Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сёньня ўранку з Гомельскага ізалятара на волю выйшаў грамадзкі актывіст Юрась Захаранка, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. За кратамі Захаранка правёў 12 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за лаянку на вуліцы а палове шостай гадзіны раніцы 19 студзеня — у асноўны дзень галасаваньня.

Гомельскія сябры й паплечнікі Захаранкі сталі зьбірацца ля ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Барысенкі недзе а 5-й гадзіне раніцы. Напярэдадні адміністрацыя паведамляла, што тэрмін адміністрацыйнага арышту ў Юрася мінае 31 сьнежня ў 5:45.

Акурат у гэты самы час на запыт дзяжурны паведаміў, што Захаранку яшчэ гадзіну таму адвезьлі ў аддзяленьне № 1 Савецкага райаддзелу міліцыі — там яго й будуць адпускаць на волю.

Дробны фарс міліцыянтаў цалкам зразумелы: камусьці надта не хацелася, каб гурт сустрэў Захаранку менавіта ля ізалятара — з кветкамі й бел-чырвона-белым сьцягам.

Сябры й паплечнікі пабачылі Захаранку ўжо дома. Пасьля галадоўкі ў ізалятары пачувае ён сябе няблага. Юрась паведаміў, што і абодва іншыя палітычныя арыштанты — Юры Клімовіч і Валер Сьляпухін — таксама ня падаюць духам:

«Бачыліся некалькі разоў. Два разы нас нават на прагулку выводзілі разам. Гулялі разам. Добра пачуваюць сябе, упэўненыя такія».



Спадар Захаранка апавёў пра абставіны свайго затрыманьня на досьвітку 19 студзеня — у асноўны дзень галасаваньня:

«Выйшаў раніцай апалове на шостую і падаўся на прыпынак грамадзкага транспарту «Завод пускавых рухавікоў». Толькі пасьпеў перайсьці па пераходзе вуліцу Барыкіна — там стаяла машына «джып», не міліцэйская, адразу параўняліся са мной амапаўцы і кажуць: «Юры Віктаравіч, бяз глупстваў. І ня трэба рэзкіх рухаў. Паедзем у аддзел». Калі селі ў машыну, запытаўся: «Я падобны на нейкага бандыта?» Яны: «Вы, Юры Віктаравіч, ведаеце, хто вы».
Калі селі ў машыну, запытаўся: «Я падобны на нейкага бандыта?» Яны: «Вы, Юры Віктаравіч, ведаеце, хто вы».


У Савецкім райаддзеле міліцыі амапаўцы сталі складаць адміністрацыйны пратакол. Захаранка запатрабаваў назваць прычыну затрыманьня.

Ахоўнікі патлумачылі, што складаюць пратакол за дробнае хуліганства. У судзе ўжо фігуравала заява «грамадзяніна Іофе». Ён, аказваецца, прачнуўся ў 4 гадзіны раніцы й гуляў на цотным баку вуліцы Барыкіна. І вось гэты самы «грамадзянін Іофе» ўбачыў мужчыну ў доўгім паліто й вязанай шапцы й чуў, як гэты мужчына гучна лаяўся. «Грамадзянін Іофе», канечне, заўвагу зрабіць не асьмеліўся. Бачыў толькі, што гэта рабілі амапаўцы, але ж «мужчына ў доўгім паліто на іх заўвагі не рэагаваў».

Вынікам адкрытай лухты і стаў 12-суткавы адміністрацыйны арышт даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.

Захаранка: «Гэта мэтанакіраваны арышт давераных асобаў, і толькі тых, якіх улады палічылі патрэбным ізаляваць. Каб мяне не затрымалі раніцай, то затрымалі б у абед. Усё адно затрымалі б. У судзе было ўжо зразумела, колькі сутак дадуць — была планка».

У ізалятар сябры перадавалі палітычным арыштантам сьвежыя газэты, таму спадар Захаранка ведае пра масавыя арышты й ператрусы у Менску й рэгіёнах: «Гэта жах што робіцца! Нейкія сталінскія часы назад вяртаюцца».

Падчас адбываньня пакараньня ў ізалятары Юрася Захаранку дапыталі супрацоўнікі КДБ — як сьведку ў крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі ў Менску:

«Пыталіся, ці ведаў я, што будуць нейкія правакацыі ў Менску, што рыхтавалася нейкая арматура, заточкі? Ці былі на гэта грошы? Ці ведаю я давераную асобу Віктара Канцавенку?»

На ўсе пытаньні, апрача апошняга, Захаранка даў адмоўны адказ, бо ніхто да пагромаў ці супраціву не рыхтаваўся. На плошчы людзі меліся патрабаваць сумленнага падліку галасоў.

Распавёў Юрась Захаранка й пра тое, чаму ні разу за 12 дзён не патэлефанаваў дадому, хаця сябры й перадалі разам з вадой і сокам тэлефонную картку:

«Паколькі я й іншыя давераныя асобы трымалі галадоўку, то гэта лічылася парушэньнем унутранага распарадку. З гэтай прычыны нам і не дазвалялі патэлефанааць сваім родным і блізкім».

31 сьнежня ў 14:20 з ізалятару пасьля адбыцьця 12-суткавага арышту на волю мусіць выйсьці Валер Сьлярухін, давераная асоба Ўладзімера Някляева. А 2 студзеня выйдзе з ізалятару й давераная асоба Віталя Рымашэўскага Юры Клімовіч, якога за падобную «лаянку» суд пакараў 15 суткамі арышту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG