Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не заплаціў за ўтрыманьне на «сутках» — адключылі тэлефон


Валеры Раманенка

Валеры Раманенка

Віцебскаму актывісту Валеру Раманенку адключылі мабільную сувязь (МТС) паводле распараджэньня Першамайскага РАУС. Тэлефонныя рахункі арыштаваныя, бо актывіст не заплаціў штраф памерам 350 тысяч за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і яшчэ 62 тысячы — за ўтрыманьне на «сутках».

Пад арышт на 5 сутак Валеры Раманенка трапіў амаль год таму — 15 студзеня 2010 году, калі яго затрымалі каля пад’езду дома, у якім ён жыве. У хлопца знайшлі 4 бел-чырвона-белыя сьцягі, якія віцебская моладзь меркавала выкарыстаць 16-га, на агульнабеларускі Дзень салідарнасьці. На Валера Раманенку склалі пратакол, нібыта ён знаходзіўся ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане.

Актывіста адразу завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён мусіў правесьці два выходныя дні да суду, а потым судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна прысудзіла хлопцу яшчэ трое сутак арышту. На знак пратэсту супраць несправядлівага абвінавачаньня Валеры Раманенка вырашыў не аплочваць выдаткі па ўтрыманьні на «сутках».

Штраф памерам 350 тысяч рублёў Валеру Раманенку быў прысуджаны яшчэ ў 2009 годзе, калі 27 ліпеня разам зь іншымі актывістамі ён зладзіў акцыю зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ў райцэнтры Гарадок.

Валеру Раманенку паведамілі, што сувязь па заблякаваных тэлефонных нумарах будзе адноўлена, калі ён прынясе квітанцыю або даведку зь міліцыі пра тое, што разьлічыўся з усімі запазычанасьцямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG