андрэя Саньнікава Павел Сапёлка рызыкуе атрымаць дысцыплінарнае спагнаньне, ад Марыяны Сямешкі і Ірыны Бурак патрабуюць абвяржэньня публікацыяў у некаторых СМІ, дзе ёсьць спасылка на згаданых адвакатаў. Таксама вывучаецца "мэтазгоднасьць" знаходжаньня асобных юрыстаў, якія вядуць справы па затрыманых 19 сьнежня, у прэзыдыюме Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.

Пакуль пад мурамі ізалятара КДБ кіпяць жарсьці, Аляксандар Лукашэнка выступае на хакейным калядным турніры на свае ж прызы. У першым матчы аматарская каманда пад кіраўніцтвам Лукашэнкі разграміла каманду вэтэранаў з Аўстрыі зь лікам 10:5. Лукашэнка адзначыўся трыма галявымі пасамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG