Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр апэратар Уладзімер Бабарыка, адзін з аўтараў "Плошчы"


Уладзімер Бабарыка

Уладзімер Бабарыка

Разьвітаньне зь відэаапэратарам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Уладзімерам Бабарыкам пройдзе 4 студзеня ў рытуальнай залі крэматорыю на Паўночных могілках.

Уладзімер Бабарыка памёр раніцай 3 студзеня ў 6-й клінічнай бальніцы Менску. Па словах яго сястры Тацьцяны, мэдыкі назвалі прычынай яго сьмерці ішэмічную хваробу сэрца, вострую каранарную недастатковасьць, артэрыяльную гіпэртэнзію. Яму было 53 гады.

Уладзімер Бабарыка быў тэлежурналістам і відэаапэратарам, здымаў дакумэнтальныя фільмы ў Беларусі і за мяжой. Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у творчым аб’яднаньні «Тэлефільм», літоўскай тэлестудыі «Аб’ектывас», у беларускім прадстаўніцтве інфармацыйнага агенцтва «Ройтэрз». Здымаў спэцыяльныя рэпартажы для тэлекампаній НТВ, ТСН, ТВ-6, «Вести РТР», VISNEWS, NBC, BBC, CBS, SAT1, ZDF, SkyNews і іншых.

З 2008 году — відэаапэратар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Аўтар дакумэнтальнага цыклю «Герой ня нашага часу». Бабарыка быў у ліку першых ляўрэатаў прэміі імя Зьмітра Завадзкага.

Пра Ўладзімера Бабарыку гаворыць рэжысэр Юры Хашчавацкі.

“Валодзю Бабарыку я ведаю вельмі даўно, напэўна з першых ягоных крокаў у прафэсіі. Мы тады працавалі ў рэкляме, і я зьвярнуў увагу на гэтага хлопчыка, які прыйшоў і здымаў для нас, для мяне і Аркадзя Рудэрмана. Я памятаю ягонае трапяткое стаўленьне да ідэі рэжысэра.
Гэта быў чалавек, якіх мы называем пэрфэкцыяністамі ў працы. Ён вельмі добра працаваў. Ён практычна нікому не адмаўляў, усім імкнуўся дапамагчы. Гэта быў цудоўны чалавек.

Ведаеце, таўстуны, яны заўсёды ўспрымаюцца добрымі. Такім як раз і быў Валодзя. Вельмі шкада, што ён сышоў, што мы страцілі такога хлопца цудоўнага, прафэсіянала. Я зь ім шмат працаваў, ягоных кадраў вельмі шмат у “Звычайным прэзыдэнце”, у “Плошчы".

Апэратары сыходзяць, а ад іх застаецца вельмі шмат. Праўда, не заўсёды згадваюць, хто зьняў гэты кадар, але кадар застаўся. Значыць. сваё у жыцьці зрабіў, каб у будучыні некалькі людзі бачылі, як мы жылі. Адным з такіх людзей і быў Валодзя”.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG