Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вызвалілі з ізалятара, але адлічылі з каледжа


4 студзеня на волю выйшлі сама менш 15 чалавек, затрыманых пасьля падзей 19 сьнежня. Тым часам у праваабаронцаў, якія адсочваюць сытуацыю з затрыманымі, пачаліся ператрусы.

Паводле валянтэра Ігара Крэбса, каля 16 гадзіны дня з Жодзінскага СІЗА вызвалілі 15 асуджаных за падзеі 19 сьнежня і акцыі салідарнасьці ў пазьнейшыя дні. У тым ліку выйшлі на волю актывіст Мікола Дземідзенка і сын кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва — Андрусь Кастусёў.

«Пасадзілі ўсіх у мікрааўтобус, далі ў суправаджэньне аўтамабіль ДАІ, адвезьлі на чыгуначную станцыю і там высадзілі. У нас было некалькі аўтамабіляў, мы хлопцаў знайшлі і зараз адвозім па дамах».

Большасьцю гэта моладзевыя актывісты, якіх асудзілі на 15 сутак за ўдзел у акцыі 20 сьнежня на плошчы Незалежнасьці. Актывісты выйшлі на плошчу з расьцяжкай «Саша, сыходзь!», якую амаль адразу парвалі амапаўцы, а ўдзельнікаў акцыі затрымалі. 21 сьнежня актывістаў меліся судзіць у Цэнтральным судзе, ужо былі вывешаныя сьпісы. Але потым працэсы прайшлі ў іншым судзе, і журналістаў на іх не пусьцілі.

Праваабаронца Алена Валынец не выключае, што пэўная колькасьць удзельнікаў мітынгу 19 сьнежня ды пазьнейшых падзеяў яшчэ можа знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Алена Валынец спасылаецца на досьвед 3 студзеня, калі чакалася вызваленьне 27 чалавек, а выйшлі на волю 45, у тым ліку тыя, каго не было ні ў якіх сьпісах. Прычым гэтых людзей вывезьлі на адмысловым транспарце праз «чорны ход»:
Здаецца, што тут такога — выпусьціць людзей празь дзьверы турмы. Не, ім трэба пазьдзекавацца.

«Тое, як гэтых людзей вызваляюць, — жахліва. Здаецца, што тут такога — выпусьціць людзей празь дзьверы турмы. Не, ім трэба пазьдзекавацца. Частку выпусьціць, частку вывезьці аўтазакамі і мікрааўтобусамі, як учора з Акрэсьціна, абы людзей ніхто не сустрэў, абы яны не пачулі словы падтрымкі».

+Ужо дакладна вядома, што на 8 дзён звыш тэрміну застаецца за кратамі актывіст Зьміцер Хведарук. Маладафронтаўца спачатку асудзілі на 10 дзён за удзел у мітынгу 19 сьнежня, а калі тэрмін скончыўся, пакінулі яго за кратамі яшчэ на 8 дзён — нібыта адбываць пакараньне за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў траўні 2008 году.

4 студзеня праходзіў ператрус у праваабаронцы зь «Вясны» Насты Лойкі. Дзяўчына ўсе мінулыя дні адсочвала сытуацыю з затрыманымі і вызваленымі, яе зьвесткамі карысталіся незалежныя журналісты. Да гэтага часу тэлефон Насты Лойкі маўчыць.

Зьявіліся пэўныя зьвесткі пра рэпрэсіі на месцах працы ці вучобы супроць тых, хто браў удзел у мітынгу 19 сьнежня. 30 сьнежня студэнт 4 курсу палітэхнічнага каледжу Ільля Васілевіч вызваліўся пасьля 10 сутак адміністрацыйнага арышту. У той жа дзень Ільлю выклікалі да дырэктара Генадзя Падгайскага. Зараз Ільлю ўжо адлічылі, фармальна за пропускі заняткаў. Юнак распавядае:

«Гэта адбылося гэтак. Мяне выклікалі да дырэктара, каб даў тлумачэньні. Я напісаў, што быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за ўдзел у мірнай акцыі, якая адбылася 19 сьнежня. Я распавёў, і тады дырэктар аддаў загад на падрыхтоўку дакумэнтаў аб маім адлічэньні. 31 сьнежня мяне азнаёмілі з загадам аб адлічэньні».

Таксама ёсьць зьвесткі пра звальненьні з працы некаторых удзельнікаў мітынгу 19 сьнежня. Людзі просяць часова не абнародаваць гэтыя зьвесткі, пакуль будуць удакладняць падрабязнасьці.
XS
SM
MD
LG