Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Independent: Хто будзе змагацца з апошнім дыктатарам Эўропы?


Артыкул пад такой назвай зьмешчаны ў брытанскай "The Independent". Яго аўтар Джон Кампфнэр, кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Індэкс цэнзуры", аналізуе палітыку сваёй краіны і ЭЗ у дачыненьні да Беларусі і робіць выснову, што цяпер эўрапейцам даводзіцца расплачвацца за сваю “realpolitik”.

Як адзначае Джон Кампфнэр, на наступную раніцу пасьля таго, як у апошняй дыктатуры Эўропы былі сфальсыфікаваныя выбары, а бандыты з КДБ зьбілі і арыштавалі кандыдатаў на прэзыдэнта, на сайце МЗС Вялікабрытаніі былі разьмешчаныя паведамленьні ў сувязі са сьмерцю карэспандэнта ВВС Брайна Ханрахана і пагаршэньнем надвор'я.

Без сумневу, піша выданьне, Ханрахан быў выдатным журналістам і выдатным чалавекам, а сьнег можа выклікаць хаос у няшчасных брытанскіх аэрапортах. Але той факт, што гэтым дзьвюм тэмам было нададзена больш увагі, чым бандытызму ў краіне-суседцы ЭЗ, сьведчыць пра сапраўдныя прыярытэты брытанскай зьнешняй палітыкі.
ЭЗ цягам апошняга часу спрабаваў уціхамірыць Лукашэнку прапановай аб гандлёвых зьдзелках у абмен на лібэралізацыю палітыкі. Гэта магло спрацаваць, але не спрацавала ...

Праз 48 гадзін кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Уільям Хэйг нарэшце здолеў выказаць сваю “надзвычай сур'ёзную заклапочанасьць”. МЗС, аднак, нічога не сказаў пра сфальсыфікаваныя выбары, нягледзячы нават на тое, што назіральнікі АБСЭ заявілі, што сытуацыя з празрыстасьцю вынікаў на палове выбарчых участкаў у Беларусі была “кепскай” або “вельмі кепскай”.

Аўтар артыкулу прапануе чытачам параўнаць гэта з тымі словамі Хэйга, якія ён сказаў у 2006 годзе, калі прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка скраў перамогу на выбарах. Зьяўляючыся на той час міністрам замежных спраў у ценявым кабінэце, ён абвясьціў падтрымку народу Беларусі і адзначыў неабходнасьць “заняць жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да ўраду, які ставіць пад сумнеў сваю легітымнасьць”. “І самы час і іншым эўрапейскім ўрадам заявіць тое ж самае”, заявіў тады Хэйг.

Паводле "The Independent", яшчэ ніколі аўтарытарным рэжымам не жылося так добра. Ідэя прасоўваньня дэмакратыі ўжо сканала. Хаця і нельга казаць, што яна насамрэч працавала ў якасьці суцэльнай філязофіі.

Аўтар артыкулу называе наступныя прычыны. У тым, што Захад страціў свой колішні ўплыў і давер у сьвеце, ёсьць, як ён лічыць, пэўная “заслуга” Тоні Блэра і Джорджа Буша. Да ўсяго іншага апошнім часам зьявіліся дакумэнты пра тое, што Вашынгтон і Лёндан заахвочвалі ў Іраку праявы цярпімасьці да катаваньняў, сакрэтныя палёты і іншыя парушэньні міжнароднага заканадаўства.

Па-другое, на непапулярнасьць ідэі прасоўваньня дэмакратыі паўплывалі эканамічны ўздым Кітаю і нечаканае аднаўленьне ў Расеі. Адкрытае заахвочваньне Кітаем выгадных зьдзелак для краін, якія зачынялі вочы на парушэньні правоў чалавека, спарадзіла пэўныя правілы гульні. Цяпер, калі ўсясьветныя лідэры прыяжджаюць у Пэкін, яны дыстанцуюцца ад скаргаў у сувязі з турэмнымі пакараньнямі дысыдэнтаў. Што да Крамля, то ён усё больш дэманструе моц расейскай палітычнай і бізнэс-эліты ды службаў бясьпекі. Новы прысуд на гэтым тыдні Міхаілу Хадаркоўскаму – алігарху, які ня стаў гуляць паводле правілаў зьявіўся яскравым напамінам пра гегемонію варыянту дзяржаўнай улады XXI стагодзьдзя.
Адрозна ад Украіны і іншых былых савецкіх краін, беларускі флірт з дэмакратыяй было павярхоўным ...

Як піша "The Independent", пасьля міністра Робіна Кука правы чалавека ўжо не зьяўляюцца стрыжнем брытанскай зьнешняй палітыцы. У новым стагодзьдзі гэты акцэнт напачатку быў размыты, а потым увогуле забыты.

Але ж Беларусь – гэта не якая-небудзь далёкая малавядомая краіна, якая нікога не хвалюе, падкрэсьлівае выданьне. Заціснутая паміж Польшчай і Расеяй, краіна панесла сур'ёзныя страты ў гады Другой усясьветнай вайны. Яна прыняла на сябе ўзьдзеяньне радыеактыўнага атручваньня пасьля Чарнобыльскай аварыі ў суседняй Украіне. Адрозна ад Украіны і іншых былых савецкіх краін, беларускі флірт з дэмакратыяй быў павярхоўным. Адрозна ад Расеі, яе службы бясьпекі не адчувалі неабходнасьці пазбавіцца ад абрэвіятуры КДБ.


Разам з КДБ, якое ўсё больш выходзіць на першы плян, Лукашэнка за апошнія два тыдні распачаў наступ, вельмі жорсткі нават паводле яго ўласных стандартаў.

Як адзначае аўтар артыкулу, кожны дзень зь Менску паступаюць паведамленьні аб гвалце і запалохваньні.

“І які адказ? Урады застаюцца безудзельнымі. Немцы, прынамсі, запрасілі на размову беларускага амбасадара ў Бэрліне. Яны, а таксама палякі, чэхі і швэды болей за астатніх робяць гучныя заявы. ЭЗ цягам апошняга часу спрабаваў уціхамірыць Лукашэнку прапановай аб гандлёвых зьдзелках у абмен на лібэралізацыю палітыкі. Гэта магло спрацаваць, але не спрацавала. Замест гэтага Пуцін, які крытычна выказваўся аб беларускім дыктатары, цяпер падтрымлівае яго, пасылаючы яму танную нафту ў абмен на вернасьць Маскве”, піша Джон Кампфнэр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG