Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьні Акрэсьціна: «У краіне ўсё грунтуецца на хлусьні і запалохваньні»


3 студзеня выйшлі на волю звыш 100 вязьняў ізалятараў на Акрэсьціна, Скарыны, а таксама Жодзінскага СІЗА, якія атрымалі за ўдзел у мітынгу найбольшае пакараньне — 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Што кажуць былыя вязьні пра сваё затрыманьне, суды і ўмовы адбыцьця пакараньня?




3 студзеня ў менскага студэнта Арцёма меўся быць экзамэн. «Праляцеў», — жартуе юнак, толькі выйшаўшы з ізалятара на Акрэсьціна, дзе давялося прабыць 15 сутак. Арцёму 18 гадоў. Ён кажа, што сьвядома ішоў на плошчу, каб пратэставаць супроць фальсыфікацыі выбараў і становішча ў краіне, якое яго ніяк не задавальняе:

«З уладай, што яна робіць, я цалкам нязгодны. У нас усё грунтуецца на хлусьні і запалохваньні. Як так жыць далей? Трэба неяк ісьці наперад, а мы назад. Мы ўжо адкаціліся гадоў на 16 назад».

Арцём мяркуе, што з інстытуту яго адлічаць. Не выключае звальненьня з працы і Павал, выкладчык. Павал ня згодны са сваім затрыманьнем і асуджэньнем:

«Затрымаў мяне спэцназ без аніякага нагадваньня пра правы і абавязкі, потым судзілі на падставе паказаньняў нібыта сьведак. Яшчэ з ізалятара накіраваў скаргі на затрыманьне і рашэньне суду ў пракуратуру і міліцыю».

Леаніда Чакіна затрымалі на плошчы, куды ён прыйшоў сьвядома, каб пратэставаць супроць вынікаў выбараў. У тым, што выбары сфальшаваныя, Леанід ня мае сумненьняў:

«Чалавек, які мае хоць 3 клясы адукацыі, можа сам падлічыць: колькі было сабрана подпісаў за кожнага кандыдата і колькі адзін потым нібыта атрымаў. Таму і перакананы, што выбары сфальшаваныя».

Сяржук Мацкойць трымаў у ізалятары галадоўку разам з сукамэрнікамі. Вынікам галадоўкі стала тое, што вязьняў двойчы вадзілі ў душ, чаго раней ніколі не было, кажа Сяржук, які не аднойчы адбываў пакараньні за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Мацкойць згадвае пра затрыманьне і пра падзеі, якія гэтаму папярэднічалі:

«Затрымлівалі нас вельмі жорстка, калі мы стаялі ў жывым калідоры, які стварылі, каб прапусьціць кандыдатаў у прэзыдэнты на перамовы ў Цэнтравыбаркам. Дарэчы, гэты напад на будынак быў правакацыяй. Правакатары прыходзілі з драўлянымі палкамі, нават прынесьлі рыдлёўку і сякатар для ачысткі ад лёду. І потым гэтыя людзі імгненна кудысьці зьніклі. І тады пачаў дзейнічаць АМАП — вельмі жорстка. Нас у адзін аўтазак накідалі чалавек 70».

Пасьля абеду тых, хто мусіў выходзіць, вывозілі зь вязьніцы «спэцтранспартам».

Паводле праваабаронцы Насты Лойкі, былыя вязьні ўжо падалі дзясяткі скаргаў на дзеяньні міліцыі падчас затрыманьня і на парушэньні сваіх правоў у ізалятарах. У праваабарончай арганізацыі «Вясна» працягваюць збіраць зьвесткі пра падзеі 19 сьнежня і наступных дзён:

«Вельмі важна, што была створаная адмысловая анкета для тых, хто быў затрыманы. Зь яе дапамогай мы дакладна будзем ведаць агульны малюнак затрыманьняў і ў якіх умовах людзі адбывалі пакараньне».

Праваабаронцы кажуць, што пра ўсе парушэньні правоў грамадзянаў падчас падзеяў пасьля выбараў стане вядома міжнародным праваабарончым арганізацыям.

Пакуль з Акрэсьціна выходзілі людзі, якія адбылі сваё пакараньне, на іх вачох і на вачох журналістаў у ізалятар з Маскоўскага суду міліцыянты прывезьлі актывіста Паўла Юхневіча — яму суд даў 10 сутак арышту за ўдзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці. Арыштавалі Юхневіча 31 сьнежня. Такім чынам, канчатковае вызваленьне ўсіх вязьняў адкладаецца яшчэ на тыдзень.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG