Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысу Хамайду не далі стаяць пад сьцягам


Барыс Хамайда
Барыс Хамайда
Апазыцыянэра забралі ў Чыгуначны РАУС Віцебску, ледзьве толькі ён пасьпеў разгарнуць бел-чырвона-белы сьцяг, выйшаўшы да так званага "сіняга дома" — дома № 28 па вуліцы Леніна.

Затрымлівалі Барыса Хамайду міліцыянты, якія сядзелі ў машыне за 20 мэтраў ад месца падзей. Яны чакалі сыгналу ад чалавека ў цывільным, які назіраў за апазыцыянэрам, стоячы на бліжэйшым транспартным прыпынку. Як толькі спадар Хамайда расклаў незалежныя выданьні, якія ён распаўсюджвае, і замест бел-чырвона-белага парасона, пад якім стаяў раней, разгарнуў нацыянальны сьцяг, невядомы ў цывільным кудысь патэлефанаваў. А потым падышоў да апазыцыянэра, сказаўшы, каб той зьбіраўся ў пастарунак. Тут жа пад’ехала і міліцэйская машына.

Барыс Хамайда пасьпеў абвясьціць для Радыё Свабода, што распачынае бестэрміновую акцыю "2011 год — год нацыянальнага сьцяга". Апазыцыянэр патлумачыў: "2011 год — гэта юбілейны год для нашай краіны: 20-годзьдзе беларускай незалежнасьці. Незалежную краіну немагчыма ўявіць безь беларускага нацыянальнага сьцяга. Бо незалежнасьць пачыналася з таго, што бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" былі прызнаныя дзяржаўнымі. Калі мяне пачнуць за гэта перасьледаваць, то будзе зразумела, што беларускія ўлады супраць незалежнасьці нашай краіны!"

Віцебскі апазыцыянэр плянаваў распаўсюджваць незалежную прэсу пад бел-чырвона-белым сьцягам штодня. Але ў першы ж дзень яго затрымалі, калі ад пачатку акцыі не прайшло й адной хвіліны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG