Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежных журналістаў абшукваюць, запалохваюць, пагражаюць


Улады працягваюць перасьлед журналістаў незалежных СМІ: у кватэры карэспандэнта тэлеканалу «Белсат» Алеся Баразенкі праведзены ператрус; журналістцы газэты «Наша ніва» Тацьцяне Гаўрыльчык пасьля таго, як яна адмовілася ісьці «на гутарку» у КДБ, невядомыя пагражалі фізычнай расправай. Гэтыя ды іншыя недзяржаўныя мэдыі працягваюць працаваць ва ўмовах абмежаваных магчымасьцяў.

Ператрус у кватэры журналіста тэлеканалу «Белсат» Алеся Баразенкі супрацоўнікі спэцслужбаў правялі а 6-й раніцы 4 студзеня. Адабралі кампутар і плякат «Дзе мама Колі?». Журналіста затрымалі, але празь некаторы час адпусьцілі з пагрозамі, паведаміў «Свабодзе» прадстаўнік «Белсату» Міхаіл Янчук:

Міхаіл Янчук
«Адпусьцілі без выстаўленьня абвінавачаньня, і, такім чынам, ён застаецца сьведкам аб масавых беспарадках. Але яго намагаліся напалохаць, сказаўшы, што зараз пасьля кожнай акцыі мы будзем цябе тузаць, бо ты няправільную пазыцыю займаеш. Зараз мы пачуваемся, як большасьць грамадзян гэтай краіны пасьля 19 сьнежня. Толькі што журналісты — гэтая якраз тая катэгорыя, якая найчасьцей сутыкаецца з гэтай рэчаіснасьцю, вельмі брутальнай, якая распачалася ў краіне пасьля выбараў».

Менскі офіс «Белсату» па-ранейшаму стаіць пусты. Журналісты пакінулі яго разам з тэхнікай, ратуючыся ад пасьлявыбарных ператрусаў. Зараз рэдакцыя працуе ва ўмовах падпольля.

Рэдакцыя газэты «Наша ніва», дзе былі сканфіскаваныя 12 кампутараў, працуе на тэхніцы сваіх чытачоў. Тут таксама занепакоеныя пагрозамі фізычнай расправы, якія ў ананімнай форме паступілі праз тэлефон на адрас журналісткі Тацьцяны Гаўрыльчык. Гаворыць рэдактар Андрэй Скурко:

Андрэй Скурко
«Натуральна, што гэта абуральныя факты. І тым больш дзіўна, што яны супадаюць з выклікам Тацьцяны на „гутарку“ ў КДБ, куды яна адмовілася пайсьці пасьля таго, як ёй забаранілі прыходзіць з адвакатам. Мы таксама склалі адпаведныя скаргі ў пракуратуру і КДБ па Менскай вобласьці, каб паскорыць вяртаньне тэхнікі. Бо натуральна, што адсутнасьць тэхнікі перашкаджае журналісцкай дзейнасьці і дзейнасьці рэдакцыі газэты „Наша ніва“. Але я хачу падзякаваць усім нашым чытачам, якія вельмі дапамаглі нам у гэтыя дні, якія проста пазычылі нам свае кампутары, ноўтбукі. Фактычна на іх тэхніцы мы зараз робім наступны нумар газэты».

Пасьля каляднага ператрусу і канфіскацыі тэхнікі ў абмежаваных умовах працуюць таксама журналісты «Эўрарадыё». Рэдакцыя ня ведае ня толькі, калі вернуць забраныя кампутары, дыктафоны і відэакамэры, але нават — чаму іх канфіскавалі, кажа намесьнік рэдактара Віталь Зыблюк:

«Мы працягваем працаваць, бо акрэдытацыя ў нас засталася, а тэхніку не вярнулі. Ня ведаем нават, зь якой прычыны і навошта яе канфіскавалі. Мы зьвярнуліся ў КДБ і пракуратуру і чакаем адказу. Настрой у рэдакцыі працоўны: калі ў першыя дні быў крыху засмучаны, то зараз стараемся забыцца на тое, што адбылося».

Андрэй Бастунец
Працяг перасьледу журналістаў незалежных СМІ камэнтуе юрыст грамадзкай арганізацыі БАЖ Андрэй Бастунец:

«Гэта зусім непрымальная сытуацыя: тыя ператрусы, якія зараз адбываюцца на кватэрах журналістаў, праваабаронцаў, у рэдакцыях незалежных выданьняў — яны недапушчальныя і немагчымыя ў большасьці разьвітых дэмакратычных краін. Гэта замах на таямніцу крыніцы інфармацыі і на працу СМІ, а таксама на свабоду думкі і выказваньня агулам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG