Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Washington Post: За жэстамі павінны ісьці дзеяньні супраць Лукашэнкі


Сёньняшняе выданьне The Washington Post ў рэдакцыйным артыкуле згадвае навагодняе чытаньне імёнаў больш чым 700 беларускіх зьняволеных у эфіры Радыё Свабода ды заклікае заходніх палітыкаў прыняць санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

"У навагоднія выходныя група сусьветных лідэраў прыняла ўдзел у выдатнай акцыі пратэсту супраць разгону палітычнай дэманстрацыі ў Беларусі – краіне, якую часам называюць апошняй дыктатурай Эўропы. Былыя прэзыдэнты Джордж Буш-малодшы і Вацлаў Гавэл, ды старэйшыя сябры Камітэту па замежных адносінах у Палаце прадстаўнікоў узялі ўдзел у адмысловай перадачы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Кожны з удзельнікаў прачытаў пэўную колькасьць прозьвішчаў з агульнага ліку 700 чалавек, затрыманых рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пасьля сумнеўных выбараў 19 сьнежня" – піша вядучая амэрыканская газэта

Нагадаўшы пра арышты апанэнтаў Лукашэнкі пасьля дэманстрацыі 19 сьнежня, The Washington Post піша:

Удар спадара Лукашэнкі імгненна адвярнуў тое, у чым некаторыя ўбачылі паўзучы рух у бок палітычнай лібэралізацыі і большай незалежнасьці ад Расеі, якая спрабуе зьвязаць Беларусь удзелам у новым, аўтарытарным саюзе
"Удар спадара Лукашэнкі імгненна адвярнуў тое, у чым некаторыя ўбачылі паўзучы рух у бок палітычнай лібэралізацыі і большай незалежнасьці ад Расеі, якая спрабуе зьвязаць Беларусь удзелам у новым, аўтарытарным саюзе. Удар моцна зьбянтэжыў дыпляматаў Эўразьвязу, якія прапанавалі спадару Лукашэнку 3,6 мільярда даляраў дапамогі ў абмен на сумленныя выбары. Ён таксама ўзьняў пытаньне, ці ядзерная зьдзелка, заключаная рэжымам з адміністрацыяй Абамы за два тыдні да выбараў, – у якой Беларусь падтрымала адну з запаветных мэтаў прэзыдэнта Абамы, пагадзіўшыся адмовіцца ад запасаў высокаўзбагачанага ўрану, – не была задуманая як купля талерантнага стаўленьня Вашынгтону да ўмацаваньня пазыцыі спадара Лукашэнкі".

Прыгадваючы, што адміністрацыя Абамы асудзіла разгон менскай дэманстрацыі ў супольнай заяве дзяржасакратара ЗША Хілары Клінтан і вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы Кэтрын Эштан, у якой яны папярэдзілі аб пераглядзе дачыненьняў зь Менскам, The Washington Post дадае:

"Пакуль, аднак, за гэтымі словамі не пайшлі дзеяньні, якія наклалі б матэрыяльныя санкцыі на спадара Лукашэнку і яго бандыцкіх супрацоўнікаў, хоць Польшча тут зрабіла аднабаковыя захады. Больш шырокія захады лёгка даступныя: Для пачатку, заходнія ўрады маглі б зноў ўвесьці візавыя санкцыі і замарожаньне актываў беларускіх вышэйшых службовых асобаў, якія былі зьнятыя ў 2008 годзе. Сьпіс можа было б пашырыць за кошт уключэньня службовых асобаў, датычных да арыштаў і любых будучых судовых працэсаў, ды дадаць дзяржаўныя кампаніі".

Пра акцыю чытаньня прозьвішчаў зьняволеных у эфіры беларускай службы Радыё Свабода піша і The Economist , які адзначае:

"Што рабіць з Беларусьсю, дзе дзясяткі апазыцыянэраў знаходзяцца пад вартай (некаторых зь іх ня бачылі з часу арышту), чакаючы фіктыўных абвінавачваньняў у хуліганстве? Некаторые сьвяцілы ў галіне правоў чалавека робяць сваю справу, чытаючы імёны тых, хто сядзіць у турме, у перадачы беларускай службы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Сярод іх былы прэзыдэнт Джордж Буш, чэскі і польскі міністры замежных справаў Карэл Шварцэнбэрг і Радэк Сікорскі, Вацлаў Гавэл і іншыя. Паслухайце гэтую праграму (спасылка на сайт на беларускай мове, але цяпер добры час, каб крыху падвучыцца гэтай мовы або пакарыстацца Google Translate). І падзякуйце за ўласную свабоду".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG