Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваленьне экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага атрымала вялікі розгалас. Чаму ён, а не іншыя? Ці была "пакаяльная запіска", якая магла спрычыніцца да выхаду на волю? Адказы на многія пытаньні абяцала даць сёньняшняя прэс-канфэрэнцыя, аднак Віталь Рымашэўскі паведаміў, што напярэдадні яго выклікалі ў КДБ і прыгразілі санкцыямі ў выпадку, калі сустрэча з журналістамі адбудзецца.

Пра ўмовы свайго вызваленьня Віталь Рымашэўскі меўся паведаміць журналістам 4 студзеня. Аднак сустрэчу давялося адкласьці:

Віталь Рымашэўскі
"Мяне знайшлі па тэлефоне і выклікалі ў КДБ, дзе сказалі, што проста не дадуць мне правесьці прэс-канфэрэнцыю. То бок — ня тое, што будзе, калі я яе правяду, а не дадуць яе наладзіць, бо мера стрыманьня можа быць зьмененая ў той жа дзень. Таму што фактычна нічога ў маім статусе не зьмянілася, я па-ранейшаму знаходжуся ў стане абвінавачанага, і правядзеньне прэсавай канфэрэнцыі яны расцэньваюць як парушэньне падпіскі і спробу ўплыву на ход сьледзтва. Таму выбар тут невялікі, і, адпаведна, я не магу даваць ніякія камэнтары ні па 19 сьнежня, ні па маім вызваленьні… Я ня ведаю, наколькі шмат магу зрабіць у гэтых абставінах, але мае захады будуць накіраваныя на тое, каб паспрыяць вызваленьню іншых людзей".

Андрэй Дзьмітрыеў
З аналягічных прычынаў мусіў зьмяніць пляны наконт сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі і Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік выбарчага штабу Ўладзімера Някляева. Сам палітык, які выйшаў на волю напярэдадні, так да канца і не зразумеў, чаму адпусьцілі менавіта яго. Дзьмітрыеў таксама зьвязаны рознымі падпіскамі аб неразгалошваньні матэрыялаў справы і падпіскай аб нявыезьдзе.

На мноства крытычных выказваньняў, якія зьявіліся на розных форумах у зьвязку з вызваленьнем асобных палітыкаў у той час, як чатыры экс-кандыдаты ды іншыя абвінавачаныя застаюцца ў няволі, Віталь Рымашэўскі адрэагаваў так:

"Хачу сказаць маім зламысьнікам — ня радуйцеся. А маім паплечнікам — не турбуйцеся. Сутнасьць маёй пазыцыі засталася нязьменнай. Якой яна была да 19-га, якой яна была 19-га, такой яна засталася і цяпер. У ніводным лісьце ці звароце, у ніводным сваім сьведчаньні ці камэнтары яна не зьмянілася. Ня трэба думаць, што нейкія рэчы ўва мне зломленыя альбо нейкіх рэчаў я баюся. Проста апроч сьмеласьці трэба мець яшчэ і розум".

Алесь Міхалевіч
Лёс бальшыні арыштаваных, якія знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ, неакрэсьлены. Адвакаты ўпершыню пасьля новага году зьбіраюцца на гэтым тыдні наведаць сваіх падабаронных. Сустрэча Алега Агеева з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Аляксеем Міхалевічам заплянаваная на 5 студзеня:

"Увогуле сустрэчу пляную на заўтра, калі, вядома, патраплю. Прынамсі, пакуль што пляную на заўтра. Але цяжка загадваць, як будзе насамрэч".

Мікола Статкевіч
Па-ранейшаму складаная сытуацыя вакол Міколы Статкевіча. Ён 15-ты дзень галадае ў СІЗА КДБ, патрабуючы адмены вынікаў выбараў з-за масавых фальсыфікацый. Спыняць галадоўку Статкевіч намеру ня мае, таму стан яго здароўя выклікае заклапочанасьць.

Адвакатку Тацьцяну Станкевіч да палітыка дапусьцілі толькі аднойчы, калі выстаўлялі абвінавачаньне.

Уладзімер Някляеў
Мэдычная дапамога патрабуецца і Ўладзімеру Някляеву, у якога пры канцы мінулага году здарыўся гіпэртанічны крыз. Высокі ціск трымаецца дагэтуль, але кваліфікаваную дапамогу ва ўмовах сьледчага ізалятара атрымаць практычна немагчыма.

Нэрвовая сытуацыя адбіваецца і на здароўі сваякоў, якія чакаюць родных з турмы. Стала вядома, што шпіталізаваны Ўладзімер Халіп, бацька затрыманай і абвінавачанай у арганізацыі масавых беспарадкаў журналісткі Ірыны Халіп. Яму давядзецца перанесьці досыць складаную апэрацыю на вачах.

Ірына Халіп
Андрэй Саньнікаў

Гаворыць адвакат журналісткі Ўладзімер Тоўсьцік:

"Паспрабую патрапіць заўтра, як атрымаецца. Пакуль нічога ня ведаю, бо сьледчых дзеяньняў ніякіх не было, мяне не выклікалі".

Гэтаксама адклалася заплянаваная на сёньня сустрэча адваката Паўла Сапёлкі з Андрэем Саньнікавым.

Пабачыцца з падабаронным ён паспрабуе ў сераду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG