Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год у сем'ях зьняволеных


Як Новы год сустрэлі ў сям'ях людзей, якія зараз знаходзяцца ў "амэрыканцы"? Ці адзначалі сьвята ў сьледчых ізалятарах?

У сям'і бацькоў Ірыны Халіп, Люцыны і Ўладзімера Халіпаў, зараз знаходзіцца трохгадовы ўнук Даніла, і пакінуць дзіця бязь сьвята бабуля зь дзядулем не маглі. Распавядае спадар Уладзімер:

"Мы ўпрыгожылі ёлачку для малога, да нас прыйшоў дзіўны Дзед Мароз Зюзя, беларускі (у асобе Валера Мазынскага і маці Вячаслава Сіўчыка, якая бабулю Зіму ўяўляла сабой). Хлопчык быў вельмі ўсьцешаны гэтым. Вось і ўсё... А астатняе... Ну, як мы можам адзначаць сьвята, калі нашы родныя ў такой пакуце?"

Жонцы Ўладзімера Някляева Вользе таксама нярадасна:
Я дачакалася 12-й гадзіны, выпіла за здароўе мужа ...

"Я са знаёмымі дома адзначала. Ніякага, канечне, настрою не было. Выпілі за здароўе Ўладзімера Пракопавіча, і ўсё. Мы не глядзелі ні тэлевізар, нічога... Я дачакалася 12-й гадзіны, выпіла за здароўе мужа і праз паўгадзіны пайшла спаць..."

Мілана, жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксея Міхалевіча, распавяла, што перад самым Новым годам вярнулася яе маці, якая была разам з 10-гадовай унучкай у ад'езьдзе. 31 сьнежня пасьля абеду ім патэлефанавалі супрацоўнікі КДБ і паведамілі, што маюць намер тэрмінова правесьці ператрус у кватэры маці.

Распавядае Мілана Міхалевіч:

Яны нам далі час на выбар: альбо яны будуць праз пару хвілін, альбо першага а пятай раніцы

...

"Яны нам далі час на выбар: альбо яны будуць праз пару хвілін, альбо (калі мама папрасіла прыйсьці хаця б заўтра, 1-га) — яны сказалі: "Добра, першага а пятай раніцы". Мама пагадзілася на першы варыянт, і яны паехалі гэтай цікавай справай займацца".

І ўсё ж родныя Алеся Міхалевіча пасьпелі ўпрыгожыць ёлку, накрыць сьвяточны стол:

"Новы год мы сустрэлі ў маіх бацькоў. Дачка Леся спачатку не хацела сустракаць, сказала, што Новы год бяз таты — гэта ня сьвята. Пасьля мы яе неяк разварушылі. Сказалі: калі нехта хоча, каб дзіця плакала ў сьвята, ня трэба яму рабіць такое задавальненьне".

У ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну пасьля Плошчы сядзелі толькі дзяўчаты. Спачатку іх было каля 80, а ў навагоднюю ноч засталося 12 — тыя, хто атрымаў па 13—15 сутак. Як распавяла прэс-сакратар кампаніі "Гавары праўду" Юлія Рымашэўская, засмучала толькі тое, што родныя і сваякі вельмі перажываюць за арыштаваных:
Жывыя кветкі ў нас былі. Праўда, вазу зрабілі з туалетнай паперы...

"Нам пашанцавала на абсалютна добрыя, чалавечыя адносіны аховы, якая працавала менавіта ў навагоднюю ноч. Перадачы нас парадавалі: нам перадалі нават курыцу, якую ахова разагрэла ў мікрахвалёўцы. Фольгу нам перадалі, якой мы ўпрыгожылі стол. Жывыя кветкі ў нас былі. Праўда, вазу зрабілі з туалетнай паперы, але, урэшце, гэта выглядала на дызайнэрскае рашэньне. Шампанскага не хапала і сьвечак. А ўсё астатняе, у сэнсе — сьвяточная атмасфэра, дыскусіі на самыя розныя тэмы — гэта ўсё было, вельмі сьвяточна і па-навагодняму".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG