Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі ня спыняць, ён пойдзе і на выбары-2015, і на выбары-2020..."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 5 студзеня 2010 году

Мала хто сумняваўся, што пасьля 19-га сьнежня Аляксандар Лукашэнка захавае сваю непадзельную ўладу ў Беларусі. Але наўрад ці хто меркаваў, што цана гэтага захаваньня будзе настолькі высокай.

Сотні зьбітых і арыштаваных, павальныя ператрусы і канфіскацыі, разгром незалежных мэдыяў… Чацьвёра асноўных супернікаў Лукашэнкі і многія іншыя ягоныя палітычныя апанэнты сустрэлі Новы год у турме КДБ, ім пагражаюць шматгадовыя тэрміны зьняволеньня.

На гэтую тэму — амаль усе лісты, якія мы атрымліваем у гэтыя першыя дні новага 2011-га году. Наша слухачка Ганна Пашкевіч з Івейскага раёну напісала пад уражаньнем ад учынку Яраслава Раманчука — аднаго зь нямногіх кандыдатаў, які публічна асудзіў сваіх былых паплечнікаў за тое, што вялі людзей на плошчу Незалежнасьці. У сваім лісьце спадарыня Ганна піша:

"Паслухала славуты тэлевыступ Яраслава Раманчука, калі ён нешта там мармытаў сабе пад нос, не паднімаючы вачэй ад паперкі, — і стала вельмі балюча і прыкра. Справа ў тым, што калі зьбіралі подпісы за вылучэньне кандыдатаў, я падпісалася менавіта за Яраслава. Ну і што тут такога? — спытаеце вы. Так, амаль нічога, калі ня ўлічваць той факт, што дзеля гэтага мне давялося паехаць у сталіцу (хаця сама я жыву ў Гарадзенскай вобласьці). Я проста ня ведала, дзе можна падпісацца ў маёй мясцовасьці…

Зарплата на вёсцы невялікая (у мяне — дзесьці 340—350 тысяч). І гэтая паездка абышлася мне ў капеечку. Але шкадаваньня не было. Наадварот — адчувала нейкі гонар за свой учынак.

Ну, вельмі ж я паверыла Раманчуку. Нават некаторых сваіх знаёмых загітавала галасаваць за яго.

Цяпер мае сябры глядзяць на мяне зь недаўменьнем. Добра, што яшчэ ня ведаюць пра сапраўдную мэту той маёй паездкі ў Менск — давялося сказаць, што езьдзіла купляць боты, — а то зусім засьмяялі б.

Бывай, Яраслаў. Ты кажаш, што хочаш вызваліць Анатоля Лябедзьку. А як жа астатнія, якія пакутуюць у турме? Ня ведаю, як там што складзецца ў тваім жыцьці. Але асабіста для мяне ты назаўсёды застанесься здраднікам"
.

Пра сапраўдныя матывы таго фатальнага тэлевыступу Яраслава Раманчука ўначы з 19-га на 20-га сьнежня дагэтуль існуюць супярэчлівыя зьвесткі. Ён хацеў уратаваць ад турмы Анатоля Лябедзьку і захаваць сваю партыю? Але Лябедзька застаецца ў засьценках КДБ, а рэпутацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі найбольш пацярпела якраз ад учынку Раманчука. Ён чакаў абяцанай кіроўнай пасады ва ўрадзе? (Калі верыць ягоным заявам напярэдадні галасаваньня, у Адміністрацыі прэзыдэнта яму прапаноўвалі нават партфэль прэм’ер-міністра). Але ўрад ужо сфармаваны, і прозьвішча Раманчука там не фігуруе. Праўда, Аляксандар Лукашэнка падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі на наступны дзень пасьля разгону Плошчы сказаў, што Раманчуку можа знайсьціся месца — дзе-небудзь у гарадзкой ці абласной "вэртыкалі" (гэта значыць, пасада чыноўніка зусім не галоўнага калібру).

Напэўна, гэта вельмі цяжкая доля — апынуцца адрынутым усімі: і сваімі, і чужымі.

Пра наступствы выбарчай кампаніі разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" і Леанід Курпатаў зь Ліды. Слухач піша:

"Галасаваньне адбылося, а сапраўдных выбараў як не было, так і няма. Я лічу так: калі галоўнага кандыдата заўсёды падтрымлівае так шмат людзей, дык чаму ўлада гэтак баіцца зрабіць выбары сапраўды празрыстымі і сумленнымі? Навошта тады гнаць людзей на масавае датэрміновае галасаваньне? Чаму выбарчыя камісіі складаюцца спрэс з прызначаных чыноўнікамі асобаў, а прадстаўнікоў апазыцыйных кандыдатаў туды не дапускаюць? Урэшце, чаму ў такіх таямнічых умовах адбываецца падлік бюлетэняў? Калі вы ўпэўненыя ў сваёй перамозе — навошта хаваецеся ад людзей?

У траўні мне споўніцца 80 год. Баюся, што пры такіх умовах я ўжо не дачакаюся зьмены ўлады. А вельмі хацелася б убачыць свабодных людзей у свабоднай краіне. Каб не было таго "хапуна", што наладзілі ўлады ў ноч пасьля выбараў. Каб людзі маглі свабодна выказваць свае погляды, не баючыся, што іх за гэта выганяць з працы альбо з навучальнай установы…

Людзей запалохваюць — міліцэйскімі дубінкамі, разгонамі, судамі, штрафамі, а то і чым горшым. Усё гэта вельмі нагадвае 30-я гады мінулага стагодзьдзя, калі чалавека без усялякай віны маглі пасадзіць, саслаць, а то і расстраляць"
.

Калі ў нефармальных размовах заходнія палітыкі задаюць высокапастаўленым беларускім чыноўнікам падобныя пытаньні — пра тое, чаму нельга арганізаваць свабодныя выбары паводле ўсім вядомых дэмакратычных стандартаў, то звычайна чуюць у адказ апэляцыі да нясьпеласьці, непадрыхтаванасьці беларускага грамадзтва. Маўляў, трэба захаваць стабільнасьць. А дапусьці апазыцыю да ўлады — яна ж разваліць тое, што мы пабудавалі. Словам, народ пакуль — неразумнае дзіця. Дай апазыцыянэрам волю — яны яго падмануць. І людзі на такіх выбарах выберуць зусім ня тых, каго трэба. Іншымі словамі, трэба пачакаць, пакуль беларускія грамадзяне дасьпеюць да дэмакратыі.

Чаму палякі і літоўцы аказаліся гатовымі да дэмакратыі, а беларусы — не? На гэта адказ не даецца. І колькі будзе доўжыцца дасьпяваньне — таксама невядома. Хоць насамрэч за любымі падобнымі апраўданьнямі няцяжка разгледзець адну відавочную мэту адной усім вядомай асобы — пажыцьцёва захаваць ва ўласных руках мала чым абмежаваную ўладу.

Падзеі 19-га сьнежня і наступныя жорсткія палітычныя рэпрэсіі ўладаў супраць апазыцыі спрабуе асэнсаваць у сваім новым лісьце на "Свабоду" наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Ён піша:

"У лукашэнкаўскай Беларусі шумавыя эфэкты зь невыразнымі мэтамі кшталту Плошчы-2010 ніколі ня будуць мець станоўчых вынікаў, адэкватных ахвярам і стратам, якія ў выніку даводзіцца цярпець. Калі казаць прасьцей, то пляваць хацеў Лукашэнка і на Плошчу, і на ўсіх, хто туды прыйшоў ці прыйдзе.

У пасіве ўзгаданага мерапрыемства — сотні зьбітых, сотні затрыманых і арыштаваных, у тым ліку і некалькі кандыдатаў у прэзыдэнты. Гэта значныя тэрміны зьняволеньня для тых, каго ўлада прызначыць вінаватымі. Гэта падстава для ўлады разграміць мізэрныя рэшткі дэмакратычных інстытутаў у краіне — незалежную прэсу, палітычныя партыі. Гэта ніколькі не павялічыла аўтарытэт і колькасьць прыхільнікаў апазыцыйных партый і рухаў у краіне. І не паўплывала на нэгатыўныя адносіны замежжа да так званых "выбараў" на Беларусі. Нашмат значнейшых вынікаў можна было б дасягнуць негвалтоўным супрацівам — сумеснымі і прыватнымі заявамі кандыдатаў, шматлікімі калектыўнымі скаргамі назіральнікаў і проста грамадзян ва ўсе СМІ і міжнародныя структуры. У пасіве — выключаныя з палітычнага жыцьця краіны лепшыя яе прадстаўнікі. Выключаныя надоўга, калі не назаўсёды.

Калі казаць вобразна, то Плошча — гэта камень, кінуты ў балота. Ад кінутага ў балота каменя кругі не разыходзяцца.

А што ў актыве Плошчы? Пакуль я ня чуў важкіх аргумэнтаў за яе. Менавіта важкіх аргумэнтаў, а не "высокаідэйнай" балбатні кшталту горкаўскага "безумству храбрых поём мы песню". Няма ніякага сумневу, што сярод тых, хто прыйшоў на плошчу, большасьць — сьмелыя, адданыя сваёй краіне людзі, ад маладзенькіх дзяўчатак да васьмідзесяцігадовых вэтэранаў. І таму лічу, што іх жыцьцё, здароўе і свабода — найвялікшая каштоўнасьць, якую вельмі важна захаваць для гэтай самай краіны і якой ня варта так вось бязглузда раскідвацца па плошчах.

Можна не сумнявацца, што Лукашэнка будзе ўтрымліваць уладу на працягу наступных пяці год, чаго б гэта ні каштавала. Закладуся на што заўгодна, што ён пойдзе і на выбары-2015, і на выбары-2020. Відавочна, што перамагчы яго, ідучы з адкрытым забралам і ў белых строях, практычна немагчыма. Спадзявацца на тое, што хлопцы ў чорных масках павернуць шыхты ў адваротны бок — гэта фантастыка. Разьлічваць на тое, што прыкормленая і запалоханая намэнклятура прасякнецца любоўю да дэмакратычных каштоўнасьцяў і павернецца супроць лукашызму — проста сьмешна"
,— піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Кастусь Сырэль з Ушачаў. І на падставе ўсяго вышэйсказанага робіць асабіста для сябе наступныя высновы (зноў цытую ліст):

"Мне за 60, таму я, бадай, на сваім вяку ня ўбачу той Беларусі, аб якой марыў. І як спадарства думае, што я зьбіраюся рабіць?

Як казаў стары габрэй у барадатым анэкдоце: "Не дачакаецеся!"


У прынцыпе, я быў гатовы, што ўсё складзецца менавіта так. Таму буду жыць, як жыў дагэтуль. Буду чакаць чарговага прыезду ўнукаў. Абавязкова падрыхтуюся да гэтага такім чынам, каб яны на трэці дзень ня нылі: "Хочам дамоў, у Каліфорнію". Буду працаваць на лецішчы: гадаваць свой уласны дэндрарый, займуся садам і гародам, буду працягваць экспэрымэнтаваць зь "мінімальнай" апрацоўкай глебы, перабудую лазьню — старая амаль згніла. Буду слухаць "Свабоду" і пісаць лісты на наша сапраўды народнае радыё. "Перавыхаваю" яшчэ хаця б пару дзясяткаў прыхільнікаў Лукашэнкі, як я гэта рабіў на працягу апошніх 16 год. Зразумела, калі знайду такіх. Гэта будзе нялёгка. Маю на ўвазе — нялёгка не перавыхаваць, а знайсьці: зь цягам часу "бацьку" Лукашэнку нешта зусім разьлюбілі, нягледзячы на запэўніваньні спадарыні Ярмошынай у адваротным.

Шаноўнае спадарства, жыцьцё працягваецца! Нехта са слухачоў "Свабоды" казаў: "Перажылі Гітлера, перажывём і Лукашэнку". Гэта Рыгоравіч няхай нэрвуецца ды ірве на лысіне рэшткі валасоў: ён жа ведае сапраўдную цану ілжывым лічбам Ярмошынай! Няхай ня сьпіць начамі, няхай крычыць у сьне ад начных кашмараў, няхай выдумляе сабе ўсё новых і новых ворагаў, трасучыся за сваю скрадзеную ўладу, як асінавы ліст!

А мы будзем проста жыць"


Не пагаджуся з вашымі, спадар Кастусь, ацэнкамі наступстваў Плошчы-2010. Так, улада разьлічвае на тое, што працяг будзе тым жа, што і пасьля 2001-га, і пасьля 2006-га гадоў: людзі прыцерпяцца, эмоцыі ўлягуцца, Захад чарговы раз зьмірыцца і зноў пакрысе пачне палітычны гандаль. А гандляваць цяпер ёсьць чым: вунь колькі новых палітвязьняў у "амэрыканцы"...

Але нішто не бывае вечным і нішто не паўтараецца з той дакладнасьцю, на якую, выглядае, разьлічваюць некаторыя прагныя да ўлады палітыкі. Захад наўрад ці будзе працягваць свае спробы перавыхаваць Лукашэнку і прылашчыць яго шматмільярднымі крэдытамі; Масква больш ня верыць у шчырасьць ягоных інтэграцыйных абяцаньняў і наўрад ці будзе аплочваць братэрскія клятвы таннымі нафтай і газам. Але галоўнае нават ня гэта. Падрастаюць новыя пакаленьні беларусаў, якія па-іншаму глядзяць на сьвет, якія атрымліваюць інфармацыю зусім не з БТ і не з "Советской Белоруссии". І якія ня хочуць жыць у краіне, дзе няма свабоды і праўды.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG