Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагодняя ноч для насельнікаў палігону цьвёрдых бытавых адкідаў "Паўночны" мала чым адрозьніваецца ад звычайных зімовых начэй. Галоўнае – не замерзнуць.

Бомж Аляксандар, ці, як ён прадставіўся, "чалавек без пашпарта", жыве на палігоне "Паўночны" ужо дзесяць гадоў. Узімку такіх, як ён, тут жыве каля дваццаці чалавек, улетку – значна больш. Палова з гэтых двух дзясяткаў жывуць тут не адзін год.

Жыве Аляксандар ва ўласнаручна пабудаванай будцы – "будзе", як называе яе гаспадар. Яна месьціцца побач з вялізным курганом са сьмецьця, што вывозіцца зь Менску на працягу многіх гадоў. "Буда" саграваецца буржуйкай, знойдзенай тут жа, на звалцы. На ёй можна прыгатаваць гарачую ежу і высушыць адзеньне. Калі дровы згараюць, у жытле робіцца амаль так жа холадна, як і на вуліцы, яно хіба што абараняе насельніка ад ветру зь мяцеліцай. Спаць можна толькі як сьлед загарнуўшыся ў груду старога адзеньня і коўдраў.

За час жыцьця Аляксандра на звалцы "буду" некалькі разоў дзеля забаўкі падпальвалі падлеткі.

На сьметніку Аляксандар займаецца нарыхтоўкай адходаў, за якімі прыяжджаюць зь Менску скупшчыкі. Так, шклабой яны прымаюць па 100 рублёў за кіляграм, макулатуру – па 150 рублёў. Замест грошай могуць прывезьці прадукты харчаваньня і сьпіртное.

Па словах Аляксандра, сваім жыцьцём ён задаволены, паколькі адчувае сябе вольным і нікому не абавязанай. "Там (у грамадзтве – БелаПАН.) ад зарплаты да зарплаты жыві, хочаш – не хочаш, уставай на працу, а тут – чалавек, які ні за што не адказвае. Устаў, пайшоў – паесьці. Прыйшоў – выпіў. Вось усё шчасьце", – разважае Аляксандр.

Што пажадаў бы ён суайчыньнікам у Новым годзе? "Па-першае, не патрапіць сюды, ну і, вядома, шчасьця і здароўя", – кажа Аляксандар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG