Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 студзеня Беларусь не плаціць мыта за расейскую нафту


З 1 студзеня Беларусь можа закупляць расейскую нафту і нафтапрадукты бяз выплаты мыта.

Гэта прадугледжана двухбаковым міжурадавым пагадненьнем аб размеркаваньні экспартных мытаў, падпісаным у Маскве 9 сьнежня мінулага году, паведамляе БелаПАН.

У абмен на бязмытныя пастаўкі нафты беларускі бок павінен пералічваць у бюджэт Расейскай Фэдэрацыі ўвесь аб'ём экспартнага мыта на нафтапрадукты, якія вывозяцца зь яе тэрыторыі за межы Мытнага саюзу Беларусі, Казахстана і Расеі. Экспартнае мыта на беларускую нафту ўласнай здабычы (а гэта прыкладна 1,7 млн. тон) будзе паступаць у бюджэт Беларусі.

За межы дзеяньня пагадненьня выведзеная нафта, якую Беларусь можа закупляць у Вэнесуэле і іншых трэціх краінах. Мыта на нафтапрадукты з гэтай нафты таксама будзе паступаць у беларускі бюджэт.

Дамова будзе дзейная цягам трох гадоў да таго часу, пакуль Беларусь, Казахстан і Расея не выпрацуюць іншы мэханізм падзелу вывазных мытных пошлін.

Што тычыцца непасрэдна памеру экспартнага мыта на нафтапрадукты, якое Беларусь будзе пералічваць у расейскі бюджэт у 2011 годзе, то для сьветлых нафтапрадуктаў стаўка складае 67% ад мыта на нафту, для цёмных –– 46,7%.

У адпаведнасьці з пастановай ураду РФ ад 27 сьнежня 2010 году новая формула разьліку экспартнага мыта на нафтапрадукты пачне дзейнічаць зь лютага.

У 2012 годзе мыта на сьветлыя нафтапрадукты складзе 64% ад нафтавай пошліны, на цёмныя –– 52,9%. З 2013 года павінна адбыцца выраўніваньне мыта на сьветлыя і цёмныя нафтапрадукты — да 60% ад мыта на нафту.
XS
SM
MD
LG