Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва адрэагуе на рост палітычнай сьвядомасьці жыхароў Беларусі


Міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс паведаміў, што Літва абяцае праявіць ініцыятыву, каб грамадзяне Беларусі атрымлівалі нацыянальныя візы Літвы бясплатна, альбо за сымбалічную цану.

На гэтым тыдні літоўскі бок прапанаваў беларускім чыноўнікам правесьці перамовы з гэтай нагоды. Аднак згодна з дзейным заканадаўствам, Літва ня можа аднабакова прымаць такія хуткія рашэньні ў адрозьненьне ад Польшчы.

"Нашы супрацоўнікі падчас сустрэчы з прадстаўнікамі амбасады Беларусі прапанавалі адмовіцца ад платы за нацыянальныя візы на двухбаковай аснове", - адзначыў міністар у інтэрвію BNS.

Ён таксама паведаміў, што зьбіраецца ініцыяваць папраўкі да закона, каб у будучыні кіраўнік МЗС мог бы прымаць рашэньні прасьцей. Гэта дазволіць больш гнутка рэагаваць на сытуацыю.

Паводле міністра, палітычная сьвядомасьць жыхароў Беларусі ўзрасла, таму Літва можа дапамагчы стымуляваць яе рост яшчэ больш, адчыняючы беларусам дзьверы ў Эўропу.

У гэтым выпадку гаворка ідзе аб магчымасьці не спаганяць плату за доўгатэрміновыя нацыянальныя візы, якія таксама называюцца візамі катэгорыі "Д". Яны выдаюцца ў тым выпадку, калі асоба жадае застацца ў краіне больш чым на тры месяцы цягам паўгода. З такой візай даецца магчымасьць знаходзіцца пэўны час у іншых краінах шэнгенскай прасторы. Цяпер такая віза каштуе 60 эўра.
XS
SM
MD
LG