Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Выкінулі прадпрымальнікаў на вуліцу, каб памяталі, што ў Беларусі жывуць"


Напярэдадні новага году Аляксандар Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 4 "Аб разьвіцьці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляваньні дзелавой актыўнасьці ". Дзевяць разьдзелаў дакумэнту ўтрымліваюць патрабаваньні да дзяржаўных органаў аб паляпшэньні ўмоў разьвіцьця дробнага бізнэсу ў Беларусі. Як гэту ініцыятыву ацэньваюць прадпрымальнікі і эканамісты.

У першых пунктах дырэктывы гаворыцца пра неабходнасьць "ствараць умовы для прадпрымальніцкай дзейнасьці, ліквідаваць залішнія адміністрацыйныя бар'еры". Салігорскі прадпрымальнік Аляксандар Цацура мае слабыя спадзяваньні, што фармальныя тэзісы будуць напоўненыя практычным зьместам:

Аляксандар Цацура
"У нас улады заўсёды заяўляюць пра ўсялякую падтрымку прадпрымальніцтву. А насамрэч усё зусім інакш. Я вунь паставіў павільён — мне два гады не даюць яго адкрыць, а людзі — больш за тысячу чалавек — без гандлёвых месцаў застаюцца. Вось так узялі — і выкінулі людзей на вуліцу, каб памяталі, што ў Беларусі жывуць. Калі гэтыя тэзісы будуць падмацаваныя чымсьці дакладна, тады гэта будзе іншая справа, а так — пустыя словы. Як і выбары. Я сам быў на ўчастку і бачыў, як нахабна бюлетэні на карысьць Лукашэнкі складвалі. Зрабілі заўвагу — "Не замінайце працаваць", і ўсё".

Абяцанай дырэктывы пра паляпшэньне ўмоў разьвіцьця бізнэсу прадпрымальнікі чакалі ад уладаў амаль год. Аднак спадзяваньні чарговым разам ня спраўдзіліся, кажа палітык і эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін
"Па-першае, дырэктыва — гэта такі нефарматны дакумэнт, што яго ўвогуле цяжка ацэньваць. Акрамя таго, там няма такіх галоўных момантаў, як прыватная ўласнасьць на зямлю, больш надзейная судовая ахова правоў уласнасьці. А бяз гэтага і ўсе іншыя кірункі ня вельмі вартыя. А па-другое, я баюся, што на этапе выкананьня шмат што каштоўнае дадаткова будзе згубленае. Таму я не ўскладаю ніякіх вялікіх надзей на гэтую дырэктыву".

Дырэктыву Аляксандра Лукашэнкі пра разьвіцьцё дзелавой актыўнасьці менскі прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка называе непаўнавартаснай і ў практычным, і ў юрыдычным дачыненьні. І вось чаму:

Алесь Таўстыка
"З майго пункту гледжаньня, юрыдычна гэты дакумэнт ніякі. Бо Лукашэнка яшчэ не прымаў прысягі, і, падпісаўшы дакумэнт, ён парушыў усё дзейнае заканадаўства і Канстытуцыю. І таму да яго ставіцца ўсур’ёз ня трэба. Па-другое, ён не апраўдаў чаканьні прадпрымальнікаў, бо там не гаворыцца пра дазвол наймаць да сябе супрацоўнікаў, нічога не гаворыцца пра арэнду. Але тамака гаворацца прыгожыя словы пра неабходнасьць гарманізацыі і прывядзеньне ўсяго да эўрапейскіх стандартаў. Прабачце, але калі мы сёньня бачым, што ў краіне адбываецца вялікая тыранія і вяртаньне на шмат крокаў назад, і спэкуляваць такімі тэрмінамі, як "гарманічныя эўрапейскія стандарты", якіх гэтак бракуе…. Словам, ня веру".

Цягам трох месяцаў з моманту падпісаньня дакумэнту ўрад мусіць распрацаваць нарматыўныя дакумэнты, неабходныя дзеля таго, каб рэалізаваць дырэктыву.
XS
SM
MD
LG