Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістцы «Нашай Нівы» пагражаюць зьбіцьцём


Увечары 3 студзеня на хатні нумар відэаапэратаркі «Нашай нівы» Тацьцяны Гаўрыльчык патэлефанаваў незнаёмы і выказаў пагрозу: «Будете иметь бледный вид и редкие зубы».

Падчас пратэстаў 19 студзеня Тацьцяна Гаўрыльчык здымала на відэа акцыю пратэсту ў якасьці штатнай журналісткі афіцыйна зарэгістраванага выданьня. Праз тыдзень пасьля гэтага прайшоў шэраг ператрусаў у рэдакцыях незалежных СМІ (уключна з «Нашай Нівай») і кватэрах журналістаў. КДБ шукала найперш фота- і відэаматэрыялы, якія могуць зьяўляцца доказамі ў заведзеных крымінальных справах аб масавых беспарадках у Менску і аб эпізодзе з зрываньнем дзяржаўнага сьцяга з будынка КДБ.

31 сьнежня чатыры супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэры ў Тацьцяны Гаўрыльчык, сканфіскавалі кампутар і відэакамэру. Падчас ператрусу кадэбісты вусна прапанавалі Тацьцяне прыехаць да іх на гутарку 3 студзеня.

На гутарку Тацьцяна прыйшла — але не адна, а з адвакатам. У КДБ пачалі настойваць на тым, каб гутарка праводзілася без прысутнасьці адваката. Акрамя гэтага Тацьцяне паведамілі, што яна не зьяўляецца ні сьведкай ні падазраванай, а гутарка — цалкам нефармальная, з мэтай дапамагчы сьледзтву.

Супрацоўнік КДБ намякнуў на тое, што ў тым выпадку, калі Тацьцяна пагодзіцца на размову без адваката, яна — і ўся рэдакцыя «Нашай Нівы» — у больш хуткі тэрмін атрымае назад сваё абсталяваньне. Тым ня менш, Тацьцяна размаўляць без адваката адмовілася.

Увечары гэтага ж дня, прыкладна празь дзьве гадзіны пасьля таго, як КДБ адмовілася правесьці размову з Тацьцянай у прысутнасьці адваката, яна атрымала ананімнае тэлефанаваньне з пагрозамі.

Невядомы паўтарыў пагрозу двойчы, пасля чаго журналістка кінула слухаўку. Як піша «Наша ніва», афіцыйная скарга ў міліцыю пра факт пагрозаў журналістцы выданьня будзе скіраваная неадкладна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG