Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Свабодны тэатар” на фэстывалі ў Нью-Ёрку: “Мы павінны крычаць усяму сьвету”


Свабодны тэатар у Празе, 2008

Свабодны тэатар у Празе, 2008

Для большасьці тэатральных трупаў удзел у фэстывалі альтэрнатыўных тэатраў, які пачынаецца ў сераду ў Нью-Ёрку, гэта проста пытаньне пасадкі ў самалёт. А для беларускага падпольнага “Свабоднага тэатру”, які працуе ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы, доўгі шлях зь Менску аказаўся больш складаным, піша сёньня газэта The New York Times.

Падчас пратэстаў у ноч з 19 на 20 сьнежня ў сталіцы Беларусі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія міжнародныя назіральнікі прызналі сфальшаванымі, двух удзельнікаў трупы “Свабоднага тэатру” арыштавалі. Астатнія сышлі ў падпольле, і выглядае, што будучыня тэатру ў Беларусі, і ня толькі іх выступленьне ў Нью-Ёрку, былі пад пагрозай, адзначае выданьне.

“Мы былі вымушаныя пакінуць краіну малымі групамі, – сказала ў Нью-Ёрку дырэктар тэатру Натальля Каляда.

“Свабодны тэатар” плянуе паказаць на фэстывалі п'есу “Быць Гаральдам Пінтэрам” пра праблему гвалту ва ўсіх яго праявах, якая ўключае фрагмэнты прамовы нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры Гаральда Пінтэра і дакумэнтальныя маналёгі зьняволеных з беларускіх турмаў.

Раней гэтую пастаноўку паказвалі ў Лёндане, і яна атрымала высокую адзнаку выданьня “Sunday Times", і драматурга Тома Стопарда, які наведваў “Свабодны тэатар” у Беларусі.

“International Herald Tribune” піша, што змаганьне мастакоў супраць рэпрэсіўнай дзяржавы заўсёды ўражвае і натхняе, асабліва людзей у дэмакратычных грамадзтвах, дзе творцаў не запалохваюць. Але прафэсіяналы ацэньваюць таксама “Свабодны тэатар” і за іх пасьлядоўную творчую працу, іх рух наперад, а не за агітпроп.

“З таго, што я бачыў, відавочна, што яны сапраўды маюць тэатральнае майстэрства”, кажа Фрыц Браўн, выканаўчы дырэктар ArtsLink, Нью-Ёркской кампаніі, якая фінансуе міжнародныя культурныя праграмы, – Яны маюць цудоўную каманду актораў, добрыя тэксты, а Ўладзімер Шчэрбань –цудоўны рэжысэр... Яны –каманда, якая гатовая памерці дзеля сваёй працы, і гэта сапраўды ўражвае”.

“International Herald Tribune” нагадвае, што ад 1994 году Беларусьсю кіруе Аляксандар Лукашэнка, якога былая дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс назвала “апошнім дыктатарам Эўропы”. У Беларусі радыё, тэлебачаньне, кіно, прэса знаходзяцца пад жорсткім кантролем, вядома, што праціўнікі рэжыму проста зьнікаюць, і паўстае пытаньне, як дысыдэнцкі тэатар там увогуле можа існаваць.

37-гадовая Натальля Каляда і яе муж 46-гадовы Мікалай Халезін нягледзячы на рэпрэсіі заснавалі “Свабоды тэатар” у 2005 годзе амаль як акт адчаю.

Некамэрцыйная мастацкая галерэя, дзе працаваў Халезін, была закрытая з-за ціску ўладаў, далей ён працаваў у некалькіх незалежных выданьнях, якія пазьней таксама закрылі.

“У 2004 годзе я так стаміўся ад палітыкі, што стаў пісаць п'есы, кажа Мікалай Халезін.

"Тэатар быў адзіным сродкам быць не пад поўным кантролем дзяржавы, паколькі яшчэ з савецкіх часоў тэатар знутры меў самацэнзуру», тлумачыць Уладзімер Шчэрбань. – Вось так у нас атрымалася зьдзівіць КДБ”.
Аднак першапачатковыя перавагі скончыліся хутка. Беларускі спэцслужбы пачалі запалохваць ня толькі актораў, але і гледачоў тэатру. Некаторыя акторы былі звольненыя з працы ва ўнівэрсытэтах і дзяржаўных установах, іншыя знаходзяцца пад ціскам з прычыны пагрозаў для іх родных. Бацька Натальлі Каляды страціў працу з-за яе ўдзелу ў “Свабодным тэатры”.

Кэтрын Корэй, тэатральны выкладчык школы мастацтваў Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту, якая ў 2009 годзе наведвала ў Беларусь, каб правесьці майстар-кляс для трупы “Свабоднага тэатру”, назвала гэта “падпольнай школай для людзей, якія хочуць быць драматургамі і акторамі”.

Яна бачыла некалькі спэктакляў “Свабоднага тэатру”, і была сьведкай складанай працэдуры збору гледачоў. “Яны граюць у невялікім памяшканьні, увогуле без рэклямы, для аўдыторыі, якая дабіраецца на прагляд, кіруючыся СМС-паведамленьнямі.

Гледачы ніколі не прыходзяць непасрэдна ў тэатар. Яны сустракаюцца ў іншым месцы, і акторы прыводзяць іх на месца, дзе будзе адбывацца спэктакль. Паводле Натальлі Каляды, часам п’есы могуць граць і ў лесе.
Мікалай Халезін называе беларускі КДБ “найбольш сумленным у сьвеце”, паколькі ягоная прырода і мэтады не зьмяніліся з савецкіх часоў”.

У чацьвер пасьля паказу п’есы “Быць Гаральдам Пінтэрам” Натальля Каляда, якая з усёй трупы найлепш валодае ангельскай мовай, плянуе ехаць у Вашынгтон. Там яна будзе сустракацца з прадстаўнікамі Кангрэсу і Дзярждэпартамэнту ЗША дзеля абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі.

“Мы творцы, мы прагнем тварыць, аднак у нас ёсьць абавязак гаварыць дзеля нашай краіны, – кажа Натальля Каляда, – як маральныя людзі мы павінны крычаць, і мы зьвяртаемся да мастакоў, урадаў і людзей добрай волі ва ўсім сьвеце далучыцца да нас і крычаць ад нашага імя”, цытуе Натальлю Каляду “International Herald Tribune”.

***

Бацькі дырэктара тэатру Натальлі Каляды паведамілі пра тое, што ўчора, 4 студзеня, у кватэру, дзе пражываюць Натальля і яе муж, арт-дырэктар тэатру, Мікалай Халезін, прыйшлі супрацоўнікі КДБ.
Яны правялі агляд кватэры і задалі шэраг пытаньняў. У прыватнасьці, іх цікавіла, якім чынам Каляда і Халезін змаглі пакінуць краіну; дзе цяпер яны знаходзяцца і дзе знаходзіцца іх дачка.

Натальля Каляда была затрымана і аштрафавана за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту на 30 базавых велічынь. 20 сьнежня супрацоўнікі спэцслужбаў шукалі Мікалая Халезіна. Міжнародны каардынатар “Свабоднага тэатру” Арцём Жалязьняк быў асуджаны на 11 сутак арышту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG