Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аляксандар Лукашэнка "выхоўваў" прэзыдэнта Літвы Далю Грыбаўскайце, нягледзячы на тое, што яна запрасіла яго, каб нагадаць аб правах чалавека. Пра гэта сказана ў дакумэнце з пакету WikiLeaks, апублікаваным на расейскім партале «Русский репортер», які цытуе газэта Kauno diena.

Згодна з дакумэнтам, дарадца літоўскага прэзыдэнта Дарыюс Сямашка сказаў амэрыканскім дыпляматам, што рэакцыя Лукашэнкі на патрабаваньні, выстаўленыя Эўразьвязам, была "то спакойнай, то агрэсіўнай, у залежнасьці ад тону размовы".

Іншы літоўскі дыплямат Лаўрынас Янушаўскас нібыта перадаў амэрыканцам такія словы Лукашэнкі: "Калі ЭЗ нас ня хоча, то ён нас і не ўбачыць".

У дакумэнце цытуюцца словы Сямашкі, які сьцьвярджае, што правы чалавека былі асноўнай нагодай, зь якой Лукашэнку запрасілі ў Вільню. Аляксандар Лукашэнка наведаў з рабочым візытам Літву 15 верасьня 2009 году.

Некалькі дзён таму экс-прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус рэзка скрытыкаваў зьнешнюю палітыку афіцыйнай Вільні і назваў палітыку Літвы ў адносінах да Беларусі “катастрофай”.

Даля Грыбаўскайце ў адказ заявіла, што “катастрофа – гэта ня выяўленая ёю прыязнасьць да суседняй дзяржавы і Аляксандра Лукашэнкі, а тыя дзесяць гадоў, калі Літва “была павернутая да Беларусі сьпінай”.

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце наведала Беларусь і сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам у разгар выбарчай кампаніі ў Беларусі. Потым здабыткам галоснасьці стала яе заява, зробленая падчас сустрэчы з пасламі краінаў ЭЗ пра тое, што “Лукашэнка – гэта гарант эканамічнай і палітычнай стабільнасьці ў Беларусі, яе незалежнасьці. Мы не хацелі б, каб наш сусед стаў другой Расеяй”.

Д.Грыбаўскайце ў часе калядных сьвятаў атрымала ліст ад А.Лукашэнкі, у якім кіраўнік Беларусі тлумачыць пэрыпэтыі выбараў – выкладае погляд кіраўніцтва краіны на падзеі 19 сьнежня. Д.Грыбаўскайце зьбіраецца пазнаёміць з гэтым лістом віцэ-прэзыдэнтку Эўракамісіі Кэтрын Эштан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG