Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым замінае афіцыйнаму Менску Офіс АБСЭ?


Заходнія краіны вельмі крытычна адрэагавалі на рашэньне беларускіх уладаў закрыць Офіс АБСЭ ў Беларусі. Чым патлумачыць гэтае рашэньне афіцыйнага Менску? Якой будзе пазыцыя АБСЭ? Ці знойдуць бакі кампраміс?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.

Андрэй Фёдараў
Каміль Клысінскі
Валер Карбалевіч


Чым патлумачыць гэтае рашэньне афіцыйнага Менску?


Валер Карбалевіч: «Рашэньне афіцыйнага Менску закрыць Офіс АБСЭ ў Беларусі — ці выглядае яно нечаканым? Яно было прынята ў момант, калі дачыненьні афіцыйнага Менску з Захадам зрабіліся вельмі напружаныя пасьля падзей 19 сьнежня. Беларускія ўлады пайшлі на абвастрэньне. Ці гэта проста ірацыянальная помста? Або ў гэтым кроку ёсьць рацыянальнае зерне?»

Андрэй Фёдараў: «Элемэнт эмоцыяў тут прысутнічае, але больш рацыянальнага. Беларускія ўлады ўжо даўно выказвалі незадаволенасьць існаваньнем у Беларусі Офісу АБСЭ, бо лічылі гэта сьведчаньнем нейкай непаўнавартаснасьці краіны. Таму што палявыя місіі АБСЭ існуюць у краінах, дзе ёсьць пэўныя канфлікты і праблемы. А іх, паводле афіцыйнага Менску, у Беларусі няма.

І другой прычынай такога рашэньня стала адмоўнае заключэньне дэлегацыі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ наконт прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі».

Карбалевіч: «Можна параўнаць зь беларуска-амэрыканскім канфліктам. Як толькі ЗША ўвялі санкцыі, Менск выкінуў адсюль большасьць амэрыканскіх дыпляматаў на чале з амбасадарам».

Каміль Клысінскі: «Тут ёсьць і эмацыйны, і рацыянальны складнікі. Лукашэнка дзейнічае паводле прынцыпу: атака — гэта найлепшая абарона. Менск ідзе на эскаляцыю канфлікту.

Зь іншага боку, Менск імкнецца стварыць сабе новы козыр у торгу з Захадам. Першы козыр — палітвязьні. Кіраўніцтва Беларусі можа аднавіць працу Офісу АБСЭ, калі Захад пойдзе на саступкі».

Якой будзе пазыцыя АБСЭ?


Карбалевіч: «Якой будзе пазыцыя АБСЭ, найперш заходніх краін? Ці гэта павысіць рашучасьць да ўвядзеньня санкцый — або, наадварот, прымусіць Захад адступіць?»

Фёдараў: «Пакуль ідуць заявы заходніх краін. Але цяпер сытуацыя адрозьніваецца ад сытуацыі 2002 году, калі зь Беларусі была выціснутая Кансультацыйна-назіральная група (КНГ) АБСЭ. Там мандат быў бестэрміновы, і беларускія ўлады парушалі пагадненьне паміж Беларусьсю і АБСЭ.
Рашэньне Менску наконт Офісу АБСЭ толькі ўскладняе сытуацыю.

Цяпер пагадненьне аб працы Офісу АБСЭ ў Беларусі заключаецца на год. А потым яго праца працягваецца толькі са згоды абодвух бакоў. Год скончыўся, Менск не дае сваёй згоды на працяг яго працы. Ніякага парушэньня тут няма. Таму Захад можа толькі заклікаць Беларусь да кампрамісу.

У заяве МЗС Беларусі рашэньне аб спыненьні працы Офісу АБСЭ названа „асэнсаваным“. Таму, калі цяпер Менск зробіць крок назад і пагодзіцца аднавіць працу гэтай структуры, то ён „згубіць твар“. Калі б беларускія ўлады захацелі таргавацца ў гэтым пытаньні, то гэта было б зроблена раней і на закрытых перамовах, а не на публічным узроўні».

Клысінскі: «Канфлікт паміж Беларусьсю і Захадам абвастраецца, наперадзе санкцыі супраць афіцыйнага Менску. І рашэньне Менску наконт Офісу АБСЭ толькі ўскладняе сытуацыю. Яно ўзмацняе пазыцыі прыхільнікаў санкцый супраць Беларусі ў ЭЗ».

Ці магчымы кампраміс?


Карбалевіч: «Вось зьявілася інфармацыя, што Літва, якая старшынюе ў АБСЭ з Новага году, пачала кансультацыі зь Менскам аб аднаўленьні працы Офісу АБСЭ ў Беларусі. Ці гэта пачатак торгу? Ці магчымы кампраміс? Які ён можа быць?»

Фёдараў: «Думаю, Менск ня пойдзе на торг у гэтым пытаньні. Офіс АБСЭ займаўся найперш эканамічнымі і экалягічнымі праектамі, што выгадна для Беларусі. Але маральныя страты ад самога існаваньня Офісу АБСЭ ў Беларусі для ўладаў сталі больш значнымі».

Клысінскі: «Няма нічога канчатковага, заўсёды можна вярнуцца да пытаньня працы АБСЭ ў Беларусі. Цяпер я пакуль ня бачу пэрспэктываў для паляпшэньня дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўропай. Лукашэнка будзе вымушаны шукаць плятформу для перамоваў з Захадам. Калі адносіны паміж Менскам і Масквою пачнуць пагаршацца (а гэта так і будзе), то для беларускага кіраўніцтва Захад зноў стане патрэбным. І пытаньне аб працы Офісу АБСЭ зноў стане актуальным. Але адной гэтай саступкі Захаду будзе мала».

Карбалевіч: «Але АБСЭ — гэта ня толькі Захад. Гэтая арганізацыя ўключае ў сябе і ўсе постсавецкія краіны. Таму фармальна Менск уступае ў канфлікт і зь імі».

Фёдараў: «Не, Расея сама вельмі незадаволеная дзейнасьцю АБСЭ. Таму ў гэтым пытаньні Менск знойдзе падтрымку толькі ад Масквы».

Карбалевіч: «Магчыма, Менск хоча паўтарыць досьвед 2002 году? Тады на патрабаваньне Беларусі мандат місіі АБСЭ быў значна скарочаны. Можа, і цяпер Менск хоча скараціць мандат Офісу, выкінуць зь яго пытаньні правоў чалавека, дэмакратыі?»

Фёдараў: «Там у гэтым мандаце няма чаго скарачаць. Там і так праблема правоў чалавека не на першым месцы. Дарэчы, на гэта якраз і скардзілася апазыцыя. У беларускіх уладаў няма асаблівых падставаў, каб скардзіцца на працу Офісу АБСЭ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG