Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінгерыс: закрыцьцё офіса АБСЭ ў Менску гэта помста за аб'ектыўнасьць


Закрыцьцё офіса АБСЭ ў Менску гэта помста за аб'ектыўныя высновы гэтай арганізацыі па выніках прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Так пракамэнтаваў рашэньне беларускіх уладаў аб непадаўжэньні мандата офіса АБСЭ ў Менску старшыня Камітэта сэйма Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс, перадае DELFI.

Гэтае рашэньне афіцыйнага Менску зьяўляецца яшчэ адным "крокам у бок ад дэмакратызацыі беларускага грамадзтва да закрытасьці".

"Літва, да якой праз некалькі гадзін пераходзяць паўнамоцтвы па старшынстве ў АБСЭ, пастараецца зрабіць усё, каб офіс з 40-ка чалавек затрымаўся ў Менску як мага даўжэй", - адзначыў спадар Зінгерыс.

Аднак ён прызнаў, што рашэньне пра непадаўжэньні мандата "зьяўляецца вялікім выклікам" для Літвы, якая ўзначаліць АБСЭ, а ўлады Беларусі хочуць, каб супрацоўнікі офіса пакінулі краіну як мага хутчэй.

Паводле Зінгерыса, апошнія падзеі ў Менску і гісторыя з офісам АБСЭ дэманструюць, "якую цану трэба заплаціць за тую палітыку, якая праводзілася ў ЭЗ адносна рэжыму Лукашэнкі".

Палітык лічыць, што Літва павінна ў аднабаковым парадку адмяніць плату за візы для грамадзянаў Беларусі, а ЭЗ павінен адклікаць мараторый на прымяненьне санкцый у дачыненьні да прадстаўнікоў уладаў Беларусі на чале з Лукашэнкам. А таксама пашырыць сьпіс неўязных, уключыўшы ў яго тых, хто датычны да рэпрэсій супраць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG