Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ заклікае Беларусь перагледзець рашэньне аб закрыцьці менскага офісу


Міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, які заступае на пасаду дзейнага старшыні Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ), заклікаў урад Беларусі перагледзець рашэньне не працягваць мандат офіса АБСЭ ў Менску. Заяву Ажубаліса сёньня апублікаваў сайт літоўскага зьнешнепалітычнага ведамства, паведамляе БелаПАН.

Ажубаліс выказаў "глыбокае шкадаваньне" з прычыны непрацягненьня мандата офіса АБСЭ ў Менску беларускімі ўладамі. "Гэта тым больш расчароўвае ў сьвятле абавязаньняў, узятых на сябе кіраўнікамі дзяржавы і ўрада на саміце АБСЭ ў Астане", — гаворыцца ў заяве.

Паводле слоў дыплямата, з 1998 году офіс АБСЭ ў Менску аказваў цэнную падтрымку тым намаганьням ураду Беалрусі, якія мелі на мэце інстытуцыянальнае будаўніцтва, вяршэнства закона і развіцьцё адносін з грамадзянскай супольнасцю ў адпаведнасьці з прынцыпамі і абавязаньянмі АБСЭ, а таксама на распрацоўку мер у эканамічнай і экалягічнай сфэрах. "Мандат офіса не быў выкананы, — падкрэсьліў Ажубаліс. — Ёсць важная праца для працягу дзейнасьці АБСЭ ў Беларусі".

Ажубаліс заклікаў беларускія ўлады перагледзець сваю пазыцыю такім чынам, каб АБСЭ змагла захаваць сваю прысутнасць у Мінску.

Тэрмін мандата офіса АБСЭ ў Менску, які працягваўся штогод, мінае 31 сьнежня 2010 году. У гэты дзень беларускі бок прыняў рашэньне не працягваць мандат.
XS
SM
MD
LG