Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі намераны прасіць сустрэчы з Лукашэнкам


Былы кандыдат у прэзыдэнты сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі мае намер зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пра асабістую сустрэчу. Пра гэта ён заявіў 4 студзеня групе беларускіх і літоўскіх журналістаў, паведамляе БелаПАН.

Рымашэўскі быў затрыманы 19 сьнежня пасьля акцыі апазыцыі ў Менску. Разам з шасьцю іншымі экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Артыкул 293 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Са сьледчага ізалятара КДБ Рымашэўскага выпусьцілі ў ноч на 1 студзеня пад падпіску пра нявыезд, пасьля таго як ён напісаў тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі.

4 студзеня палітык зьбіраўся даць прэс-канферэнцыю, але вымушаны быў зьмяніць свае пляны. Рымашэўскі заявіў, што ў КДБ яго папярэдзілі: у выпадку правядзеньня прэс-канферэнцыі яго зноў зьмесьцяць пад варту.

"Калі б прэс-канферэнцыя адбылася, я б зьвярнуўся да Лукашэнкі з заклікам пра сустрэчу. Спадзяюся, што змагу сказаць усё, што я хачу сказаць, асабіста Лукашэнку", — паведаміў сёньня Рымашэўскі.

Ня трэба думаць, што нейкія рэчы ўва мне зломленыя альбо нейкіх рэчаў я баюся. Проста апроч сьмеласьці трэба мець яшчэ і розум
Ён пацьвердзіў, што напісаў тлумачальны ліст на імя Лукашэнкі. "На жаль, расказаць, пра што ён, і камэнтаваць яго я зараз не магу, бо даў падпіску пра неразгалошваньне матэрыялаў справы. Але хачу сказаць усім сваім нядобразычліўцам: "Не радуйцеся", а ўсім сваім прыхільнікам: "Не хвалюйцеся". Мая пазыцыя да 19 снежня, 19-га і пасля 19-га засталася нязменнай. І ніякія лісты, ніякія тлумачэнні, ніякія мае сведчанні не супярэчылі гэтай пазіцыі. Я гатовы несці адказнасць за свае словы і перад Богам, і перад людзьмі", — падкрэсліў палітык.

Сваёй першачарговай задачай Рымашэўскі лічыць вызваленьне ўсіх затрыманых 19 сьнежня. "Я не лічу сябе на волі, я не буду адчуваць свабодна і шчасьліва, пакуль хоць адзін з маіх калегаў знаходзіцца ў зьняволеньні. Для мяне адна з самых галоўных мэт — я памятаю пра гэта кожны дзень — зрабіць усё магчымае, каб яны выйшлі на волю", — заявіў ён.

Вось што заявіў “Свабодзе” Віталь Рымашэўскі раней сёньня.

"Хачу сказаць маім зламысьнікам — ня радуйцеся. А маім паплечнікам — не турбуйцеся. Сутнасьць маёй пазыцыі засталася нязьменнай. Якой яна была да 19-га, якой яна была 19-га, такой яна засталася і цяпер. У ніводным лісьце ці звароце, у ніводным сваім сьведчаньні ці камэнтары яна не зьмянілася. Ня трэба думаць, што нейкія рэчы ўва мне зломленыя альбо нейкіх рэчаў я баюся. Проста апроч сьмеласьці трэба мець яшчэ і розум".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG