Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Більт: Лукашэнку і дзясяткам урадоўцаў забароняць уезд у Эўразьвяз


Карл Більт

Карл Більт

Аляксандру Лукашэнку і дзясяткам афіцыйных асобаў, адказным за рэпрэсіі пасьля выбараў, будзе забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Швэцыі Карл Більт у тэлефонным інтэрвію бэльгійскаму выданьню EUObserver.

"Мы павінны кіравацца лёгікай нашай жа палітыкі, – сказаў дыплямат. – У мінулы раз, калі больш не было палітычных зьняволеных, мы распачалі пазытыўныя крокі (адмянілі забарону на ўезд у ЭЗ шэрагу беларускіх чыноўнікаў). Зараз жа маецца значна больш палітычных зьняволеных, і тыя, хто садзейнічаў гэтаму, павінны ізноў быць у сьпісе тых, каму забаронены ўезд у ЭЗ".

Адказваючы на пытаньне, ці будзе Лукашэнка сярод тых, каго ўключаць у сьпіс, Більт сказаў: "Я знаходжу вельмі верагодным, што ён меў дачыненьне да тых дзеяньняў, якія мелі месца".

ЭЗ таксама можа скараціць лік праектаў, што рэалізуюцца пры ўдзеле беларускіх уладаў; выключыць Беларусь з сустрэчаў у межах “Усходняга партнэрства”, у тым ліку заплянаванага на травень 2011 года ў Будапэшце саміту краін - удзельніц ініцыятывы
Па дадзеных EUObserver, амбасады краінаў ЭЗ у Менску рыхтуюць сьпіс асобаў, якім будзе абмежаваны ўезд у Эўразьвяз. Крыніца ў дыпляматычных колах паведаміла выданьню, што ў папярэднюю вэрсію сьпісу ўключана ўжо больш за 100 чалавек.

Як адзначае EUObserver, некаторыя краіны ЭЗ, напрыклад Чэхія, настойвалі на правядзеньні экстранай сустрэчы міністраў замежных спраў для абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі ўжо на наступным тыдні, каб ухваліць новы сьпіс. Аднак Нямеччына і Швэцыя вырашылі пачакаць заплянаванага на 31 студзеня пасяджэньня міністраў замежных спраў.

Більт таксама адзначыў, што Эўразьвяз не абмяжуецца толькі візавымі санкцыямі. "Пытаньне важкай эканамічнай дапамогі не ўваходзіць ў парадак дня ў агляднай будучыні", – сказаў ён, адказваючы на пытаньне аб абяцанай ЭЗ Беларусі дапамогі 3 млрд. эўра.

Акрамя таго, піша EUObserver, ЭЗ таксама можа скараціць лік праектаў, што рэалізуюцца пры ўдзеле беларускіх уладаў; выключыць Беларусь з сустрэчаў у межах “Усходняга партнэрства”, у тым ліку заплянаванага на травень 2011 года ў Будапэшце саміту краін - удзельніц ініцыятывы. У той жа час ЭЗ можа павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку фінансаваньне Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэта ў Вільні, і заклікаць краіны - члены ЭЗ у аднабаковым парадку зьнізіць кошт візаў для маладых беларусаў, студэнтаў, выкладчыкаў і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый.

Амбасады краінаў ЭЗ у Менску рыхтуюць сьпіс асобаў, якім будзе абмежаваны ўезд у Эўразьвяз
Па дадзеных выданьня, экспэрты таксама рэкамэндуюць ЭЗ ўвесьці кропкавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх кампаній "Белтэхэкспарт" і "Белзьнешпрамсэрвіс", якія афіцыйна ўпаўнаважаныя на экспарт узбраеньняў. "Прыбытак ад гэтага, як кажуць, паступае непасрэдна на асабістыя банкаўскія рахункі намэнклятуры", - падкрэсьлівае EUObserver.

Выданьне таксама мяркуе, што ЭЗ наўрад ці пойдзе на поўнае непрызнаньне вынікаў выбараў у Беларусі, баючыся, што татальная ізаляцыя Беларусі прывядзе да ўзмацненьня ўплыву Крамля на краіну, паведамляе БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG